Секцыя тэніса адкрылася нядаўна ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.
– У прыярытэце дзейнасці нашай установы – стварэнне адукацыйнай прасторы для раскрыцця патэнцыйных магчымасцей і самарэалізацыі нашых выхаванцаў. У нас створаны самыя сучасныя ўмовы для знаходжання, усебаковага развіцця, захавання і ўмацавання здароўя дзяцей. Для ўсіх жадаючых наш цэнтр прапануе шырокі спектр платных адукацыйных паслуг: “Гімнастыка розуму”, “Дзіцячы фітнес”, “Свет мастацтва “Палітра”, “Навучанне плаванню”, “Танцавальны калейдаскоп”, “Школа мяча”, “Англійская мова” і “Тэніс”. Секцыя па тэнісе пачала сваю работу нядаўна.
– Адкрываючы такі кірунак, мы зыходзілі з запытаў бацькоў і цікавасці саміх выхаванцаў, – паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Загорская.
Паводле яе слоў, секцыя па тэнісе ўзнікла дзякуючы ініцыятыве Магілёўскага абласнога аддзялення РГА “Беларуская тэнісная федэрацыя”. У якасці спонсарскай дапамогі ад федэрацыі дашкольнай установе быў перададзены ўвесь неабходны для арганізацыі заняткаў спартыўны інвентар.
– Жадаючых займацца тэнісам было вельмі многа. Зараз для заняткаў ужо сфарміраваныя тры падгрупы агульнай колькасцю 30 чалавек. Гэта выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп ва ўзросце ад 4,5 да 6 гадоў. Мы не выключаем, што ў бліжэйшы час колькасць груп можа быць павялічана, – распавяла Ірына Леанідаўна.
Заняткі ў секцыі тэніса праводзіць кіраўнік фізічнага выхавання ДЦРД № 8 – Ганна Брыль. Для якаснага правядзення трэніровак педагог прайшла спецыяльнае навучанне і атрымала адпаведны сертыфікат.
– Заняткі праходзяць па спецыяльнай адукацыйнай праграме, разлічанай для дашкольнікаў. Асновы тэніса мы спасцігаем у гульнявой форме. Кожны занятак ідзе 30 хвілін. Пачынаем з размінкі, а пасля адпрацоўваем розныя прыёмы. Малышы вучацца правільна трымаць ракетку, працаваць з мячом. Плануем таксама вывучаць тэарэтычныя асновы, правілы гульні. А яшчэ у планах – правядзенне ўласных міні-турніраў па тэнісе. Навучанне будзе разлічана на два гады. За гэты час нашы выхаванцы змогуць атрымаць пярвічныя навыкі гульні ў тэніс і, калі ўзнікне жаданне, працягнуць трэніроўкі ўжо ў ДЮСШАР, – распавяла Ганна Барысаўна.
Як падкрэсліла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і СМІ абласнога аддзялення РГА “Беларуская тэнісная федэрацыя” Таццяна Гладкая, на дадзены момант ДЦРД № 8 Магілёва – адзіная дашкольная ўстанова ў рэгіёне, дзе арганізавана секцыя тэніса. Аднак у перспектыве рэгіянальнае аддзяленне мае намер павялічваць іх колькасць.
– Сваёй асноўнай задачай мы бачым развіццё і папулярызацыю тэніса сярод розных слаёў насельніцтва. Асабліва цудоўна, калі дзеці ўжо з дашкольнага ўзросту захапляюцца тэнісам. Так прывіваецца любоў да гэтага віду спорту. Гэта вельмі важна. Бо чым раней пачынаеш гуляць, тым больш шанцаў у далейшым прыйсці да высокіх спартыўных вынікаў. Па сутнасці з такіх секцый для многіх дзяцей можа пачацца іх дарога ў вялікі тэніс, – адзначыла Таццяна Гладкая.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара