…А замерзне – будзем грызці!

- 13:49Авторские проекты, Анна СИНЬКЕВИЧ. Зарисовки из жизни

 

Ігар няроўнымі крокамі ішоў па нешматлюднай вуліцы, дзе што ёсць сілы разгулялася мяцеліца. Калючы паўночны вецер ва ўсе бакі развяваў яго брудную, месцамі дзіравую куртку, раз-пораз падкідваючы за каўнер зграйку халодных сняжынак, а працінаючы наскрозь ранішні марозік пакусваў і без таго замерзлы твар і задубелыя, пачырванелыя пальцы. Нягледзячы на раніцу, якая толькі пачыналася, мужчына быў не зусім цвярозы. Пасля ўчарашняй гулянкі жорстка давала сябе адчуць пахмелле. Нібы молатам удараючы ў затуманенай ад гарэлкі галаве, яно неадкладна патрабавала здаволення смагі. Ух..х! Вось і запаветныя дзверы крамы. Ігар штурхнуў іх плячом і, адчуўшы цёплае паветра памяшкання, спрытна праціснуўся ўнутр. У віна-гарэлачным аддзеле працавала пажылая Ільінічна, якая ведала яго яшчэ з пялёнак.

– Ігарок, зноў ты зарана, ледзьве не з першымі пеўнямі? – прабурчала яна і, не чакаючы адказу, звыкла падала паўлітровую пляшку, напоўненую празрыстай вадкасцю. – Што ж ты з жыццём сваім робіш, га? Зусім ужо дакаціўся.  Дачок і сам, напэўна, не памятаеш, калі бачыў? А яны між тым такія прыгажуні сталі, нявесты ўжо сапраўдныя.

Згадка пра дачок прымусіла Ігара схамянуцца, у вачах нават паспеў запаліцца нейкі агеньчык, але ён хутка згас, як толькі на прылавак стала паўлітэрка. Ён хутка расплаціўся і, не сказаўшы ні слова, выйшаў, імкнучыся не азірацца на Ільінічну, якая, гаротна ківаючы галавой, праводзіла яго незадаволеным позіркам.

Ад траскучага марозу снег звонка рыпеў пад нагамі. Ігар мерна, гойдаючыся, як той маятнік, ішоў наперад. Вось і яго дом, калі зараз гэтым словам можна назваць тое месца, дзе ён жыў. Ад былога ўтульнага ачага не засталося і следу. Паўсюль панавалі бруд і разруха, а белая заслона снегу хоць ненадоўга хавала іх.

Мужчына мутным позіркам паглядзеў на дом і мімаволі залюбаваўся танцуючымі пухнатымі сняжынкамі. Прайшоўшы круг свайго незвычайнага вальса, яны павольна апускаліся ўніз, накрываючы ўсё вакол тоўстай белай коўдрай. Ён стомлена апусціўся на аблезлую, паўразбураную лаўку. Горкая ўсмешка кранула яго ледзь прыкметныя пад трохдзённай шчацінай вусны. А калісьці ж ён з такой любоўю майстраваў гэтую самую лаўку і ўсё астатняе тут, у двары, што за адсутнасцю гаспадарскай рукі зараз прыходзіць у заняпад.

Ён успомніў гэткую ж зімову раніцу, толькі пятнаццаць гадоў таму. Тады дома яго чакалі любімая жонка і ненаглядныя дочкі. А цяпер ужо чакае не дачакаецца толькі сябрук і заўзяты сабутэльнік Пашка. Да горла Ігара падкаціў горкі камяк. Нават калі б яму і прапанавалі вярнуць мінулае, ён наўрад ці здолеў бы выправіць свае жыццёвыя памылкі, у яго на гэта проста не было сілы.

А пачыналася ўсё, як ва ўсіх, да брыдкага проста. Спіртное Ігар ўпершыню паспрабаваў у пятым класе. Чымсьці ён тады захварэў, і бацька, сказаўшы, што лепш за ўсё хваробы лечыць гарэлка, даў сыну выпіць пяцьдзесят грам. На смак, вядома, агідна было, але ў памяці засталося прыемнае адчуванне нейкай бязважкасці, забыцця і палёту. Вось гэтыя прыемныя адчуванні, як ён цяпер разумеў, і сталі адпраўным момантам яго спаўзання ўніз, у бездань. Цяпер ён гэта разумеў, ды толькі сіл спыніцца ўжо даўно няма. Ігар стомлена заплюшчыў вочы. Усё жыццё, як адно імгненне, праляцела перад ім.

Дзесьці ў дзевятым класе ён пачаў паволі, але ўжо свядома выпіваць. Хацелася далучыцца да свету дарослых, самасцвердзіцца. Да выпускнога класа гэта ўжо ўвайшло ў звычку. Без пары бутэлек вінца не абыходзіўся ні адзін сумесны з сябрамі вечар. Калі і бывалі выключэнні, можна сказаць, што сустрэча прайшла дарма, бо выпіўка ж спараджала такую весялосць! Бацькі з раніцы да ночы рабілі на заводзе і глядзелі на гэту прыхільнасць сына да спіртнога скрозь пальцы. Не хуліганіць, не б’ецца, у міліцыю не трапляе – ну і добра. Скончыў школу ён не тое каб дрэнна, а як і большасць – здавальняюча. У інстытут, вядома ж, не паступіў. Ды і не асабліва Ігар туды імкнуўся.

Хутка пасля заканчэння школы ён патрапіў у армію. Вярнуўшыся на “грамадзянку” Ігар амаль адразу ажаніўся і гарэлкай да пары да часу не вельмі захапляўся. Надыйшлі ліхія дзевяностыя, ён заснаваў сваю справу. Займаўся другаснай сыравінай, што прыносіла нядрэнны прыбытак. Неўзабаве з’явілася машына, а потым і дом з прысядзібным участкам. З якой любоўю і стараннасцю яны з жонкай уладкоўвалі яго…

– А я ж кахаю яе да гэтага часу, – раптам страпянуўся Ігар. – Толькі яна ніколі не вернецца да мяне, хранічнага алкаголіка. Нават дочкі саромеюцца павітацца са мной, – цяжка ўздыхнуў ён.

Справа, якой займаўся Ігар, была даволі прыбытковай, таму і канкурэнты раслі, як на дражджах. А ў бізнесе, як вядома, выжывае мацнейшы. Пасля кожнай новай няўдачы Ігар машынальна стаў прыкладвацца да чаркі, але яшчэ трымаўся. Калі ж фірма разарылася, разам з ёй у бездань скаціўся і ён. Толькі ў бутэльцы цяпер і бачылася выратаванне. Ні слёзы жонкі і дачок, ні ўгаворы маці, на яго не дзейнічалі. Праз год з невялікім такіх угавораў жонка не вытрымала і з’ехала з дочкамі на прыватную кватэру. Як ён азлобіўся тады! Без гарэлкі і спаць перастаў класціся. Хацелася і забыць, і забыцца. Толькі атрымлівалася гэта вельмі дрэнна. Чым мацней імкнуўся забыцца, тым горш і горш станавілася. У пустым доме хутка з’явіліся сябры-сабутэльнікі. А сам гаспадар стаў падобны на сапраўднага бамжа: даволі часта, пасля працяглай пагулянкі, засынаў ў двары, а то і зусім на вуліцы, пад чужымі платамі.

– А маці… Бедная, колькі давялося ёй перажыць!  І маральна, слухаючы што пра мяне кажуць людзі, і фізічна, надрываючы сваё крохкае здароўе, цягаючы мяне дадому на спіне. Напэўна, гэта і звяло яе раней часу ў магілу, – горкія думкі, нібы жалезнымі абцугамі, сціснулі галаву Ігара.

Ён ужо ляжаў на лаўцы, а сняжынкі зараз і яго павольна накрывалі цёплай коўдрай. Холаду ён не адчуваў, жыццё даўно стала для яго сапраўдным катаваннем, і цяпер яму хацелася проста знікнуць, растварыцца, быццам яго і не было ніколі.

– Ігар! Братка, ты чаго разлёгся тут, я ўжо ўсе вочы праглядзеў!

Ігар ледзь змог расплюшчыць змёрзлыя вейкі. Пашка зноў і зноў тармасіў яго за плечы, спрабуючы прывесці ў пачуццё. Нарэшце ён стаміўся, сеў побач, тупа гледзячы на сабутэльніка.

– А “пузыр” дзе? – Пашка прытанцоўваў ад марозу. Ігар перавёў погляд на гурбу снегу, што намяло побач.

– Ну, ты, сябручок, даеш, – працягваў Пашка, корпаючыся ў снезе. – Замарозіць ці што захацеў? Ну, нічога, замерзне – дык будзем грызці, як у тым анекдоце. Затое і вып’ем, і закусім адразу, – зарагатаў ён, зацягваючы Ігара ў дом…

Фота ўзята з інтэрнэта і носіць ілюстрацыйны характар

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий