- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Я гэты край Радзімаю заву…

 

Павага да свайго мінулага сабрала вучняў і настаўнікаў Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна на конкурсе “Я гэты край Радзімаю заву”, які праводзіўся ў рамках фестывалю “Вясёлкавы калейдаскоп”.

Спаборніцтва праходзіла ў намінацыях: “Нататкі юнага вандроўніка”, “Гісторыя адной вандроўкі”, “Замалёўка вандроўцы”, “Скарбы маёй сям’і”, “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, “Гісторыя з сямейнага альбома”, “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея”, “Повязь часоў” і “Крыніцы духоўнасці”.

Конкурсу папярэднічала вялікая работа па зборы матэрыялаў. Рыхтуючы іх, дзеці пашырылі веды пра культуру і традыцыі народа, умацавалі зносіны адно з адным.

Галоўны скарб нашага краю – людзi! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Пра людзей мы мяркуем па іх справах і пакінутай спадчыне. Адзін з нашых знакамітых землякоў – К.А.Хоміч, архіепіскап Канстанцін, беларускі праваслаўны дзеяч, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі (1990–2000). Пра яго расказалі васьмікласнікі ў рабоце, прадстаўленай у намінацыі “Крыніцы духоўнасці”. Акрамя таго, вучні падрыхтавалі прэзентацыю пра наведванне кафедральнага Свята-Сімяонаўскага сабора ў Брэсце, падарылі школьнаму музейнаму пакою кнігу “Жизнь в молитве и любви”, выдадзеную ў Санкт-Пецярбургу. У гэтай жа намінацыі ўдала прэзентавалі работы вучні 7, 10 і 11 класаў.

Шасцікласнікі прадставілі традыцыйныя сямейныя стравы, першакласнікі – альбом фотаздымкаў з сямейных архіваў, дзевяцікласнікі – матэрыял-падарожжа ў Мала-Плотніцкае лясніцтва.

Конкурс завяршыўся, але любоў да роднай старонкі і духоўнай спадчыны застанецца надоўга ў сэрцах удзельнікаў. Такое багацце нельга згубіць, яго трэба клапатліва берагчы, імкнуцца перадаць будучым пакаленням.

Мы ганарымся малой радзімай, любім яе і спадзяёмся, што ў сэрцах назаўсёды захаваецца гордасць, павага і любоў да нашай гасціннай зямлі.

Галіна ЗАВАДСКАЯ,
педагог-арганізатар
Бабрыкоўскай сярэдняй школы
Пінскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ