- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Творчы настрой і крэатыў

 

Вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы разам са сваімі бацькамі прынялі ўдзел у раённым фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.

Важнае месца ў арганізацыі работы класнага кіраўніка займае работа з бацькамі вучняў. Не сакрэт, што многія мамы і таты асноўную ўвагу ўдзяляюць павышэнню паспяховасці дзяцей, а не развіццю іх творчых здольнасцей. Галоўнай умовай плённага супрацоўніцтва з’яўляецца ўсталяванне даверлівых адносін паміж педагогам і бацькамі. Важна, каб у іх узнік інтарэс да выхаваўчага працэсу. Сумесная дзейнасць класнага кіраўніка і бацькоў паспяховая толькі тады, калі ўсе настроены на ўзаемадзеянне.

У класе, дзе я з’яўляюся класным кіраўніком, бацькі даволі актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў жыцці класнага калектыва, але і ў дзейнасці ўстановы адукацыі. Яны заўсёды ахвотна адклікаюцца на прапановы паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, экскурсіях і паходах, святах, творчых конкурсах.

Не стаў выключэннем і раённы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Ужо чацвёрты год запар фестываль збірае разам на творчых і спартыўных пляцоўках сем’і, якія з задавальненнем дэманструюць свае ўменні, крэатыў, майстэрства ўзаемаразумення і ўпэўнена ідуць да сумесных рэкордаў і перамог, каб у чарговы раз пацвердзіць, што галоўны прынцып іх сямейных адносінаў: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.

У мерапрыемствах на інтэрактыўных пляцоўках фестывалю 19 верасня прынялі ўдзел і дзве сям’і нашага класа.

Сям’я Жанны Канстанцінаўны і Дзмітрыя Фёдаравіча Цяцерыных, якая выхоўвае яшчэ і малодшую дачку, праявіла свой крэатыў ў дэфіле дзіцячых калясак “Мая каляска – проста казка”. Сям’я аформіла свой экіпаж у стылі “Нацыянальны каларыт”, а яго маленькая пасажырка Аліна паўстала ў вобразе беларускай лялькі, апрануўшы нацыянальны касцюм.

На інтэрактыўнай пляцоўцы “Мой утульны 3D-дворык” сваё майстэрства прадэманстравала сям’я Алены Міхайлаўны і Сяргея Міхайлавіча Чарнуха. Сумеснымі намаганнямі бацькоў і дзяцей з падручных матэрыялаў была створана сюжэтная кампазіцыя “Дом, у якім жыве шчасце”.

Сэрцы бацькоў і дзяцей падчас правядзення фестывалю былі напоўненыя цудоўнымі эмоцыямі, якія застануцца ў памяці на доўгія гады. І можна не сумнявацца, што ўдзел у такіх мерапрыемствах сямейнага адпачынку будзе вучыць дзяцей і дарослых цаніць і беражліва захоўваць сямейныя традыцыі і каштоўнасці, мацаваць духоўную сувязь паміж пакаленнямі, а значыць, вучыць нас з павагай адносіцца да ўсяго светлага і шчырага, што пакінулі ў спадчыну нашы продкі.

Ганна ШУНДРЫК,
класны кіраўнік 4 “Б” класа
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ