- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Віншаванні настаўнікам

 

У Магілёве адзначылі Дзень настаўніка. На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята былі запрошаны каля 600 кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі з усёй вобласці. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, рэгіянальных камітэтаў прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, ветэраны педагагічнай працы.

Бясконцым патокам гучалі ў адрас магілёўскага настаўніцтва шчырыя словы ўдзячнасці, адзначаліся заслугі і дасягненні, якіх нямала. У рэгіёне плённа працуюць над павышэннем якасці адукацыі, развіццём дзіцячых талентаў, укараненнем сучасных адукацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Сёння вобласць ганарыцца педагагічнымі калектывамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, настаўнікамі, якія ўслаўляюць рэгіянальную сістэму адукацыі на розных узроўнях.

– Магілёўшчына ганарыцца сучасным пакаленнем педагогаў. Гэта сапраўдныя таленты і прафесіяналы, якія даюць якасную і ўсебаковую адукацыю нашым дзецям. У бягучым годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўнікі Магілёўскай вобласці заваявалі 36 дыпломаў і занялі першае месца ў камандным заліку. За апошнія гады нашы навучэнцы заваявалі 9 прызавых медалёў на міжнародных алімпіядах. На цэнтралізаваным тэсціраванні сёлетнія выпускнікі атрымалі 25 максімальных вынікаў у 100 балаў. Практычнае навучанне ідзе ў нагу з тэорыяй. Сёння на высокім узроўні арганізавана работа ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пацвярджэннем таму сталі вынікі выступлення моладзі на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства WorldSkills. Навучэнцы заваявалі 21 прызавое месца і прынеслі Магілёўшчыне другое агульнакаманднае. У вобласці шмат зроблена для таго, каб сістэма адукацыі працавала стабільна, рэалізоўвала права кожнага дзіцяці на навучанне, фізічнае і духоўнае развіццё. Адна з галоўных задач выканаўчай улады – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. І мы яе паспяхова вырашаем. Прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб сфера адукацыі рэгіёну адказвала самым сучасным патрабаванням. Так будзе і надалей, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

 

Намеснік губернатара таксама падкрэсліў, што настаўнік сёння адыгрывае адну з важнейшых роляў у маральным выхаванні падрастаючага пакалення.

– У нас вельмі здольныя дзеці. Яны мэтанакіраваныя, актыўныя, адукаваныя. Сёння, калі ідзе барацьба за розумы беларусаў, вельмі важна даць нашым дзецям не толькі веды, але і выхаваць з іх сапраўдных грамадзян, сапраўдных патрыётаў сваёй радзімы, якія паважаюць традыцыі і каштоўнасці беларускага народа. Нам трэба даць ім правільныя арыенціры ў жыцці, навучыць супрацьстаяць узнікаючым выклікам, рызыкам, перш за ўсё – інфармацыйным. Моладзь павінна мець свае меркаванні, але не навязаныя дэструктыўнымі сіламі. Маладому пакаленню будаваць будучыню Беларусі. Але ўсе мы добра ведаем: нельга будаваць будучыню, забыўшыся пра мінулае і знішчыўшы цяперашняе, – канстатаваў Валерый Анатольевіч.

Як заўважыў, віншуючы педагогаў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, айчынная сістэма адукацыі характарызуецца высокай якасцю навучання, захаваннем нацыянальных традыцый, культуры, каштоўнасцей і ідэалаў беларускага народа.

– У Магілёўскай вобласці працуе вельмі многа цудоўных, таленавітых, прафесійных педагогаў. Гэта ўнікальны сплаў маладосці і вопыту. Так, сярод лаўрэатаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2020”, якіх ушаноўвалі днямі ў Мінску, ёсць і прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю. Гэта настаўнік фізічнай культуры гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін, настаўнік англійскай мовы дзіцячага сада – сярэдняй школы № 42 Магілёва Вольга Гарэлава, настаўнік біялогіі гімназіі № 1 Горак Таццяна Казлова, настаўнік геаграфіі Мяжысецскай сярэдняй школы Андрэй Трэй, настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Ірына Валуева, – адзначыў Андрэй Барысавіч.

Падчас урачыстасці лепшыя прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці атрымалі ўзнагароды за плённую працу. Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” былі адзначаны выкладчык Магілёўскай дзяржаўнай гіназіі – каледжа мастацтваў імя Я.Глебава Іван Іванавіч Кундзянок, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Магілёўскага  дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Алена Анатольеўна Лунгіс, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Бабруйска Людміла Іванаўна Рудзянкова, настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Горак Наталля Ягораўна Сергяенка. Акрамя таго, больш чым шасцідзесяці настаўнікам былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі ад Міністэрства адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Выдатным падарункам да свята для настаўніцтва стаў цудоўны канцэрт ад лепшых творчых калектываў Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ