- Майстар-клас, Метадычка

Стварэнне квест-гульні для выкарыстання на вучэбных занятках і пазакласнай дзейнасці

План-канспект майстар-класа

 

Павел ЛІЧЭЎСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 імя Ф.Я.Перца г.Пінска”

e-mail:[email protected]

 

 

Мэты: пазнаёміць удзельнікаў майстар-класа з магчымасцямі выкарыстання квест-гульні на вучэбных занятках і ў пазакласнай дзейнасці; навучыць ствараць квест-гульню, выкарыстоўваючы QR-коды.

Абсталяванне: тэлевізар, раздатачны матэрыял, камп’ютар, прэзентацыя, відэафайлы, картачкі для галасавання.

 

Ход майстар-класа

 

І Уступнае слова

         Паважаныя калегі! Я рады вітаць вас у нашай гімназіі. Спадзяюся, што сённяшнія заняткі будуць карыснымі для вас, дапамогуць вам разнастаіць працу, абудзяць цікавасць да выкарыстання інтэрнет-тэхналогій на вучэбных занятках і ў пазакласнай дзейнасці.

 

ІІ Што такое квест

         Часткова разабрацца ў тым, што такое квест, дапаможа вядомая дзіцячая гульня “Дванаццаць запісак”. Яе любяць праводзіць у летніх лагерах. Каманда атрымоўвае першую запіску, у якой змяшчаецца зашыфраваная інфармацыя пра тое, дзе патрэбна шукаць наступную запіску. Гульня завяршаецца, калі каманда паслядоўна прайшла ад пункта да пункта і дабралася да апошняй запіскі, а з ёю – і да заслужанага прыза.

         Слова quest перакладаецца на беларускую мову як “пошук”.

         Квест прадугледжвае выкананне якога-небудзь задання. Задача ўдзельнікаў гульні заключаецца ў тым, каб паварушыць мазгамі для вырашэння прапанаванай задачы, а таксама праявіць кемлівасць і ўменні, каб справіцца з заданнем.

         Мы прапануем нашым вучням медыяквест. Заданні, якія ім трэба знайсці і разгадаць, ствараюцца ў выглядзе QR-кодаў. QR-коды прачытваюцца з дапамогай смартфона, на які ўсталявана праграма QR Code Reader.

(прапаную ўдзельнікам майстар-класа, у якіх ёсць смартфоны ўстанавіць праграму Qr Code Reader)

 

ІІІ Прыклад квест-гульні

         Прапаную пазнаёміцца з заданнямі квест-гульні “Мая гімназія” і віктарыны “Падарожжа ў свет літаратуры”.

(лісты з Qr-кодамі раздаюцца ўдзельнікам, і яны з дапамогай праграмы Qr Code Reader знаёмяцца з заданнямі).

 

IV QR-коды

QR-коды – адносна новая тэхналогія перадачы інфармацыі. Гэта блізкія родзічы знаёмых нам штрых-кодаў, якія сёння абавязкова маюцца на ўпакоўках большасці тавараў.

         Пра QR-коды маецца многа інфармацыі ў інтэрнеце. Але чым гэта можа быць карысна настаўнікам і вучням? Гэты невялікі узор можа зэканоміць час і паперу, пазбавіць ад перадрукавання доўгіх спасылак або хаця б разнастаіць руціну.

Што кадзіраваць

Гэта можа быць відэа з YouTube, лакацыя на Google-картах, файл з Google Дыска, профіль у сацыяльных сетках, тэлефонны нумар або e-mail. Словам, усё, што можна адправіць па пошце або цераз сацыяльныя сеткі. Раздрукаваныя QR-коды можна прымацаваць да любой паверхні, ці гэта сцяна або ліст паперы.

QR-віктарына

QR Treasure Hunt Generator аўтаматычна стварае віктарыну з прапанаваных пытанняў. Затым раздрукаваныя коды можна размеркаваць па класу або па школьным двары, і тады вучні падцягнуць не толькі веды, а і фізічную падрыхтоўку.

Як кадзіраваць

Для стварэння ўласнага QR-кода спатрэбяцца інтэрнет, прынтэр і камера. Прасцей за ўсё стварыць QR-код на сайце qrcoder.ru

Калі патрэбна нешта большае, то сэрвіс QrStuff за некалькі клікаў дапаможа стварыць коды розных колераў. Праграма Kaiwa ператварае ў QR-коды не толькі гіперссылкі, але і самы звычайны тэкст, набраны ў тым ліку і кірыліцай. У такім выпадку не патрэбен нават інтэрнет, каб прачытаць закадзіраванае пасланне, што адкрывае цэлае поле для эксперыментаў.

Як чытаць QR-коды

Самая простая праграма – Qr Code Reader, амаль універсальная – Reader Kaiwa, больш сур’ёзная – QR Droid, для iOS падыходзіць праграма Neoreader.

 

V Практычная частка

         1 Удзельнікі майстар-класа прыдумваюць некалькі заданняў для квест-гульні.

         2 З дапамогай праграмы QRCODER.RU Заданні пераводзяцца ў QR-коды і раздрукоўваюцца.   

   

VІ Рэфлексія

Свае уражанні пра майстар-клас удзельнікі выказваюць пры дапамозе створанага імі QR-code.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий