- МІНШЧЫНА, Рэгiёны

Пасадзілі дрэўцы – хай растуць!

 

Нашы навучэнцы мелі намер упрыгожыць тэрыторыю вакол сваёй школы. Дзеці здзейснілі сваю мару падчас удзелу ў Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Чысты лес”, прымеркаванай да Году малой радзімы.

Каля будынка ўстановы сабралася гаманкая дзятва пачатковых і старэйшых. На прыступках ганка школы ў пакуначках з паперы чакалі нас хваінкі.

Надвор’е выдалася добрае. І праца закіпела. Хто рулеткай мераў даўжыню і шырыню, хто капаў ямкі, хто асцярожна прысыпаў маленькія, падобныя на травінкі, хваінкі. Дрэўцам толькі год, вырошчвалі іх у гадавальніку.

Час за працай бяжыць непрыкметна. Азірнуцца не паспелі, а больш за паўсотні дрэўцаў пасадзілі. Няхай растуць наша хвоі. А часу ў іх шмат: за гадоў сем-восем хвоя вырастае прыкладна на адзін метр. Вось і марылі-гадалі дзеці, якімі будуць дрэўцы, калі закончацца іх школьныя гады. Хлопчыкі і дзяўчынкі давалі хваінкам свае імёны. І зараз яшчэ зусім маленькія, крохкія дрэўцы маюць імёны Ульяна, Ганна, Дзяніс, Марк, Сафія і іншыя.

Пройдуць гады, дрэвы вырастуць, набяруцца моцы і будуць упрыгожваць наш школьны двор, стадыён, дарожку, якая пралягае паўз школу.

Праз колькі гадоў наша вёска Баравікі зашуміць, заспявае салаўінымі песнямі ў голлі дрэў, адзавецца звонкімі дзіцячымі галасамі на школьным двары. Расціце нашы хвойкі, а разам з вамі няхай расце наша маладое пакаленне, будучыня краіны.

Ала ЗАНЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Баравікоўскай базавай школы
Дзяржынскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий