- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вектар аказання ўсебаковай дапамогі дзецям-інвалідам

 

З мэтай павышэння эфектыўнасці між ведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі дзецям-інвалідам, паляпшэння якасці іх жыцця, сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства, своечасовага атрымання сем’ямі сацыяльных, медыцынскіх, інфармацыйных і псіхолага-педагагічных паслуг на базе аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама прайшоў круглы стол.

Удзел у ім прынялі спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама, раённага ЦКРНіР, упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, Дзятлаўскай ЦРБ, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна, прадстаўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, “Беларускі дзіцячы фонд”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася Алена Чайкоўская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Яна праінфармавала пра прававыя гарантыі дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі раёна. Падкрэсліла значнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння ў выяўленні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, аказання дапамогі такім дзецям і іх сем’ям.

– У ходзе абследавання матэрыяльна-бытавога становішча сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сутыкнуліся з тым, што ў бацькоў часам узнікаюць пытанні, якія вырашыць можна толькі разам на ўзроўні ўсіх ведамстваў, – падзялілася загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна Алена Калюцік. – Так, актуальнымі становяцца пытанні выплат матэрыяльнай дапамогі са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, забеспячэння тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. Часцей бацькам патрэбна простая ўвага і добрае слова.

Бацькі могуць звярнуцца да паслугі “сацыяльная перадышка”. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што неабходна стварыць пералік арганізацый, якія аказваюць такую паслугу, на ўзроўні ўсіх ведамстваў.

Раённы педыятр Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Чыгір паведаміла пра парадак звароту бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію.

Старшыня грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Святлана Крэйдзіч акцэнтавала ўвагу на пытаннях стварэння безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці для асоб з парушэннямі зроку. Перспектыўным кірункам у дзейнасці грамадскага аб’яднання з’яўляецца навучанне ўсіх жадаючых працы на камп’ютары з сінтэзатарам мовы, аказанне ўсебаковай практычнай дапамогі бацькам у фарміраванні навыкаў самастойнасці ў дзяцей з парушэннямі зроку. Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў інфармавалі пра магчымасць аказання фінансавай дапамогі ў набыцці лекавых сродкаў, медыцынскіх прэпаратаў і матэрыялаў для лячэння дзяцей-інвалідаў.

Станоўчы вопыту арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці дзяцей-інвалідаў прадставіла Алена Чайкоўская. Яна прапанавала звярнуцца ў міжведамасны савет па праблемах інвалідаў пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце з мэтай арганізацыі маштабнага мерапрыемства, прымеркаванага да Міжнароднага дня інваліда.

Па заканчэнні круглага стала ўсе ўдзельнікі абмяняліся інфармацыйна-асветніцкімі матэрыяламі, каб перадаць іх бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама размясціць на інтэрнет-сайтах устаноў і арганізацый.

Удзельнікамі круглага стала сфарміраваны прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнасці па аказанні комплекснай дапамогі дзецям-інвалідам і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Марына ГУГОВІЧ,
дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра
каррэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ