- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Танцам на Крыўлянцы быць!

 

Кампанія А1, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2019/2020 навучальным годзе рэалізавала праект “Першыя”. У яго рамках праходзіў агульнарэспубліканскі конкурс ідэй для навучэнцаў 9–11 класаў. У фінале конкурса – навучэнка Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Кацярына Янголь.

Конкурс праводзіўся ў чатырох кірунках: тэхналогія, культура, інклюзія і экалогія. Яго ўдзельнікам неабходна было распрацаваць ідэю праекта ў адным з гэтых накірункаў і прадставіць яго ў выглядзе публічнага выступлення ў фармаце навуковых канферэнцый TED.

Нарэшце сталі вядомыя імёны фіналістаў праекта. Арганізатары конкурсу атрымалі больш за сотню ролікаў з арыгінальнымі ідэямі і цікавымі праектамі. Журы было вельмі складана зрабіць выбар. На жаль, месцаў у фінале ўсяго 10.

Навучэнка 11 класа Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Кацярына Янголь прыняла ўдзел у конкурсе з праектам “Танцы на Крыўлянцы” і прайшла ў фінал.

Галоўная ідэя праекта – раскрыць і зберагчы хараство прыроды малой радзімы, а таксама натхніць іншых на захаванне прыроды свайго краю.

– На першым этапе мы распавядаем мясцовым жыхарам пра важнасць клопату пра наваколле, шукаем аднадумцаў. Пасля ўсе разам выйдзем на ачыстку ракі ад смецця. А напрыканцы – зладзім танцы на Крыўлянцы! – паведаміла Кацярына.

19 верасня адбылася маштабная канферэнцыя [email protected], на якой Кацярына паспяхова выступіла перад шматлікай публікай. Было усё: апладысменты, падарункі, эмоцыі, хваляванні… Уперадзе – рэалізацыя праекта.

Віншуем Кацярыну Янголь з перамогай! Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы зможам цікава адпачываць і ладзіць вольны час у родным куточку Крэўскай зямлі.

Таццяна ВАРЫЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ