- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пазнаем Кітай праз мову і культуру

 

Цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры гімназіі № 2 Ваўкавыска быў адкрыты пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаў 2018 годзе. За гэты час у ім працавалі два валанцёры з Паднябеснай – Оу Ясінь і Чжэн Юй Вэнь. Больш як 150 гімназістаў сёння могуць упэўнена павітацца на кітайскай мове, расказаць пра сябе, а таксама расказаць пра прыгажосць Кітая, яго традыцыі і культуру.

З новага вучэбнага года ў гімназіі 11 трэцякласнікаў пачалі вывучаць вучэбны прадмет “Кітайская мова”, а 18 вучняў першага і другога класаў вядуць актыўную падрыхтоўку да вывучэння кітайскай мовы праз факультатыўныя заняткі пад кіраўніцтвам настаўніка Юліі Аляксандраўны Васілеўскай.

Педагог лічыць, што толькі праз паглыбленне ў культуру краіны вывучаемай мовы можна развіць інтарэс дзіцяці і да самой мовы як прадмета. Так, вучні цэнтра адзначалі свята Сярэдзіны восені. Як распавялі дзеці, свята Сярэдзіны восені (свята Месяца) – другое па значнасці ў Кітаі пасля Новага года. Для кітайцаў свята Месяца азначае аб’яднанне сям’і і гармонію. Дата свята супадае з поўняй, а таму ў жыхароў Паднябеснай поўны месяц з’яўляецца сімвалам адзінства сям’і, гармоніі і сямейнага дабрабыту. Сёлета свята прыходзілася на 1 кастрычніка (дзеці адзначылі, што дата амаль супала з беларускім Днём настаўніка і вынайшлі ў гэтым супадзенні вялікі сэнс). Як і падчас іншых кітайскіх святаў, многія сем’і і прадпрыемствы упрыгожваюць свае дамы і вуліцы ліхтарамі чырвонага колеру – шчаслівага колеру для жыхароў Кітая, гатуюць традыцыйныя святочныя стравы, спяваюць песні, сустракаюцца сем’ямі.

Гімназісты не прывыклі святкаваць падзеі вузкім кругам. Таму і паспрабавалі стварыць і перадаць атмасферу свята Сярэдзіны восені ўсім настаўнікам і вучням установы, а таксама раздзяліць свята са сваімі кітайскімі сябрамі, у першую чаргу, з былымі настаўнікамі-валанцёрамі. Дзеці сваімі рукамі зрабілі традыцыйныя кітайскія ліхтары, упрыгожылі іх іерогліфам 秋 (восень) і далі адзін аднаму абяцанне: на наступнае свята 中秋节 разам з бацькамі спячы сапраўдныя “Месяцовыя пернікі” –традыцыйны святочны ласунак. А пакуль, 中秋节快乐 (са святам Сярэдзіны восені)!

Кітайскае свята Сярэдзіны восені, на нашу думку, у чымсьці адпавядае беларускаму святу ўраджаю (Дажынкам). Наогул, беларускія і кітайскія традыцыйныя святы дастаткова пераклікаюцца, і гэта з’яўляецца адным з кірункаў даследаванняў настаўнікаў кітайскай і беларускай мовы і іх вучняў.

Аляксандр ЛІЧЫК,
дырэктар гімназіі № 2 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ