- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Маладым педагогам – усебаковая падтрымка

 

У сферы адукацыі кадры, педагогі – асноўны складнік эфектыўнай і паспяховай работы. У навучальных установах Магілёва кадравым пытанням надаецца першачарговая ўвага. Асабліва дасканала працуюць з маладымі настаўнікамі. Дапамога у іх прафесійным станаўленні – паўсюдна адна з прыярытэтных задач.

Традыцыйнымі ў горадзе сталі сустрэчы з пачынаючымі настаўнікамі. Так, форум “Малады настаўнік: ад інтарэса да поспеху” аб’яднаў звыш ста маладых спецыялістаў, якія толькі прыступілі да працы ва ўстановах адукацыі.

Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 45 абласнога цэнтра. Для пачынаючых педагогаў гэты дзень стаў насычаным на падзеі: экскурсіі, майстар-класы, адкрыты дыялог. Маладыя спецыялісты падрабязна пазнаёміліся з работай сорак пятай школы, а таксама дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8. Для іх гэта быў каштоўны вопыт, бо гэтыя навучальныя ўстановы штогод уваходзяць у лік лідараў працоўнага спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці. Маладыя настаўнікі наглядна ўбачылі, як можна ператварыць звычайны вучэбны кабінет у творчую лабараторыю ці стварыць у групе дзіцячага сада аптымальнае прадметна-развіваючае асяроддзе.

Форум працягнуўся адкрытым дыялогам. Акрамя маладых педагогаў, удзел у ім прынялі намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Здорыкава, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі горада. Напачатку гутаркі прысутных азнаёмілі з вынікамі анкетавання, у якім паўдзельнічалі маладыя спецыялісты. Як высветлілася, звыш 80 % выбралі сваю прафесію свядома, 88 % – лічаць, што ва ўстановах адукацыі, дзе яны працуюць, створаны неабходныя ўмовы для якаснага навучання і выхавання дзяцей.

– Вельмі прыемна, што большасць з вас зрабілі свой прафесійны выбар свядома, бо ў вашых руках – будучыня нашай краіны. Вы павінны разумець, што ў настаўніцкай працы галоўнае – любіць дзяцей і быць з імі сумленным. Толькі тады магчыма іх чаму-небудзь навучыць. Не менш важныя для прафесійнага поспеху працавітасць і творчасць. Будзьце актыўнымі, ініцыятыўнымі і тады будзеце атрымліваць ад працы сапраўднае задавальненне і адпаведную ацэнку, – звярнулася з прывітальным словам да маладых педагогаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Здорыкава.

– У Магілёве створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі маладых людзей. Для моладзі адчыненыя ўсе дзверы, таму стаўце перад сабой амбіцыйныя планы і рэалізуйце іх. І вучыце дзяцей так, каб яны пасля кожнага ўрока выходзілі з высокім запасам ведаў, з удзячнасцю ўспаміналі пра вас, – матывавала маладых настаўнікаў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

Падтрымцы маладых педагогаў у Магілёве сапраўды надаецца вялікая ўвага. З першых крокаў у прафесіі за маладымі спецыялістамі замацоўваецца настаўнік – вопытны педагог, які аказвае дапамогу ў канструяванні ўрока, падборы метадычнага і дыдактычнага матэрыялу, вядзенні нарматыўных дакументаў. У кожнай навучальнай установе ствараюцца аптымальныя ўмовы для паспяховай прафесійнай адаптацыі маладых спецыялістаў, іх замацавання на працоўным месцы. Акрамя таго, у горадзе функцыянуюць пяць Школ маладога настаўніка. Яны падзеленыя па профілях: натуральна-матэматычны, замежных моў, настаўнікаў-дефектолагаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, педагогаў-арганізатараў, сацыяльных педагогаў і псіхолагаў.

– Задачы, якія мы ставім перад сабой: дапамагчы маладому педагогу замацавацца на працоўным месцы, развіць свае здольнасці, дасягнуць пэўных вынікаў у працы. Але і самім маладым педагогам неабходна імкнуцца да назапашвання працоўнага вопыту, не саромецца задаваць пытані і атрымліваць на іх адказы. Для прафесійнага поспеху важна ніколі не спыняцца ў прафесійным развіцці, а таксама не забываць пра тое, што наша прафесія вельмі ўдзячная, бо мы пакідаем пэўны след у душах дзяцей, якіх навучаем і выхоўваем, – адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама І.Л.Рыбакова.

Падчас дыялогу маладыя настаўнікі маглі звярнуцца да прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй з любым пытаннем. Пачынаючых педагогаў хвалявалі сацыяльныя гарантыі, сістэма аплаты працы, бытавыя пытанні. Адметна, што многія звароты вырашаліся на месцы. 

Дарэчы, усебаковая падтрымка пачынаючых педагогаў станоўча ўплывае на іх замацаванне. Значная колькасць маладых кадраў стабільна застаюцца працаваць на сваім першым рабочым месцы, вырашыўшы звязаць з Магілёвам асабістае і прафесійнае жыццё.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ