- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Падарожжа па цэнтры творчасці

 

 

Яркімі фарбамі новых уражанняў, карыснай інфармацыі, крэатыўнай творчасці быў напоўнены першы суботні дзень новага навучальнага года для пяцікласнікаў Валеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Для іх гасцінна расчыніў дзверы Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

У рамках рэспубліканскага тыдня піянерыі юныя піянеры з Валеўкі азнаёміліся з экспазіцыяй гісторыка-краязнаўчага музея ЦТДіМ. Даведаліся пра цікавыя справы і жыццё піянерскіх дружын Навагрудчыны, змаглі ўбачыць піянерскую сімволіку розных гадоў, пасядзець за школьнай партай сваіх бацькоў.

Далей дзяўчынкі і хлопчыкі адправіліся ў захапляльнае “падарожжа на паветраным шары”, які зрабіў пасадку ў пакоі “Крэатыў.ru”. Тут дзеці праявілі фантазію і творчаць па вырабе паштовак, карысталіся крэсламі “Генератар ідэй” і “Ёсць ідэя!”. Дзякуючы падтрымцы таленавітых педагогаў кожны пражыў сітуацыю поспеху, а ў падарунак атрымаў фігурку савы – сімвала мудрасці, якую зрабілі для гасцей гурткоўцы цэнтра.

Наступным прыпынкам стаў цэнтр “Тры колеры бяспекі”, дзе прайшоў інтэрактыўны занятак па правілах дарожнага руху з ролевымі гульнямі. Не менш цікавымі былі прыпынкі ваўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Каляровы аловак” і ў кабінеце аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня падарожнікаў”, дзе на нашых вачах маленькія мастакі стваралі свае шэдэўры з другаснага матэрыялу.

Знаёмства з ЦТДіМ мы завяршылі наведваннем выставы творчасці гурткоўцаў, якую аднагалосна назвалі “Навагрудскі Арбат”.

Не менш захаплення ў дзетак выклікала “Лавачка жаданняў”. Кожны з іх стараўся даверыць ёй нешта патаемнае, а я як педагог загадала, каб мае выхаванцы выраслі дастойнымі людзьмі.

Вялікі дзякуй усім педагогам цэнтра і асабіста яго дырэктару, А.Р.Міклаш, за гэта свята дзяцінства. Мы да вас яшчэ не раз вернемся.

Тамара СУРАГА,
класны кіраўнік 5-га класа
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ