- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Форум моладзі

 

Актыўную моладзь з усіх раёнаў Магілёўшчыны аб’яднаў маладзёжны форум “Беларусь – гэта МЫ!”.

Старт форуму дала работа маладзёжных пляцовак, дзе былі прадстаўлены асноўныя кірункі дзейнасці Саюза моладзі. На шматлікіх платформах можна было даведацца пра развіццё студатрадаўскага, валанцёрскага руху БРСМ, паўдзельнічаць у майстар-класах і дабрачынных акцыях, азнаёміцца з інавацыйнымі праектамі рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ці прадставіць да ўдзелу ў гэтым праекце сваю ідэю. Адметна, што выказацца маладыя людзі маглі і пра стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Свае прапановы і пажаданні моладзь пакідала ў спецыяльнай скарбонцы. Акрамя таго, на ўсіх платформах кожны жадаючы мог сканаваць QR-код і прайсці на Google-форму, дзе магчыма было ўнесці прапановы і ініцыятывы па развіцці нашай краіны.

Цэнтральным мерапрыемствам форуму стаў адкрыты дыялог, удзельнікамі якога былі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Масяйкоў, старшыня Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ягор Макарэвіч, першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

– Серыя форумаў, якія стартуюць у Магілёве, накіравана на тое, каб даць моладзі магчымасць выказацца. Каб моладзь сказала: якой яна бачыць Беларусь у будучыні, якой наша краіна павінна быць і што неабходна зрабіць для гэтага. Што неабходна сёння рабіць у арганізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, што, магчыма, неабходна змяніць? Мы сёння ўсе гаворым пра перамены. Але перамены павінны ісці праз дыялог, цывілізаваным шляхам. Трэба прапаноўваць канкрэтныя ініцыятывы і спосабы іх рэалізацыі. Самыя лепшыя маладзёжныя прапановы будуць агучаны кіраўніцтву дзяржавы, – распавёў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк.

У ходзе адкрытага дыялогу былі ўзнятыя пытанні пра працу моладзі ў студэнцкіх атрадах, валанцёрскім руху, прагучалі ініцыятывы пра ўнясенне змяненняў у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У прыватнасці, гучалі прапановы пра ўнясенне дапаўненняў у закон аб дзяржаўнай сімволіцы, дазвол яе выкарыстання ў прыватнай прасторы. Агучана была і ідэя пра тое, каб зрабіць адкрытыя дыялогі больш маштабнымі, з удзелам, магчыма, і Прэзідэнта, каб у моладзі была магчымасць пачуць адказы на свае пытанні ад першых асоб дзяржавы. Удзельнікі форуму таксама разважалі пра мэтазгоднасць стварэння дзяржаўнага органа па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

Падчас канструктыўнай гутаркі былі паднятыя розныя пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь. Завяршыўся форум яркай канцэртнай праграмай “Беларусь – гэта МЫ!”. Значна, што падобныя сустрэчы моладзі ў бліжэйшы час пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ