- Без рубрыкі

Школа – калыска пакаленняў

 

У краіне сотні школ, і ў кожнай – свая непаўторная гісторыя, свой асаблівы твар. Які ж лёс у нашай? Мы працуем у старэйшай школе Смаргоні – № 1. Яна адчыніла свае дзверы 16 лістапада 1952 года.

Гаворачы пра гісторыю, не можам не ўспомніць пра ветэранаў педагагічнай працы, пра людзей, якія аддалі ўсё самае лепшае і светлае дзецям і школе.

Першым дырэктарам школы, які сустракаў вучняў і настаўнікаў у лістападзе 1952 года, быў Раман Калістратавіч Рамановіч,былы франтавік. Пасля вайны ён скончыў гісторыка-філалагічны факультэт МДПІ імя А.М.Горкага, стаў настаўнікам гісторыі, рускай мовы і літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам завяршаліся будаўнічыя работы у нашай школе. За два з лішнім гады рабочыя ўзвялі двухпавярховы будынак. Электраэнергіі адразу не было, пакоі асвятляліся керасінавымі лямпамі. Пазней у двары ўзвялі невялікую падстанцыю і загарэліся “лямпачкі Ільіча”. У першыя гады не было спартыўнай залы, вучэбных майстэрняў, спартыўнай пляцоўкі, сталовай і бібліятэкі.

У школе працавалі настаўнікі-франтавікі. Сярод іх Васіль Рыгоравіч Навумаў, Аляксандр Мітрафанавіч Ватаеў, Міхаіл Лук’янавіч Далбешкін, Людміла Рыгораўна Габовіч, Ніна Сяргееўна Максіменка, Генадзь Захаравіч Сідаровіч, Яўген Максімавіч Яцэвіч і Мікалай Сцяпанавіч Грышко.

Гонарам школы з’яўляюцца ветэраны працы. Сярод іх двое, Станіслаў Пятровіч Мінкевіч і Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны, маюць званне “Ганаровы настаўнік Рэспублікі Беларусь”.

Званне “Выдатнік адукацыі” маюць настаўнікі Таццяна Арсеньеўна Жыгалоўская, Галіна Аляксандраўна Царык і Рэма Сяргееўна Броўка.

Мы ганарымся і былымі выпускнікамі, якія сталі вучонымі, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі і выкладаюць у ВНУ Беларусі і Расіі. Гэта вучоныя Пётр Іванавіч Александровіч, кандыдат філасофскіх навук, Леанід Уладзіміравіч Мрочка, доктар медыцынскіх навук, прафесар Франц Францавіч Андруковіч, кандыдат філасофскіх навук, Ірына Аляксандраўна Чарнякова, кандыдат гістарычных навук, Вольга Васільеўна Галота, кандыдат педагагічных навук, Людміла Рыгораўна Залеская, кандыдат гістарычных навук, Аляксандр Мікалаевіч Гопцый, кандыдат тэхнічных навук, Ала Багданаўна Жабінская, кандыдат біялагічных навук.

Хочацца адзначыць і выдатнага выпускніка нашай школы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі ЛКСМБ, вядомага ў Рэспубліцы Беларусь скульптара-графіка Уладзіміра Васільевіча Церабуна.

Доўгі час працаваў настаўнікам музыкі і спеваў у нашай школе Аляксандр Палікарпавіч Лях – лаўрэат і пераможца шматлікіх конкурсаў і фестываляў, кампазітар, хормайстр народнага ансамбля песні і танца імя М.К.Агінскага. Менавіта пад яго кіраўніцтвам школьны хор настаўнікаў і вучняў займаў першыя месцы ў конкурсах мастацкай самадзейнасці раёна. Ён з’яўляецца аўтарам музыкі гімна школы.

Наша школа славілася і славіцца многімі справамі: вучобай, пазаўрочнай выхаваўчай работай, спартыўнымі перамогамі, вынікамі алімпіяд, конкурсамі і поспехамі дзіцячых аб’яднанняў. Далёка за межамі раёна і вобласці была вядома дзейнасць старэйшай піянерскай арганізацыі пад кіраўніцтвам Ліліі Міхайлаўны Старавойтавай.

Мы ганарымся чэмпіёнамі Еўропы па дзюдо і самба Аляксандрам Вахавяком і Аляксандрам Марудавым, а таксама ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў у Афінах Аляксандрам Апанасёнкам.

Гонарам школы з’яўляецца Лілія Уладзіміраўна Трохалева – самадзейная мастачка, карціны якой выстаўляліся далёка за межамі Беларусі.

4 мая 2005 года ў школе адчыніў дзверы музейны пакой “Наш гонар”, ініцыятарам адкрыцця якога з’яўляўся на той час дырэктар школы Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі, а загадчыкам – кандыдат педагагічных навук, настаўнік гісторыі Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны. Загадчык музейнага пакоя “Наш гонар” у цяперашні час – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства В.І.Лукашэвіч.

Сучасны будынак найстарэйшай школы горада сёння цяжка пазнаць. З 2015 года мы вучымся і працуем у сучаснай камфартабельнай школе.

Сёння ў школе ёсць усё неабходнае для правядзення якасных урокаў, выхавання падрастаючага пакалення. Узначальваюць вучэбна-метадычны працэс дырэктар Аксана Анатольеўна Дунай, намеснікі дырэктара Святлана Мікалаеўна Карэнка, Ларыса Авініраўна Маркевіч, Вольга Станіславаўна Аўгусціновіч.

Шмат падзей адбылося з дня заснавання школы. Нешта забылася, але многае засталося ў памяці і стала гісторыяй. Застаюцца ў памяці і людзі, якія стваралі і ствараюць гэтую гісторыю. Шчодрыя і спагадлівыя іх сэрцы. Праз гісторыю школы мы непасрэдна датыкаемся да мінулага, вучымся разумець яго.

Марыя КУЗЬМІЧ, Марыя ГРЫНЧУК,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ