- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Лідары новага пакалення

 

У сярэдняй школе № 8 Гродна прайшлі выбары лідара школьнага самакіравання. І гэты працэс аказаўся цікавым і захапляльным. Усё было па-сапраўднаму.

Школьныя выбары – самая простая і ў той жа час унікальная магчымасць для вучняў праявіць свае лідарскія здольнасці, актыўна паўплываць на фарміраванне школьнага ўкладу жыцця і паспрабаваць зрабіць яго цікавейшым.

Сваю кандыдатуру маглі прапанаваць вучні толькі 8–10 класаў. Ніякіх іншых абмежаванняў не было. На самым пачатку выбарчай кампаніі свае кандыдатуры заявілі пяць прэтэндэнтаў. Пазней двое кандыдатаў па ўласнай ініцыятыве выбылі з перадвыбарчай гонкі, і засталіся трое “байцоў”. Несумненна, усе кандыдаты былі дастойныя звання лідара школьнага самакіравання, таму што на працягу многіх гадоў удзельнічалі ў алімпіядным руху, дапамагалі ў арганізацыі агульнашкольных і класных мерапрыемстваў.І зараз яны з’яўляюцца членамі школьнага клуба ЮНЕСКА і валанцёрамі атрада “Добрае сэрца”.

Перадвыбарная гонка пачалася за тыдзень да выбараў. На інфармацыйным стэндзе ў фае школы, на сайце і школьнай старонцы ў Інстаграм былі размешчаны праграмы кандыдатаў. Таму ўсе, хто жадаў, мог з імі пазнаёміцца і зрабіць свой выбар.

     

Вялікая работа была праведзена штабам выбарнай кампаніі, у які ўвайшлі вучні 11-га класаі педагог-арганізатар Галіна Маслава. Яны займаліся не толькі падлікам галасоў, але і рыхтавалі бланкі для галасавання, вывучалі структуру выбараў, а таксама праводзілі агітацыйную работу.

Нарэшце адбыўся самы галоўны і завяршальны этап перадвыбарнай кампаніі: кандыдаты выступілі са сваімі праграмамі па паляпшэнні школьнага жыцця. Яны прапанавалі цікавыя спартыўныя і пазакласныя мерапрыемствы. Лічылі патрэбным праводзіць флэшмобы і чэленджы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, развіваць школьную інтэрнет-прастору.

А далей праходзілі самі выбары.І вось тут ужо ўсё залежыла толькі ад выбаршчыкаў – вучняў школы.

У галасаванні прымалі ўдзел вучні 8–11 класаў і старасты 5–7 класаў. І нават настаўнікі маглі аддаць свой голас у падтрымку якога-небудзь кандыдата. Актыўна працавалі карэспандэнты школьнай газеты: бралі інтэрв’ю ў настаўнікаў і вучняў.

Выбары– гэта адна з формаў калектыўнай дзейнасці, пры якой кожнаму ўдзельніку даводзіцца прымаць самастойнае рашэнне і аддаваць перавагу таму ці іншаму кандыдату. Мерапрыемства вельмі значнае, кандыдаты дастойныя, таленавітыя і мэтанакіраваныя. Рабяты паставілі перад сабою задачы, якія лічаць неабходнымі для рэалізацыі пасля выбараў.

Дзякуючы сваёй харызме і актыўнаму ўдзелу ініцыятыўнай групы ў перадвыбарнай кампаніі новым лідарам школьнага самакіравання стаў вучань 8 “А” класа Арцём Закалюжны. Мы жадаем пераможцы толькі поспехаў.

Сняжана КIСЯЛЁВА,
намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 8 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий