- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Філасофскія развагі пра ролю сям’і

 

Што самае важнае ў жыцці чалавека? Вядома ж – сям’я. Навучэнцы 7–9 класаў Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы сабраліся, каб пагаварыць пра важнасць і ролю сям’і.

Вучні ахвотна ўключыліся ў дыскусію, адказваючы на пытанні: што для вас азначае паняцце “сям’я”, якая сям’я лічыцца шчаслівай? Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што сям’я – гэта родныя людзі, якія жывуць разам. Галоўнае – не колькасць яе членаў, а як яны ставяцца адно да аднаго. Калі ў сям’і пануе спачуванне, цеплыня, паразуменне, давер, яе можна лічыць шчаслівай.

Затым удзельнікі мерапрыемства змадэлявалі шчаслівую сям’ю, працуючы ў групах, і з картак са словамі пабудавалі “дом шчасця”. Паступова, складаючы па цаглінцы, узводзілі сцены, затым ставілі “дах добрага настрою”. Вядома ж, “дамы шчасця” атрымаліся розныя.

Наступным заданнем для вучняў было выбраць прыказкі і растлумачыць іх значэнне. Атрымалася так, што абедзве каманды выбралі адны і тыя ж прыказкі, што пацвярджае агульнасць поглядаў і інтарэсаў дзяцей. Успомнілі таксама і пра гісторыю святкавання Дня сям’і ў Беларусі.

Заключным заданнем для школьнікаў стала складанне “плану любові для ўсёй сям’і”. На лісточках у выглядзе далонек дзеці запісалі імёны ўсіх членаў сваёй сям’і і тое, што кожны любіць.

У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што сям’я – самае важнае ў жыцці чалавека.

Мікалай ДАНІЛОВІЧ,
класны кіраўнік 11-га класа
Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий