- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Свята Хэлоўін на уроку англійскай мовы

 

Нетрадыцыйна вырашылі правесці ўрок англійскай мовы ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні. Вучні і пра свята Хэлоўін шмат цікавага даведаліся, і новыя словы вывучылі.

Кожны настаўнік замежнай мовы павінен дапамагчы сваім выхаванцам пераадолець нялёгкі шлях асваення невядомага ім прадмета, знайсці такія прыёмы і спосабы, каб абудзіць у вучняў цікавасць і жаданне асвойваць такія цяжкія, на першы погляд, фразавыя і няправільныя дзеясловы, пэўныя і няпэўныя артыклі, незразумелую сістэму часоў. Нетрадыцыйныя тэматычныя ўрокі могуць стаць своеасаблівай палачкай-ратавалачкай, пасрэднікам знаёмства з культурай і традыцыямі краіны вывучаемай мовы, абудзіць у вучняў цікавасць і да самой мовы. Сухое завучванне матэрыялу часта вядзе да негатыўных адносін да прадмета, а вось калі занятак напоўнены яркімі эмацыянальнымі перажываннямі, пагружае вучняў у атмасферу свята і весялосці, то і новыя лексічныя адзінкі і граматычныя канструкцыі запамінаюцца хутчэй і прасцей.

Менавіта такім атрымаўся апошні ўрок першай чвэрці ў 4 “Б” класе сярэдняй школы № 7 Смаргоні. А дата 30 кастрычніка як нельга дарэчы мела дачыненне да хэлоўінскага настрою. Практычна ніхто ў групе не ведаў гісторыю паходжання гэтага старажытнага свята. Тое, што ярка-аранжавы гарбуз з’яўляецца знакам заканчэння лета і своеасаблівым абярэгам ад злых духаў, таксама было для маіх малых у навінку. Аднак у канцы ўрока ужо кожны мог растлумачыць прысутнасць гэтай гародніны ў дэкарыраванні дамоў і двароў Англіі і ЗША, дзе таямнічае свята Хэлоўін адзначаецца з найбольшым размахам. А вясёлыя і пацешныя “гарбузовыя” прыклады дапамаглі ўспомніць дзецям англійскія лічэбнікі, засвоеныя некалькі ўрокаў таму. Заданне ў группах “Знайдзі адрозненні ў малюнках” развівала не толькі ўвагу, але і было накіравана на засваенне новых слоў, звязаных з тэматыкай Хэлоўіна. Не абышлося, вядома ж, і без творчасці: кожная пара атрымала на выбар адну “жудасную” карцінку. Мае чацвертакласнікі, узброіўшыся алоўкамі, фламастарамі і несуцішнай фантазіяй, праз некалькі хвілін прадставілі на мой суд сапраўдныя “шэдэўры”. Выбраць пераможцу было вельмі складана, таму рашэнне ўзнагародзіць усіх удзельнікаў было прынята практычна без доўгіх разважанняў.

 

Аднак кааб атрымаць свой маленькі салодкі прыз, вучням неабходна было ўспомніць хэлоўінскую фразу, вядомую ўсёй дзятве Брытаніі, – Trick or treat!

Чорныя каты і лятучыя мышы, ведзьмачкі з павукамі, ярка-аранжавыя гарбузы з падпаленымі вачамі, нечаканыя прысмакі і вясёлыя заданні – усё было на гэтым уроку. А яшчэ тут панавала атмасфера ўзаемадапамогі і павагі да таварышаў, некрывадушная цікавасць да звычаяў і традыцый такой далёкай, але такой цікавай Вялікабрытаніі.

Дзякуючы гэтаму занятку мае вучні сталі бліжэй да Туманнага Альбіёна хай на адзін маленькі, але такі важны крок.

Таццяна СЛАБКО,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий