Арганізацыя актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння для прэзентацыі сістэмы заданняў, якія спрыяюць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў на ўроках беларускай мовы.
Ганна САЛАНКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія імя Я.Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць
Мэта: арганізацыя актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння для прэзентацыі сістэмы заданняў, якія спрыяюць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў на ўроках беларускай мовы.
Задачы:
– стварэнне ўмоў для фарміравання матывацыйнай гатоўнасці ўдзельнікаў майстар-класа да азнаямлення з сістэмай заданняў, якія садзейнічаюць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў на ўроках беларускай мовы;
– дэманстрацыя і работа над заданнямі для фарміравання ўменняў, якія развіваюць фінансавую дасведчанасць вучняў;
– стварэнне ўласнага метадычнага прадукта, які будзе садзейнічаць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў на аснове камунікатыўнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі майстар-класа.
Ход майстар-класа
1 Арганізацыйны этап
Добры дзень, дарагія сябры! Вы бачыце ў мяне ў руках паветраны шар. Аднак хачу вам сказаць, што гэта не паветраны шар, а праблема, якая стаяла, мабыць, перад кожным настаўнікам – удзельнікам інавацыйнага праекта. Якая праблема? Дзе ўзяць адпаведны матэрыял? Як яго ўключыць у канву ўрока? Ці эфектыўным ён будзе на пэўным этапе вывучэння матэрыялу?
Сучасны свет немагчымы без грошай. Аднак не кожны чалавек з упэўненасцю можа сказаць, што добра ўмее распараджацца грашыма. Скажыце, паважаныя калегі, ці можаце вы з упэўненасцю сказаць, што ўмееце добра распараджацца грашыма? Такім чынам, можна сказаць, што фінансавая адукацыя неабходна ўсім катэгорыям грамадзян. Наша задача, удзельнікаў праекта, – даць дзецям ўяўленне аб каштоўнасці грошай, закласці фундамент для далейшага развіцця навыкаў планавання бюджэту і зберажэнняў.
На жаль, у вучэбных планах не прадугледжана вывучэнне фінансаў як самастойнага прадмета ў школьным курсе. Асновы такіх ведаў дзеці могуць атрымаць на ўроках па розных прадметах, калі настаўнік прануе адпаведны дыдактычны матэрыял. Рэзервы прадмета “Беларуская мова” дазваляюць педагогу стварыць спрыяльнае асяроддзе для ўдасканалення фінансавых кампетэнцый вучняў праз выкарыстанне тэкстаў на дадзеную тэму, а таксама прымяненне гульнёвай тэхналогіі і інтэрактыўных метадаў і прыёмаў, якія мы і разгледзім сёння на майстар-класе, а таксама паспрабуем стварыць уласны метадычны прадукт, які будзе садзейнічаць развіццю фінансавай дасведчанасці. Тэма майстар-класа “Фінансавая дасведчанасць вучняў у кантэксце моўнай адукацыі”.
2 Матывацыйна-мэтавы этап
Размеркаванне ўдзельнікаў майстар-класа на групы.
Прыём “Грашовае дрэва”
(Задача прыёма – настроіць удзельнікаў на танальнасць майстар-класа, стварыць атмасферу добразычлівасці.
На дошцы размяшчаецца імітацыя грашовага дрэва. Усе банкноты ў выглядзе лісткоў. Удзельнікі падыходзяць да дошкі, адрываюць ад дрэва лісткі-банкноты, намінал якіх ім найбольш падабаецца.)
Перад вамі грашовае дрэва. Я папрашу, каб кожны прадстаўнік груп падышоў да яго і адарваў ад галінкі лісцік-банкнот (які больш падабаецца) для сябе і для сваіх калег.
У гэты ж час я хачу, каб вы звярнулі сваю ўвагу на раздатку і пазнаёміліся з прыёмам “Ліст чакання”. Выберыце задачы, якія б вы хацелі рэалізаваць на працягу майстар-класа. Нумар (нумары) запішыце на адваротным баку:
1. Прааналізаваць умовы эфектыўнага выкарыстання заданняў, якія ўплываюць на развіццё фінансавай граматнасці вучняў на ўроках мовы.
2. Вызначыць этапы прад’яўлення заданняў на развіццё фінансавай дасведчанасці.
3. Азнаёміцца з некаторымі відамі заданняў па фінансавай дасведчанасці праз іх дэманстрацыю і працу над імі.
4. Стварыць уласнае заданне, якое будзе садзейнічаць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў на аснове камунікатыўнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі майстар-класа.
3 Аперацыйна-пазнавальны этап
Прыём “Чацвёрты лішні”
Зразумела, што ўсе метады і прыёмы, якія мы выкарыстоўваем на сваіх уроках маюць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Не выключэнне і заданні, якія спрыяюць развіццю фінансавай граматнасці. Звярніцеся, калі ласка, да прыёма “Чацвёрты лішні” і вызначце прымету, якая, на вашу думку, не адвавядае заданню на развіццё фінансавай дасведчанасці вучняў, абазначце яе. (АПЫТВАННЕ, АРГУМЕНТАВАННЕ). Для таго, каб нашыя заданні якасна працавалі на ўроку, мы павінны ствараць умовы для іх эфектыўнага выкарыстання.
Накіравана на пошук новых ведаў і стымуляцыю актыўнага выкарыстання ў навучанні сувязей, адносін, доказаў. |
А |
Рашаецца па гатовых узорах, накіравана на механічнае завучванне. |
Б |
Арыентавана на паглыбленне, удасканаленне ведаў, уменняў. |
В |
Патрабуе ад вучня актывізацыі пазнавальных працэсаў: памяці, увагі, уяўлення, мыслення. |
Г |
Звярніце ўвагу на наступнае заданне “Умовы эфектыўнага выкарыстання заданняў, якія спрыяюць развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў”.Вызначце ўмовы эфектыўнага выкарыстання заданняў на развіццё фінансавай дасведчанасці вучняў, выкарыстаўшы значкі “плюс” або “мінус”. (АПЫТВАННЕ па групах, АРГУМЕНТАВАННЕ, ПАДВЯДЗЕННЕ ВЫНІКАЎ)
Умовы |
+/— |
Сістэмнае выкарыстанне |
|
Павінны складацца з заданняў рознага ўзроўню складанасці |
|
Улік узроўню падрыхтаванасці, узросту, жыццёвага вопыту вучняў |
|
Заданні павінны чаргавацца, утрымліваць элемент навізны |
|
Нельга даручаць вучням самім рыхтаваць такія заданні, бо яны не маюць дастатковага вопыту |
|
Рэалізацыя міжпрадметных сувязей |
|
Гэтыя заданні павінны ствараць на ўроку атмасферу супрацоўніцтва і добразычлівасці |
|
Стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага вучня. |
|
4 Інфармацыйна-дзейнасны этап
(Знаёмства і работа над заданнямі, якія развіваюць фінансавую дасведчанасць вучняў, а таксама арганізацыя работы ў групах.)
Пяройдзем да саміх заданняў. Вопыт работы ў якасці настаўніка-мовазнаўцы паказаў, што традыцыйны падыход да навучання арфаграфіі можна змяніць, пераўтварыўшы яго ў цікавую гульню, таму і аддаю больш перавагу гульнёвай тэхналогіі на гэтым этапе ўрока. Арфаграфічныя хвілінкі ўключаюць у сябе развіццё ў вучняў умення разважаць над прымяненнем правілаў да адпаведнага матэрыялу. А калі яны яшчэ і змяшчаюць у сабе адпаведны матэрыял па фінансавай дасведчанасці, то тут ўжо мэтазгодна гаварыць і пра пашырэнне кругазору, матывацыі да навучання, абуджэнне ў іх цікавасці да мовы. Якія ж яны могуць быць, арфаграфічныя хвіліны?
Гульня “Карэктары”
Знайдзіце і выпраўце памылкі ў прапанараных сказах:
Хочашь ворага нажыть – пазычгрошай.
У пятніцу нічога нікому непазычай.
Калі маеш грошы, то небудзеш хадіць босы.
Бес гаспадара і грошай не трэба.
Хоць лай, а потым грошы атдай.
Грошы лёкка бяруцца, ды цяшка атдаюцца.
Правільны адказ
Хочаш ворагана жыць – пазыч грошай.
У пятніцу нічога нікому не_пазычай.
Калі маеш грошы, то не_будзеш хадзіць босы.
Без гаспадара і грошай не трэба.
Хоць лай, а потым грошы аддай.
Грошы лёгка бяруцца, ды цяжка аддаюцца.
Гульня “Знайдзі небяспечнае слова”
Аблігацыя, бенефіцыяр, валюта, грошы, дэпазіт, зліткі, інкасацыя, крэдыт, лоялці, манеты, наяўны разлік, пункт абменны, рахунак, сертыфікат, тэрмінал, уклад, чэк, электронныя грошы.
Пытанні і заданні.
1) значэнне якіх слоў вам невядома?
2) напісанне якіх слоў, на вашу думку, патрабуе асаблівай увагі?
3) патлумачце лексічнае значэнне ўжо вядомых вам слоў.
4) запішыце словы, падкрэсліце арфаграмы.
5) складзіце медыяазбуку з выкарыстаннем прапанаваных слоў.
Медыяазбука
(Аб’ядноўвае два папярэднія заданні з мэтай замацавання атрыманых вучнямі ведаў).
Гульня «Лексічны футбол»
6) спецыяльная праграма заахвочвання кліентаў.
7) грашовыя знакі ў выглядзе банкнот, манет, якія знаходзяцца ў абарачэнні і з’яўляюцца законным плацежным сродкам у адпаведнай замежнай дзяржаве.
8) кліент, на карысць якога ажыццяўляецца банкаўскі перавод.
9) збор каштоўнасцей з касс юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і здача іх у кассы банкаў.
10) прыцягнутыя і (або) уласныя грашовыя сродкі, прадастаўленыя банкам іншай асобе у памеры і на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.
Праверце сябе:
ЛОЯЛЦІ, ВАЛЮТА, ІНКАСАЦЫЯ, БЕНЕФІЦЫЯР, КРЭДЫТ
Праца з тэкстам
Асобае месца ў фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі належыць працы з тэкстам, пры аналізе якога адбываецца актывізацыя логіка-пазнавальных бакоў дзейнасці вучняў, развіццё іх здольнасці самастойна аналізаваць факты і рабіць вывады.
ТЭКСТ 1
Твае адносіны да грошай
1. Давайце пагаворым аб фінансавым дабрабыце і рэалізацыі сваёй уласнай фінансавай свабоды. 2. Давайце паспрабуем разабрацца, што такое фінансавая свабода і што варта рабіць, каб умець правільна распараджацца сваімі фінансамі. 3. Сёння мы прывыклі многія пытанні вырашаць з дапамогай грошай. 4. Мы – спажыўцы. 5. Фінансы нам неабходны для рэалізацыі нашых запаветных жаданняў і памкненняў. 6. Фінансавая свабода – гэта дастатковая колькасць грошай, якая дазволіць чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена і лёгка ў жыцці. 7. Першае, што трэба зрабіць на шляху да фінансавай свабоды,– гэта прыняць на сябе адказнасць за сваё жыццё! 8. Ва ўсім, што адбываецца з намі ў жыцці,трэба шукаць прычыны толькі ў сабе. 9. Кіруйце сваім жыццём самі, гэта ВАША жыццё, а не чужое! У КОЖНАГА чалавека ёсць усе шанцы стацьзаможным. 10. Вырашыце, якія крокі неабходна зрабіць для паляпшэння сваёй фінансавай сітуацыі. 11.Стаўце мэты! 12. Менавіта мэты прымушаюць рухацца наперад і дапамагаюць аб’ектыўна ўспрымаць грошы. 13. Азначыўшы пэўныя задачы і зразумеўшы іх неабходнасць, лягчэй адкладаць грошы, эканоміць. 14. Калі вы маеце выразную мэту, гэта прымушае вас імкнуцца да яе ажыццяўлення. 15. Незалежна ад таго, што вы хочаце набыць – веласіпед, камп’ютар ці смартфон – вы атрымаеце гэта толькі ў тым выпадку, калі будзеце ўпарта рухацца да вызначанай мэты. 16. Паспяховы чалавек заўсёды ведае, чаго ён хоча. 17. Не варта плыць па плыні, з думкай аб тым, што добра так, як яно ёсць, і не iмкнуцца да лепшага. 18. Нават калі нешта не атрымліваецца, ніколі нельга апускаць рукі, трэба набрацца цярпення і рухацца далей.
Заданні.
1. Вызначце стыль тэксту. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.
2. Вызначце сродак сувязі паміж 6 і 7 сказам.
3. Пастаўце выдзелены ў 14 сказе дзеяслоў у форме 3 асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу.
4. Знайдзіце ў 11–16 сказах тэксту слова, якое мае значэнне “тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць”. Запішыце яго ў форме роднага склону множнага ліку.
5. Вызначце, якім членам сказа з’яўляецца выдзеленае ў 9 сказе спалучэнне. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.
6. Знайдзіце ў 13 сказе тэксту слова, у якім адбываецца асіміляцыя (прыпадабненне) зычных гукаў. Запішыце гэта слова ў форме творнага склону.
7. Запішыце выдзелены ў 18 сказе тэксту назоўнік у форме роднага склону множнага ліку.
8. Ад асновы дзеяслова, падкрэсленага ў 16 сказе тэксту, утварыце дзеепрыслоўе, запішыце яго.
9. Вызначце спосаб утварэння падкрэсленага ў 6 сказе тэксту слова. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.
ТЭКСТ 2
1. У ліпені 1990 года Вярхоўным Саветам Беларускай ССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. 2. У пачатковы перыяд пасля абвяшчэння незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь былі ў абарачэнні грашовыя знакі Дзяржбанка СCСР, а затым і Цэнтральнага банка Расіі. Па рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у маі 1992 года на тэрыторыі Беларусі былі ўведзены ў абарачэнне разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь наступных вартасцей: 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў. 3. Хаця разліковыя білеты (Н/н)ацыянальнага (Б/б)анка (Р/р)эспублікі (Б/б)еларусь не былі абвешчаны грашовымі знакамі і выпушчаны першапачаткова ў дадатак да асноўнай грашовай адзінкі (савецкаму, а ў далейшым і расійскаму рублю), наступныя падзеі ўзвялі іх у ранг наяўных беларускіх рублёў. 4. У маі 1994 года пастановай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь адзіным сродкам плацяжу на тэрыторыі Беларусі прызнаны беларускі рубель, а ў наяўна-грашовым абарачэнні – банкноты, якія называюцца “разліковыя білеты”. 5. Нацыянальная валюта нароўні з гербам, сцягам і гімнам з’яўляецца неад’емным атрыбутам суверэннай дзяржавы. 6. Адным з важных складальнікаў паўнацэннай сістэмы грашовага абарачэння з’яўляюцца металічныя грашовыя знакі (манеты).
Заданні.
1. Запішыце выдзелены ў 2-м сказе тэксту лічэбнік у форме творнага склону.
2. Як называюцца разліковыя білеты, якія дзейнічаюць у наяўным грашовым абарачэнні на тэрыторыі Беларусі? Запішыце гэта слова ў адзіночным ліку.
3. Запішыце выдзеленае ў 3-м сказе тэксту спалучэнне, раскрыўшы дужкі.
4. Запішыце падкрэслены ў 3-м сказе тэксту займеннік у форме назоўнага склону.
5. Якім членам сказа з’яўляецца выдзеленае ў апошнім сказе тэксту слова. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.
6. Знайдзіце ў 2-м сказе тэксту слова, у якім адбываецца асіміляцыя (прыпадабненне) зычных гукаў. Запішыце гэта слова ў форме творнага склону.
ТЭКСТ 3
Банкнот ўведзены ў абарачэнне 1 ліпеня 2016 г. Яго памеры – 135×72 мм.
Пярэдні бок:
Белая (Камянецкая) вежа ў г. Камянцы Брэсцкай вобласці.
Адваротны бок:
Калаж, прысвечаны першым славянскім паселішчам (фрагмент скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак старажытнага дзядзінца “Бярэсце”).
Вадзяны знак – гэта лакальны паўтонавы малюнак фрагмента асноўнай выявы пярэдняга боку банкнота.
Ахоўная нітка металізаваная, аконнага (ныраючага) тыпу, якая выходзіць на паверхню пярэдняга боку ў выглядзе прамавугольнікаў. Пры разглядзе банкнота на прасвет ахоўная нітка выглядае скразной цёмнай паласой з негатыўным (светлым) тэкстам у прамой і перавернутай выяве.
Ёсць і схаваная (латэнтная) выява. Пры разглядзе банкнота пад вуглом на ўзроўні вачэй, ў прамавугольніку можна ўбачыць літары “РБ”.
Асноўная выява пярэдняга боку банкнота – лічбавае і літарнае абазначэнне наміналу, тэкст “НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ” і паметка для людзей з аслабленым зрокам маюць павялічаную таўшчыню фарбавага слою, дзякуючы чаму добра ўспрымаюцца навобмацак.
Тэксты БЕЛАРУСЬ, НБРБ, якія бесперапынна паўтараюцца, і лічбавае абазначэнне наміналу, аддрукаваныя на пярэднім і адваротным баках банкнота, чытаюцца пры павелічэнні.
Пярэдні бок: люмінесцыруюць ахоўныя валокны жоўта-зялёным колерам.
Адваротны бок: люмінесцыруе прамавугольнік зялёнага колеру з лічбай “5”, гарызантальны серыйны нумар – аранжавым колерам і ахоўныя валокны – жоўта-зялёным колерам.
Заданні.
1. Запішыце словамі ўсе лічэбнікі разам з назоўнікамі, выпісаўшы іх з тэксту.
2. Вызначце разрады лічэбнікаў.
3. Праскланяйце па аднаму лічэбніку з кожнага разраду.
4. Вызначце стыль тэксту. Запішыце яго ў назоўным склоне.
5. Знайдзіце ў тэксце слова, якое адпавядае значэнню “цэнтральная ўмацаваная частка горада ў Старажытнай Русі, якая служыла сядзібай князю ці яго намесніку і выконвала ваенныя, адміністрацыйныя і палітычныя функцыі”. Запішыце яго ў той форме, ў якой яно пададзена ў тэксце.
Інтэрактыўныя гульні
https://learningapps.org/myapps.php
5 Практычны этап
Арганізацыя работы ў групах: стварэнне ўласнага задання, якое б спрыяла развіццю фінансавай дасведчанасці вучняў (на аснове прапанаваных настаўнікам матэрыялаў). Гэта можа быць тэкст, набор слоў фінансавай тэматыкі, прыказкі…
6 Этап падвядзення вынікаў
Многія сучасныя вучні і нават выпускнікі не адрозніваюцца дастатковай самастойнасцю, у тым ліку і фінансавай. Таму пытанне падрыхтоўкі фінансава дасведчанага і актыўнага маладога пакалення актуальнае для нашага жыцця.
7 Этап рэфлексіі
Прыём “Грашовае дрэва”
Удзельнікі майстар-класа пішуць на банкнотах, якія атрымалі напачатку, свае пажаданні вядучаму. Потым прадстаўнік кожнай группы прымацоўвае “грошы” на імправізаванае дрэва з агульнымі пажаданнямі.