Казка – добрая падказка. Уладзімір Караткевіч, “Нямоглы бацька”. 5 клас

- 9:24Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

Аксана ХАЯН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці

 

Тэма: Уладзімір Караткевіч, “Нямоглы бацька” – “І так памёр Закон стары. І так стаў новы Закон”

Навучальная мэта ўрока: мяркуецца, да заканчэння ўрока вучні:

  • будуць ведаць змест казкі, значэнні слоў закон, карысць;
  • будуць умець адбіраць матэрыял для характарыстыкі вобразаў Пятра, бацькі, Гната;
  • змогуць вызначыць аўтарскую пазіцыю ў літаратурнай казцы, аргументаваць сваю пазіцыю; правільна скласці новы Закон.

Задачы асобаснага развіцця: сродкамі матэрыялу ўрока аказаць уплыў на фарміраванне ўнутранага свету вучняў, садзейнічаць выхаванню культуры індывідуальнай і калектыўнай навучальнай дзейнасці (уменняў слухаць, уважліва адносіцца адно да аднаго), спрыяць фарміраванню адмоўнага стаўлення да праяўлення бессардэчнасці ў адносінах да старых і хворых людзей.

Апорныя веды: змест літаратурнай казкі; вобразы Пятра, бацькі, Гната; літаратурныя паняцці (казка, прыказка).

Дэманстрацыйнае абсталяванне: партрэт Уладзіміра Караткевіча, камп’ютар, мультымедыйная абсталяванне, выстава малюнкаў да твора; асацыятыўна-вобразныя малюнкі для разважання – астравы Жорсткасці, Адвагі, Надзеі; ТСБМ (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы)

Ход урока

1 Арганізацыйны момант.

     – Добры дзень! Паглядзіце, калі ласка, на мяне і падаруйце мне сваю ўсмешку. Дзякуй! Я жадаю вам добрага настрою на ўроку. Старажытныя грэкі казалі: “Добры настрой – гэта палова перамогі”. Таму ўсміхніцеся адно аднаму. А яшчэ жадаю вам сёння на ўроку атрымаць перамогу ў барацьбе за веды.

На сённяшнім уроку мы будзем прадаўжаць працу з цудоўным творам нашага славутага земляка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, пяру якога належаць шматлікія творы самых розных жанраў, у ліку якіх і казка “Нямоглы бацька”, якую мы чыталі на папярэднім уроку.

Пісьменнік выразна разумеў, што значыць добрая казка. Яна захапляе чытача, выклікае ў яго глыбокія пачуцці, штосьці падказвае, чамусьці вучыць. Таму Уладзімір Караткевіч, ствараючы свае казкі, абапіраўся на народную мудрасць, той жыццёвы вопыт, якога прытрымліваліся нашы з вамі продкі.

2 Мэтавызначэнне.

     – Са зместам казкі мы пазнаёміліся на папярэднім уроку, а вось чым будзем займацца на сённяшнім, вы мне дапаможаце вызначыць.

У якасці тэмы ўрока я абрала радкі з тэксту казкі: “І так памёр Закон стары. І так стаў новы Закон”.

Паставім задачы да ўрока:

  • успомніць змест казкі “Нямоглы бацька”;
  • успомніць літаратуразнаўчыя тэрміны;
  • даведацца, што гэта за “стары Закон”;
  • пашырыць слоўнікавы запас словамі закон, карысць;
  • даць характарыстыку галоўным героям;
  • вызначыць, чаму вучыць нас казка;
  • скласці “новы Закон”;
  • выказваць свае ўласныя думкі паводле прачытанага і ўмець іх абгрунтоўваць.

У якасці эпіграфа да ўрока (слайд 1) я абрала словы У.Караткевіча: “Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў”. Вось гэтую ісціну мы павінны пацвердзіць за ўрок.

3 Актуалізацыя ведаў па тэме.

     – Рабяты, дапамажыце мне, калі ласка, аднавіць паслядоўнасць усіх пунктаў плана казкі У.Караткевіча “Нямоглы бацька”. 

Адказ на дошцы:

Пераказ першай часткі “Закон карысці”

     – Перакажыце першую частку плана “Закон карысці”. (с.91).

(адказы вучняў)

     – Змест казкі ўспомнілі, але перад тым, як аналізаваць твор, давайце з дапамогай крыжаванкі паўторым некаторыя патрэбныя нам на сённяшнім уроку пытанні тэорыі літаратуры і ўспомнім галоўных герояў казкі “Нямоглы бацька”

(Настаўнік зачытвае пытанне, вучні падымаюць руку і даюць адказ. Калі адказ правільны, то на экране з’яўляецца слова)

Пытанні да крыжаванкі (слайд)

1 Вуснае мастацкае апавяданне з элементамі выдумкі і фантазіі (Казка).

2 Галоўны герой твора, багатыжыццёвывопытякога не раз выратоўваўвёску (Бацька).

3 Трапнае народнае выслоўе з павучальным зместам (Прыказка).

4 Герой твора, які парушыў дзікі закон карысці (Пятрок).

5 Адмоўны герой, якога прагналі з вёскі (Гнат).

Крыжаванка

     – Рабяты, а ці згодны вы з тым, што казка, якую мы будзем разглядаць, фальклорная?

(Не, мы будзем разглядаць літаратурную казку
У.Караткевіча “Нямоглы бацька”
)

     – Так, гэта літаратурная казка. А назавіце элементы казкі.

(так даўно, што Месяц толькі-толькі яшчэ з’явіўся на нашым Небе…
Канцоўка: і так памёр Закон стары. І так стаў новы Закон.
Казачныя вобразы: Велікан
Элементы перабольшвання: нагой ступіць – вада ў след набягае і робіцца стаў, наламаў бярвення, пабудаваў на асіне замак.
Трохразавы паўтор дзеяння: кара на людзей – дрэнны ўраджай, напалі суседзі, з’явіўся Велікан.
Дабро перамагае зло).

4 Аперацыйна-пазнавальны этап

     – Ключавое слова нашай крыжаванкі ЗАКОН.

Пытанні настаўніка

Адказ вучняў

Стар. у падручніку

А што такое закон? 

(вучаніца атрымала апераджальнае заданне: папрацаваць са слоўнікам і выпісаць лексічныя значэнні слоў закон, карысць)

З прапанаваных значэнняў выберыце тое, якое больш падыходзіць да казкі.

Закон–агульнапрынятае правіла грамадскіх паводзін, звычай

 

 

 

Дык які ж быў закон у тых дзікіх людзей?

(Вусны адказ)

Наст.:У дзікіх людзей быў закон:не карміць старых бацькоў. Як толькі бацька ці маці не могуць працаваць, іх адвозілі ў лес і пакідалі там

с.91.

Як гэты закон называе аўтар? Зачытайце радкі

“Бо жылі гэтыя людзі па адзіным законе – законе карысці

с.91.

Што такое карысць?

Карысць – добры вынік, выгада; польза, нажыва

 

Чым жа карысны быў гэты закон для дзікіх людзей? Зачытайце радкі з т.

Такім чынам людзі выжывалі

с.91.

5 Паглыбленне ведаў

     – Закон, як жывая істота, паганы. Падбярыце, калі ласка, да прыметніка “паганы” блізкія па значэнні словы.

     – Як яшчэ можна назваць гэты Закон? (Закон (звычай) – дзікі, нялюдскі, жорсткі, бязлітасны)

     – Як адносіцца сам аўтар да такога закону?

(Адказы вучняў)

     – Якія словы вам падказалі, што аўтар адносіцца адмоўна да такога закону?

(Адказ вучняў:
паганы звычай, сорамна ўспамінаць, закон карысці)

     – Выкажыце, калі ласка, свае адносіны да такога закону, які існаваў у дзікіх людзей?

(Адказы вучняў)

     – Для кожнага з нас бацькі – самыя дарагія людзі на свеце, яны далі нам самае каштоўнае – жыццё. А дзікія людзі не цанілі сваіх бацькоў. Пятро парушыў гэты закон, таму што шанаваў і любіў свайго бацьку.

6 Пазнай героя.

     – Паганы, дзікі, жорсткі Закон выпрабоўвае галоўных герояў. Паслухайце радкі з тэксту, пазнайце і назавіце героя (слайд).

1) “Няма чаго ў рот валачы, калі барану валачыць не можаш”(Гнат).

2) “Ты чаго гудзіш, як свіння?.. Чаго так пільна хочаш? Крыві чужой?”(Пятро)

3) “І мы ўсе, хто на парозе, – перад дарогаю ў лес – вырашалі патаемна: лепей ужо там легчы, чым ад сваіх…” (Бацька)

Пераказ другой часткі казкі “Спрэчка Сцяпана і Гната”

     – Перакажыце тую частку, у якой паказаны адносіны Пятра і Гната да старога закона.

Фізкультхвілінка

Хто любіць нашу Беларусь –
Падыміцеся,
Нізка зямлі нашай пакланіцеся –
За шчаслівы дзень учарашні,
І сённяшні, і заўтрашні.
Да сонца падцягніцеся,
Улева, управа павярніцеся.
А цяпер сядайце.
І зноў за справу.

 

7 Акіян Жыцця. Астравы

     – А цяпер давайце крышку пафантазіруем. Уявім, што жыццё – гэта акіян. І раптам у гэты акіян Жыцця ўрываецца Закон і рассяляе нашых герояў па трох астравах: Жорсткасці, Мудрасці, Адвагі.

   

 

     – Як вы думаеце, куды хто трапляе? Рассяліце герояў

(Адказ вучняў:
востраў Жорсткасці – Гнат, востраў Мудрасці – бацька,
востраў Адвагі – Пятро)

     – Адкуль узяліся такія назвы астравоў?

(Адказы вучняў: адпаведна паводзінам і ўчынкам герояў)

     – Чаму Гната пасялілі на востраў Жорсткасці?

 

Характарыстыка герояў

     – Падбярыце неабходныя словы для таго, каб ахарактарызаваць Пятра , бацьку, Гната

(Настаўнік прапануе вучням выцягнуць ліст, на якім напісана слова для характарыстыкі героя. Вучні думаюць да якога героя падыходзіць гэта рыса і шукаюць у тэксце радкі, каб падмацаваць свой адказ)

Адказы прымацоўваем да адпаведнага вострава.

                   Міласэрны – схільны рабіць дабро.
                   Эгаістычны – чалавек, які імкнецца да выгады.
                   Чулы – уражлівы, добразычлівы
                   Бязлітасны – не мае жалю, спачування.

Адказ:

Пятро

бацька

Гнат

добры

міласэрны

прагны

мудры

бязлітасны

шчыры

умее любіць

чэрствы

чулы

 

бяздумны

смелы

 

жорсткі

 

 

злосны

 

 

 

 

 

 

     – Каму б з герояў вы далі лодку, каб ён не загінуў адзін на востраве?

(Адказы вучняў)

 

 

Асацыяцыя. Талеркі – душа …

     – Паколькі ў нас сёння казка, я вырашыла таксама крыху пачараваць. Вось у мяне дзве талерачкі – аднолькава чысценькія, белыя, прыгожыя. А зараз у адну з гэтых талерачак я кладу яблыкі, грушы, мандарыны, а ў другую – смецце: брудную анучку, якой выціралі дошку, малярную стужку (і іншае смецце, пасля якога талерка павінна забрудзіцца).

     – З якой з гэтых талерачак у вас асацыіруюцца рысы, якія аказаліся ў нас у першых  двух слупках, а з якой – тыя, што ў апошнім слупку?

     – Сапраўды, і мне таксама з’едлівасць, эгаістычнасць нагадваюць смецце.

     – Гэтыя талерачкі могуць сімвалізаваць нашу душу. Ад нас залежыць, чым мы яе напоўнім – дабром ці злом.

     – А зараз я выкіну з талеркі смецце.

Настаўнік выкідае смецце так, каб малярная стужка засталася прыклеенай, а на талерцы была відаць пляма.

     – Ці хацелася б вам зараз пакласці на гэту талерачку кавалак торту і з’есці? Чаму?

     – Смецце з талерачкі выкінуць лёгка. Але зусім не так лёгка выкінуць з душы зло, якое мы туды пусцім. І як вы не хацелі браць талерачку са смеццем, так людзі могуць не хацець сябраваць з намі, калі ў нашай душы – смецце дрэнных учынкаў. 

Прыказкі (слайд)

     – Увага на экран! Як вы думаеце, што гэта запісана на экране? (прыказкі)

(настаўнік пакладзе на парту ліст з заданнем. Вучням неабходна падумаць 1 хвіліну, а затым даць адказ)

     – Прапаную вам замест кропак уставіць прапушчаныя словы. Дарэчы, такія заданні сустракаюцца ў алімпіядных заданнях па беларускай мове і літаратуры. Таму будзьце ўважлівыя.

Бацькоў шануй – старых ПАВАЖАЙ.

Як ты шануеш бацькоў, так цябе будуць ШАНАВАЦЬ твае дзеці.

ШАНУЙ бацьку і родную матку.

На ЧУЖОЙ старане і сонца не так свеціць.

Добрыя дзеці БАЦЬКУ і МАЦІ – апора ў хаце.

 

     – Звернемся да прапанаваных прыказак і падумаем, што іх аб’ядноўвае, якое выслоўе лішняе і чаму.

     – Што аб’ядноўвае гэтыя выслоўі? (Тэма іх – бацькі і дзеці, узаемаадносіны паміж імі)

      – Лішняя чацвёртая прыказка

На чужыне не так добра, як на сваёй роднай зямлі.

Чаму вучыць казка. Эпіграф

     – Гавораць, што“казка – добрая падказка”? Якую падказку робіць нам Уладзімір Караткевіч, чаму вучыць?

(Адказ вучня:

Трэба шанаваць сваіх бацькоў,
берагчы іх, быць добрымі, чулымі, міласэрнымі).

     – Звярніце ўвагу на словы Уладзіміра Караткевіча, якія ў нас былі ўзяты ў якасці эпіграфа: “Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў”.

     – Ці раскрываюць гэтыя радкі галоўную думку тэксту?

     – Ці згодны вы з гэтымі словамі?

Складанне новага Закону

     – Казка заканчваецца словамі: “І так памёр Закон стары. І так стаў новы Закон”.Пры дапамозе дзеясловаў, складзіце пункты “новага Закона”.

Настаўнік раздае вучням сардэчкі. Яны запісваюць на іх дзеясловы і прымацоўваюць да дошкі.

     Паважайце…
     Цаніце…
     Беражыце…
     Дапамагайце…
     Прыслухоўвайцеся …
     Віншуйце …
     Наведвайце …

Выстаўленне адзнак.

     – Мне хацелася б, каб гэты ўрок не прайшоў для вас бясследна, каб яго вынікам сталі не толькі добрыя адзнакі. Не забывайцеся, чаму сёння навучыліся на ўроку.

Настаўнік чытае верш:

               Павагай да людзей і ў дзень будзённы,
               І ў святы хай напоўніцца твой дом.
               Тады парог не пераступяць беды,
               Сяброўскіх рук адчуеш ты цяпло,
               Жыві, твары і мудрасць продкаў ведай:
               Пасей дабро – тады пажнеш дабро.

Дамашняе заданне:

Прыдумаць працяг казкі пра далейшае жыццё Гната ці напісаць міні-сачыненне “Мая бабуля” або “Мой дзядуля”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий