- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

“Памол” вышэйшага гатунку

 

Вопыт работы па арганізацыі дзіцячага адпачынку Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы.

На традыцыйны конкурс на лепшую праграму выхавання ў аздараўленчых лагерах, які арганізуе НДАЦ “Зубраня” астраўчане прадставілі метадычную распрацоўку па арганізацыі экалагічнай змены “ЭКО Kids”. Мадэль выхавання, апісаная ў ёй, рэалізоўвалася ў лагеры з дзённым знаходжаннем “Млын” на мінулых летніх канікулах.

– Праграма складалася з трох блокаў: “Карысныя накрывачкі”, “Батарэйкі, здавайцеся!” і “Кросбукінг”. Тое, чым займаюцца дзеці на працягу дня, іх бацькі маглі адсочваць у створаных суполках “УКантакце” і “Вайбер”, – расказала дырэктар “Млына”, спецыяліст цэнтра творчасці Вольга Сцефановіч. – Выхаванцы вучыліся правільна збіраць і здаваць адходы, даведваліся пра іх негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, дарылі непатрэбным рэчам другое жыццё на майстар-класах. Для дзяцей было арганізавана шмат забаўляльных праграм і свят. 

Акрамя падрабязнага апісання ідэі змены, аўтары – Вольга Сцефановіч і Святлана Марцінкевіч – змясцілі ў метадычнай распрацоўцы план правядзення мерапрыемстваў; іх сцэнарыі і дадаткі: лагатыпы, эмблемы, матэрыялы і ідэі для афармлення стэндаў, атрадных пакояў; неабходнае тэхнічнае аснашчэнне і іншае. Словам, толькі бяры – і карыстайся.

У выніку праца астравецкіх “млынароў” адзначана Дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”.

Рыта ДРЭМА
Фота з архіва Астравецкага ЦТДіМ

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий