- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Адзначылі юбілей “лунінецкай энцыклапедыі”

 

25-годдзе з моманту выхаду гісторыка-дакументальнай кнігі-хронікі “Памяць. Лунінецкі раён” адзінаццацікласнікі гімназіі Лунінца адзначылі сустрэчай з яе складальнікам, журналістам, краязнаўцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Т.В.Канапацкай. Мерапрыемства праходзіла ў непарыўнай сувязі з 75-годдзем Вялікай Перамогі.

Размова атрымалася рознабаковай, цікавай і пазнавальнай. Вучні пыталіся пра сакрэты творчай лабараторыі журналіста і пісьменніка, пра выбар прафесійнага шляху і работу над кнігамі. У актыве Т.В.Канапацкай – 7 паўнацэнных дадаткаў да “лунінецкай энцыклапедыі”. Назапашаны архіў размешчаны ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры аднаго з мясцовых храмаў. Гімназісты актыўна выкарыстоўваюць краязнаўчыя матэрыялы ў рабоце над даследчымі праектамі, многія з якіх паспяхова ўдзельнічаюць у абласных навукова-практычных канферэнцыях.

Т.В.Канапацкая – ініцыятар розных мерапрыемстваў. Сярод іх – гісторыка-філалагічныя чытанні імя педагога Мікалая Анцукевіча (1892–1971), літаратурна-музычны фестываль “Зорка Наталлі” ў гонар спявачкі Наталлі Мурко (1952–2011), краязнаўчая канферэнцыя “Лунінецкая памяць”, прысвечаная пісьменніку і чэкісту Мікалаю Калінковічу (1950–1990).

У гімназічнай бібліятэцы была арганізавана выстава “Напісанае застаецца”. Каменціруючы яе экспанаты, Т.В.Канапацкая адзначыла, што моладзь павінна вучыцца на памылках папярэднікаў і не паўтараць іх.

З 1995 года галоўнай тэмай даследаванняў журналіста з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Т.В.Канапацкая заклікала вучняў шанаваць памяць яе ўдзельнікаў, захоўваць гістарычную праўду і традыцыі продкаў, цаніць мір.

Т.В.Канапацкая падзялілася з гімназістамі ўражаннямі ад шматлікіх паездак па свеце. Асаблівую цікавасць у старшакласнікаў выклікалі аповеды пра ЗША і Ізраіль.

Ірына РАМАНЧУК,
бібліятэкар гімназіі Лунінца

Фота Марыны НАВАРЫЧ

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ