- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Мамінай сяброўцы дзяцінства

 

Маларытчына – прыгожы куточак на паўднёвым захадзе Беларусі, дзе сыходзяцца межы Украіны і Польшчы. Гэтыкрай у гады Вялікай Айчыннай вайны першымпрыняў на сябе ўдар фашыстаў, стаў месцам жорсткіх баёў.

Сёння пра страшныя падзеі мінулага нагадваюць шматлікія помнікі, абеліскі і брацкія магілы. Адзін з помнікаў-абеліскаў стаіць на 27-м кіламетры Ковельскай шашы. Тут увосень 1942 года гітлераўскія каты расстралялі сям’ю абаронцы Брэсцкай крэпасці, лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава, а таксама сем’і іншых камандзіраў Чырвонай Арміі.

Нядаўна гэтыя мясціны наведалі загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская моваі літаратура”, пісьменнік Алесь Бельскі і доктар філасофскіх навук, прафесар БНТУ, пісьменнік Валерый Старжынскі.

Алесь Бельскі даўно хацеў пабываць тут. “Знайдзі магілку 15-гадовай Нюры, дачкі Кіжаватава. Пакладзі ад мяне хоць адну кветачку”, – перад смерцю папрасіла яго маці. І вось надарыўся такі выпадак.

Алесь Бельскі і Валерый Старжынскі ўдзельнічалі ў навукова-метадычным семінары ў БрДТУ. Выкраіўшы час, яны пабывалі на месцы пахавання сям’і Андрэя Кіжаватава, усклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.

Алесь Бельскі па матчынай лініі належыць да роду Андруковічаў. Вось што ён распавёў:

– З лістапада 1932 года Андрэй Кіжаватаў быў на звыштэрміновай службена Кукавіцкай заставе Цімкавіцкага пагранатрада. У сакавіку 1936 года быў прызначаны старшынёй заставы, а ў маі 1938 года –памочнікам начальніка заставы. Жыў ён з сям’ёй у Цімкавічах побач з Андруковічамі. Менавіта мой дзядуля знайшоў кватэру для Кіжаватавых. Пасябравалі. Мой дзед працаваў пекарам у пагранатрадзе, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны вызваляў Польшчу, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Загінуў ва Усходняй Прусіі ў сакавіку 1945 года.

Нюра Кіжаватава і Яўгенія Андруковіч (матуля Алеся Бельскага) таксама пасябравалі: разам гулялі, бавілі час, хадзілі ў Цімкавіцкую сярэднюю школу. Нюра добра вучылася, цудоўна спявала беларускія народныя песні і танцавала, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Андрэй Кіжаватаў не прапускаў бацькоўскіх сходаў у школе. Рускі па нацыянальнасці, але выступаў па-беларуску.

У 1940 годзе яму было прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Неўзабаве ён быў прызначаны на пасаду начальніка заставы ў Брэсце.

З першых хвілін Вялікай Айчыннай вайны лейтэнант Кіжаватаў узначаліў абарону заставы, будынак якой быў разбураны залпамі варожых гармат. Яго сям’я знаходзілася побач. Нюра – адназ абаронцаў крэпасці. 29 чэрвеня пайшла ў прарыў чарговая група, а цяжка паранены Кіжаватаў з групай байцоў застаўся ў прыкрыцці. У гэты дзень ён загінуў…

Да 30-годдзя Вялікай Перамогі дзіцячая студыя Цімкавіцкага народнага тэатра падрыхтавала спектакль па п’есе Алеся Махнача “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”. Ставіўся спектакль і ў 1984 годзе. Рэжысёр тэатра Зінаіда Раманенка запрасіла на пастаноўку Яўгенію Андруковіч, школьную сяброўку Нюры Кіжаватавай. Мама Алеся Бельскага ўбачыла на сцэне юную прыгожую Нюрачку, расплакалася і папрасіла сына знайсці яе магілу…

Праз шмат гадоў ён выканаў апошнюю просьбу маці. Усклаў кветкі на магілу Нюры Кіжаватавай, мамінай сяброўкі дзяцінства.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ