Тыдзень замежных моў: ад лепшага сшытка да мультфільмаў

- 14:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

З 19 па 24 кастрычніка ў Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе праводзіўся тыдзень замежнай мовы.

Такія мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю цікавасці школьнікаў да вывучэння замежнай мовы, павышэнню адукацыйнага ўзроўню, прывіццю навыкаў самастойнай працы, творчасці.

Галоўным прынцыпам тыдня замежных моў зʼяўляецца ўцягванне навучэнцаў усіх паралеляў, незалежна ад узроўню іх ведаў замежнай мовы, у падзеі тэматычнага мерапрыемства, прапаноўваючы ім заданні пасільнага ўзроўню.

З 19 па 24 кастрычніка сярод навучэнцаў 6–11 класаў прайшоў конкурс “Чый сшытак лепшы”. Па яго выніках лепшымі былі названы сшыткі Яны Бычкоўскай (8 клас), Марыны Уцякалка (10 клас) і Святланы Мікішка (7 клас). Тут улічваліся такія крытэрыі, як каліграфія, чысціня напісання (без выпраўленняў), акуратнасць вядзення, а таксама правільны подпіс сшытка.

20 кастрычніка быў праведзены краіназнаўчы брэйн-рынг па Германіі Alles über Deutschland, калі паўтарэнне і абагульненне вывучанага матэрыялу праходзілі ў нефармальнай абстаноўцы. Паміж сабой у веданні гісторыі, традыцый, свят, сімволікі, геаграфічных асаблівасцей спаборнічалі дзве каманды. Разыгрываліся пытанні рознай ступені складанасці ў розных катэгорыях, гуляць было цікава, аднак некаторыя заданні выклікалі цяжкасці. Але навучэнцы справіліся, тым самым успомніўшы і замацаваўшы пройдзены матэрыял. Хлопцы і дзяўчаты былі вельмі захопленыя гульнёй і паказалі добрыя веды. У завяршэнні брэйн-рынга ўсе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.

21 кастрычніка навучэнцы старэйшых класаў правялі флэшмоб Ich liebe Fremdsprache для вучняў 1–5 класаў. А таксама прайшоў першы этап рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, у якім Марына Уцякалка заняла 1-е месца, а Дыяна Шэмет – 2-е.

Не менш цікава прайшло мерапрыемства “Знаўцы нямецкай мовы”, асаблівасцю якога стала ўцягванне ў працэс дзяцей 6–7 класаў розных узроўняў валодання мовай і ўзроставых катэгорый.

Таксама 22 кастрычніка сярод навучэнцаў 3–5 класаў праведзена інтэрактыўная настольная гульня Jenga. Сутнасць гульні – скласці 18-узроўневую вежу, укладваючы па тры брускі на кожны ўзровень, затым вынімаць з вежы па адным бруску з любога ўзроўню і перамяшчаць іх на верхні ўзровень. Гульня ўскладняецца тым, што рабіць гэта трэба толькі адной рукой і яшчэ выконваць заданні, якія напісаны на англійскай мове.

У заключэнне тыдня замежных моў 23 кастрычніка адбыўся кіналекторый, дзе навучэнцы прыходзілі ў кабінет замежных моў на кожным перапынку і глядзелі мульцікі на нямецкай і англійскай мовах (Mascha und der Bär, die Fixies, Winnie Pooh), актыўна абмяркоўвалі і дзяліліся ўражаннямі.

Безумоўна, прадметны тыдзень спрыяе развіццю пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, іх творчых здольнасцей, стымулюе вучняў да ўдзелу, павышае цікавасць да вывучэння прадмета. А настаўніку такая форма работы дазваляе развіваць свае арганізатарскія здольнасці, творчы падыход да працы, дае магчымасць самарэалізацыі.

Валерыя ІВАСЕНКА,
Ірына МАРУГІНА,
настаўнікі замежнай мовы
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий