- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Зварот да роднай мовы, традыцый, культуры

 

У рамках тыдня “Музей і дзеці” ў школьным музеі “Спадчына” Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы прайшоў шэраг мерапрыемстваў.

Экскурсаводы Дарына Трафімчык, Ангеліна Сцепанчук і Аляксей Дабрыогла пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй аднаго экспаната з экспазіцыі “Беларуская хатка”. Вучні малодшых класаў і выхавальнікі дзіцячага садка даведаліся пра беларускія ручнікі, ганчарныя вырабы, прылады працы сялян канца XIX – першай паловы XX стагоддзяў.

Экскурсаводы Аляксандра Пятрова і Аляксандра Крывапляс прапанавалі здзейсніць падарожжа ў мінулае праз гульні “Знайдзі адрозненні”, “Даскажы слаўцо”, “Знайдзі пару”. Наведвальнікі музея мелі магчымасць дакрануцца да прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зразумець мэту іх выкарыстання.

Бібліятэкар школы падрыхтавала выставу “Я гэты край Радзімаю заву”, дзе можна было даведацца пра знакамітых аднавяскоўцаў, пра аграгарадок Стары Дварэц, гісторыю яго развіцця.

Класныя кіраўнікі З.С.Уцепяргенава і А.А.Дзямідзік праглядзелі і абмеркавалі з хлопцамі і дзяўчатамі відэаролікі “Памяць сэрца” і “Рэха мінулай вайны”.

У экспазіцыі “Векапомныя дні” дзеці маглі азнаёміцца з успамінамі ўдзельнікаў вайны і ахвяр фашысцкіх засценкаў, убачыць фатаграфіі землякоў-франтавікоў.

Увагу наведвальнікаў музея прыцягвае экспазіцыя “З гісторыі школы”. Яна прадстаўлена матэрыяламі пра мінулае і сучаснае школы, фотаздымкамі настаўнікаў і вучняў школы, якія праславілі малую радзіму сваёй працай.

Галоўнай умовай адраджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў з’яўляецца зварот да роднай мовы, народных традыцый, культуры, вуснай паэтычнай творчасці: песень, абрадаў, гульняў, рамёстваў, звычаяў. Важна не забываць аб гэтым, выхоўваючы новае пакаленне грамадзян.

Алена СЦЕФАНКОВА,
кіраўнік музея “Спадчына”
Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий