- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Вывучэнне англійскай мовы праз творчасць

З вопыта настаўніка па навучанню англійскай мове ў пачатковай школе

 

Таццяна ГАКУЦЬ,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 5 Смаргоні 

  

Дзеці, як ніхто іншы, здольныя пастаянна ствараць нешта новае, арыгінальнае.  Яны любяць тварыць, часта робяць гэта міжвольна. Такая творчасць ім проста неабходна. Менавіта гэта я ўзяла за аснову ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Дзякуючы дзецям, іх непасрэднасці і непрадказальнасці, я зрабіла для сябе высновы, як трэба вучыць дзяцей англійскай мове, каб ім гэта падабалася, а хатнія заданні не былі сумнымі, і ўвесь працэс дастаўляў задавальненне.

На кожным занятку я спрабую ўсімі даступнымі сродкамі ствараць маім вучням моўнае асяроддзе з самай першай нашай сустрэчы. Мне як настаўніку неабходна праяўляць вынаходлівасць, акцёрскае майстэрства, уменне валодаць рухамі, мімікай, жэстамі, а галоўнае, уменне тварыць, каб абудзіць такую творчасць у сваіх вучнях.

Праз пару заняткаў, з пачуццём глыбокага задавальнення, я разумею, што выбрала правільны шлях – усмешкі, пытлівыя вочы, безумоўны давер. Дзеці прымаюць мае правілы гульні і ўжо самі па-майстэрску пераймаюць мяне абсалютна ва ўсім і спяшаюцца на дапамогу тым, у каго не ўсё атрымліваецца. Разыгрываецца дзіцячая фантазія, і звычайныя англійскія рыфмоўкі, прыказкі і прымаўкі завучваюцца без цяжкасцей. Па руху “чароўнай палачкі” дзеці ператвараюцца ў камарыкаў, Кінг-Конгаў і іншых персанажаў. А калі выкарыстоўваюцца яшчэ жэсты і інтанацыя, занятак становіцца амаль што рэпетыцыяй сімфанічнага аркестра. Тут проста няма часу думаць пра памылкі, трэба паспець пагутарыць з настаўнікам і аднакласнікамі. Нам разам цікава, мы ўсе паспяховыя, а гэта значыць – мэты дасягнутыя.           

Маленькія дзеці вельмі дапытлівыя. У іх пастаянна ўзнікаюць пытанні: што? дзе? як? навошта? А яшчэ ім хочацца ўсё ўбачыць, дакрануцца, і – абавязкова – даведацца нешта новае. На заняткі я прыношу з сабой чароўны чамадан, у якім “жывуць” не проста жывёлы, а тыя, каго яны любяць, таму так лёгка, без асаблівых цяжкасцей дзеці запамінаюць англійскія словы, якія абазначаюць любімых жывёл. Спачатку называем, а затым малюем, бо ўсе дзеці любяць маляваць, а пасля ўсяго можна адправіць малюнкі на выставу. Да таго ж яшчэ проста неабходна, каб арганізатары выставы ацанілі кожную працу, і поспех гарантаваны.           

Стварыць матывацыю да вывучэння англійскай мовы на пачатковым этапе дапамагае праектная методыка. Галоўнае, падабраць тэму і сфармуляваць мэту, напрыклад, вывучыць карысць ад ужывання садавіны і гародніны. Не трэба складаных заданняў, можна ўсяго толькі папрасіць знайсці сувязь паміж садавінай, гароднінай і здаровым чалавекам.           

На ўроках мы спяваем, і гэта нам вельмі падабаецца. Праходзіць час, і мае першакласнікі спяваюць песні ўжо на школьнай сцэне. Я заўсёды ганаруся перамогамі маіх вучняў. Зусім нядаўна мы адзначалі Дзень настаўніка, і ў актавай зале песню на англійскай мове выконвала мая вучаніца, цяпер, праўда, ужо навучэнка 7-га класа, Сафія Бараян, салістка ўзорнай вакальнай студыі “ГолосОК”, дыпламат і лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў. У такія хвіліны разумееш, што ўсё не дарма, бо выхоўваючы любоў да замежнай мовы, мы знаёмім дзяцей з культурай, традыцыямі іншых народаў, пры гэтым памятаем заўсёды словы вялікага Гётэ: “Хто не ведае ніводнай замежнай мовы, той нічога не ведае і пра сваю уласную”.  

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий