- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Незвычайная экалагічная сцежка

 

Ад Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на базе Любчанскай сярэдняй школы працуе аб’яднанне па інтарэсах “Энергія і навакольнае асяроддзе”. Мэтай аб’яднання з’яўляецца выхаванне асобы, якая цікавіцца праблемамі навакольнага асяроддзя.

У верасні ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры адкрылася экалагічная сцежка “Через творение к Творцу”. Навучэнцы нашага аб’яднання зацікавіліся гэтым, і мы вырашылі пабываць у манастыры. Маршрут экалагічнай сцежкі складае каля аднаго кіламетра і створаны з мэтай экалагічнай адукацыі і выхавання не толькі дзяцей, але і дарослых – усіх, хто наведвае манастыр. На тэрыторыі манастыра ўстаноўлены спецыяльныя інфармацыйныя стэнды для арганізацыі адукацыйнай экалагічнай сцежкі.

– Калі мы здолеем усталяваць свае адносіны з навакольным асяроддзем, значыць мы зможам усталяваць сваё стаўленне да Бога, – лічыць ігумен Яўсевій. – Калі мы навучым дзяцей беражліва ставіцца да прыроды, да навакольнага асяроддзя, яны ў сваю чаргу навучаць сваіх дзяцей.

Экалагічная сцежка – вельмі важны момант у адукацыі насельніцтва. Гэта не проста звесткі на інфармацыйных шчытах, гэта паведамленне пра тое, чым мы дыхаем, што нас акружае. У навакольным асяроддзі ўсё ўзаемазвязана, і тут нельга вылучыць што-небудзь адно – усё важна. Адна з асноўных задач адкрытай экалагічнай сцежкі – клопат пра водныя рэсурсы Беларусі, а ў сутнасці, пра басейн ракі Нёман.

Навучэнцам нашага аб’яднання вельмі спадабалася гэтая сцежка. Яна мае свае станцыі, дзе на кожнай абсталяваны інфармацыйны стэнд з апісаннем мясцовай флоры і фауны, экалагічнымі парадамі і рэкамендацыямі. Экскурсія ў манастыр не прайшла дарма. Дзеці адкрылі для сябе шмат цікавага і карыснага.

Наталля КАЗЛОВА,
педагог дадатковай адукацыі
Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий