- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Вучацца быць актыўнымі грамадзянамі

 

У гімназіі Ганцавіч прайшоў чарговы адзіны дзень інфармавання ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. На гэты раз ён быў прысвечаны 75-годдзю ААН: гісторыі дзейнасці сусветнай арганізацыі, асноўным дасягненням і ініцыятывам Беларусі ў яе складзе.

Да вучняў 8–11 класаў завітала начальнік групы па грамадзянстве і міграцыі Ганцавіцкага райвыканкама Р.А.Манюк. Дзеці азнаёміліся з відэматэрыяламі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў інтарэсах дзяцей і падлеткаў, распрацаваных UNICEF.

Асаблівая ўвага ўдзялялася дасягненням і ініцыятывам Беларусі ў складзе ААН. Вучні актыўна абмяркоўвалі актуальныя пытанні для роднай краіны і ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. Мэты ўстойлівага развіцця ўніверсальныя і ахопліваюць барацьбу з беднасцю і няроўнасцю, эканамічнае развіццё, дапамогу бежанцам і вырашэнне міграцыйных пытанняў.

Р.А.Манюк засяродзіла ўвагу на міграцыйнай бяспецы, у прыватнасці, расказала пра рэгістрацыю і выдачу пашпартоў, атрыманне беларускага грамадзянства. Рэгіна Аляксандраўна азнаёміла вучняў з гісторыяй узнікнення пашпарта, паказала ўзоры дакументаў ХІХ–ХХ стагоддзяў. Павышаную цікавасць выклікалі біяметрычныя пашпарты.

Гімназісты задавалі пытанні, якія тычыліся прафесійнай дзейнасці госці і магчымасці атрымаць прафесію ў гэтым кірунку.

Падчас мерапрыемства вучні абмеркавалі праблемы, найбольш актуальныя для краіны і рэгіёна, прапанавалі шляхі вырашэння некаторых з іх.

Гімназісты вялі гаворку і пра маладзёжныя ініцыятывы. Так, вучні ўдзельнічаюць у мерапрыемствах праекта “Зялёная школа” і трэнінгах валанцёраў роўнага навучання, рэалізоўваюць мэты ўстойлівага развіцця, накіраваныя на ахову прыродных рэсурсаў і прафілактыку шкодных звычак сярод падлеткаў.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
гімназіі Ганцавіч

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий