- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Пабывалі ў ролі настаўнікаў

 

У Пелішчанскай сярэдняй школе ёсць даўняя традыцыя: праводзіць напярэдадні Дня настаўніка дзень самакіравання, ці дзень дублёра. Сёлетні год не стаў выключэннем.

Ва ўсіх класах выбіраюцца дублёры педагогаў. Умовы строгія: добрая вучоба, актыўнасць, ініцыятыўнасць. Колькі хлопчыкаў і дзяўчынак дзеля гэтага дня гатовы павысіць свае адзнакі, стаць узорамі паводзін!

Вучням 7–11 класаў давяраюць адзін прадмет (па здольнасцях), а выхаванцам педагагічнай групы – два. Далей пачынаецца карпатлівая праца па падрыхтоўцы да ўрокаў разам з настаўнікамі. Галоўная задача – навучыць дзяцей здабываць неабходную інфармацыю, разлічыць час на этапы заняткаў, пракансультаваць. Дублёры павінны засвоіць матэрыял, здолець даступна растлумачыць яго і справядліва ацаніць веды.

У дзень самакіравання школа ўпрыгожваецца шарамі і віншавальнымі паштоўкамі. Настаўнікі перадаюць свае абавязкі вучням, сустракаючы іх словамі:“Прывітанне, калегі!” “Новая адміністрацыя” не саступае ў адказным стаўленні да даручанай справы. Хтосьці ідзе на ўрок упершыню, а хтосьці – ужо ў чарговы раз.

Што адчуваюць настаўнікі-дублёры пасля праведзеных заняткаў? Спытаем у вучняў педагагічнай групы.

Ягор Замулка: “Якое шчасце – быць настаўнікам! Малодшыя вучні глядзяць на цябе ў чаканні цудаў. У чамучак столькі пытанняў, што я нават крыху разгубіўся. Вучыць іншых – вялікая і цяжкая праца!”

Таццяна Ярашук: “Пасля двух праведзеных урокаў, здаецца, магу пераадолець усё на свеце. Мяне слухалі і разумелі, са мной ладзілі дыялог і нават спрачаліся. Гэта так забаўна! Думаю, я нядрэнна справілася”.

Ксенія Жукава: “Зразумела, што настаўнік – гэта яшчэ і выхавальнік. Мала падрыхтавацца да ўрока. Трэба яшчэ прадбачыць настрой дзяцей, іх інтарэсы. Мне падабаецца весці ўрокі малявання, музыкі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры”.

Дні самакіравання адыгрываюць важную ролю ў прафарыентацыі. Адны вучні, пабываўшы ў ролі настаўнікаў, выберуць прафесію, звязаную з педагогікай, другія – убачаць, што быць настаўнікам цяжка, трэція – па-новаму паглядзяць на працу сваіх педагогаў.

Нашы намаганні недарэмныя: 13 з 23 настаўнікаў школы – яе выпускнікі.

Наталля ПЯТРЭНКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Пелішчанскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ