- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У пошуках панскіх скарбаў

 

Каб цікава і з карысцю прайшлі восеньскія канікулы, 3 лістапада вучні сярэдніх класаў Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы накіраваліся ў музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”, дзе для дзяцей была арганізавана цікавая экскурсійна-гульнявая праграма “Таямніца панскіх скарбаў”.

На ўваходзе ў маёнтак нас сустрэў ветлівы экскурсавод Уладзімір у прыгожай шляхецкай вопратцы, і мы адразу ж акунуліся ў далёкую эпоху XVIII стагоддзя. Уладзімір зацікавіў вучняў, паведаміўшы, што гаспадар маёнтка, Леон Оштарп, быў вельмі багаты і пакінуў пасля сябе скарбы. Але каб іх адшукаць, неабходна здабыць падказкі, рашаючы разнастайныя задачы і праходзячы розныя іспыты. Дзеці з хваляваннем згадзіліся прыняць удзел у пошуках скарбаў.

На пачатку мы даведаліся, што ў Оштарпаў быў свой уласны конезавод (будынак стайні ёсць і зараз) і нават цырк. І дзеці, і дарослыя атрымалі вялікае задавальненне, калі нам прапанавалі пакатацца на брычцы! Затым мы наведалі музей, у якім пабачылі макет маёнтка і змаглі ўявіць, якім быў сам маёнтак у XVIII стагоддзі. Даведаліся, што ў розныя перыяды гісторыі сядзібай валодалі не толькі Оштарпы, але і Сапегі, і Завішы, і нават Казімір Агінскі. Мы ўбачылі вопратку, якую насіла местачковая знаць у эпоху Рэнесанса, розную вогнестрэльную зброю, шаблі, мячы, даспехі, музычныя інструменты і прадметы быту далёкай даўніны. У поўнай меры адчулі атмасферу багаццяі раскошы, у якой жылі беларускія арыстакраты. Тут жа вучні, слухаючы цікавы аповед паненкі Ірыны, знаходзілі схаваныя падказкі і разгадвалі крыжаванку. А каб даведацца, якім будзе наступнае выпрабаванне, неабходна было прачытаць “зашыфраваную” падказку. І вось мы трапляем ў падрыхтоўчы ваярскі лагер, дзе вучні спрабуюць свае сілы ў кіданні невялікай дзіды (суліцы). Сапраўднымі ваярамі хацелася стаць не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам, і нават дарослым.

Справіўшыся з выпрабаваннем і атрымаўшы добры зарад бадзёрасці, мы рушылі за Уладзімірам у цудоўны свет рамяства і наведалі чатыры майстэрні. У кузні вучні даведаліся пра нялёгкую працу каваля і на свае вочы ўбачылі, як з простага жалезнага прута можна зрабіць прыгожыя прадметы. Напрыклад, выкаваць падкову альбо прыгожую жалезную кветку. У ганчарнай майстэрнідзеці, прыціхшы, назіралі, як майстар за некалькі хвілін вырабіў цудоўную вазу з гліны.

У наступнай майстэрні мы даведаліся пра сакрэты ткацтва. А колькі тут было розных лялек з тканіны! Гэта і падарожніцы, і дамавікі, і вяснянкі, і сарока з дзеткамі, і казачная Баба-Яга з мятлой…

У майстэрні васковых свечак уразіла колькасць і разнастайнасць вырабаў і прыемны пах натуральнага мёду. Для нас быў праведзены майстар-клас па вырабе свечак з палосак вашчыны і іх упрыгожванні.

У кожнай майстэрні, акрамя цікавага аповеда майстроў пра сваю працу, вучням неабходна было адказваць на розныя пытанні, каб атрымаць частку карты з указаннем, дзе схаваны скарб.

Нарэшце ўсе выпрабаванні былі пройдзены, і карта складзена поўнасцю. Заставалася толькі адшукаць сцяжынку, якая прывядзе да млына. Кожнаму хацелася першаму знайсці і дакрануцца да скрыні са скарбам. І вось яна, перамога: скарб адшуканы!

Кожны ўдзельнік атрымаў на памяць частачку скарбу. Але галоўны скарб – гэта веды, якія дзеці набылі ў час гульнявой праграмы.

Развітаўшыся з гасцінным Уладзімірам, мы ужо самастойна наведалі яшчэ адно адметнае месца Дукорскага маёнтку – “перавернуты дом”. Гэта адзіны падобны будынак у Беларусі. Яго наведванне пакінула своеасаблівыя ўражанні і ў дзяцей, і ў дарослых. Мы таксама змаглі паглядзець на жывёл у заасадзе, загадаць жаданне каля 400-гадовага дуба і набыць сабе розныя сувеніры.

Стомленыя, але ў добрым настроі, ужо прыцемкам мы вярталіся дадому. І кожны з нас лічыў сябе сапраўдным шукальнікам прыгод і скарбаў.

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий