- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзіўныя ноты “Асенняй рапсодыі”

 

Актыўныя і ініцыятыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі сабраліся на восеньскіх канікулах у аздараўленчым лагеры “Асенняя рапсодыя”, што працаваў у Вераб’евіцкім дзіцячым садзе – базавай школе.

Кожны дзень – “нота рапсодыі”, і ў кожнай свая тэматыка: “Ура! Канікулы!”, “Вясёлка творчасці” , “Імя маёй Радзімы – Беларусь”, “Казачнае падарожжа”, “На шляху да здароўя і бяспекі”, “Казачная восень”.  

Удзельнікі лагера аб’ядналіся ў атрад “Новае пакаленне”. “Не задаволены – спрачайся. Калі спрачаешся – прапаноўвай. Калі прапаноўваеш – рабі”, – такім быў дэвіз атрада. У аздараўленчым лагеры кожны мог не толькі знайсці мерапрыемствы на свой густ, але і раскрыць свае таленты і ўменні.

У першы дзень пасля афармлення атрадных газет і конкурсных выступленняў “Давайце пазнаёмімся” прайшоў конкурс малюнкаў “Ура! Канікулы!”. Малюнкі ў поўнай меры перадалі настрой дзяцей ад надыходу доўгачаканых канікулаў.

У другі дзень – “Вясёлка творчасці” – дзеці здзейснілі віртуальнае падарожжа “Сем цудаў свету”. Пасля падарожжа зрабілі для сябе вывад: няма нічога немагчымага ў жыцці, калі чалавек сапраўды мае вялікае жаданне. І цуды свету – таму пасведчанне.

Затым у лагеры прайшоў конкурс калажаў “Што нам восень падарыла…”. Кожная група старалася перадаць атмасферу восені, незвычайна і крэатыўна нагадаць пра яе падарункі.

 

Трэцяя “нота рапсодыі” была прысвечана Беларусі. Дзеці з задавальненнем паглядзелі дакументальны фільм “Па старонках гісторыі Беларусі” і наведалі школьны краязнаўчы музей, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй пад назвай “Музей у чамадане”. Увагу вучняў прыцягнулі тры экспанаты. Гэта ліхтарык пуцявога абходчыка (хаця многія былі ўпэўнены, што чыгункі ў нашай мясцовасці ніколі не было), доўбня для ўкладкі дарогі (або брукаванкі) у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і запісы пра налічванне працадзён перыяду калектывізацыі. Выхавальнікі з цікавасцю распавядалі пра гісторыю і выкарыстанне рэчаў, а вучні з не меншай цікавасцю іх слухалі.

Чацвёртая “нота” – “Казачнае падарожжа” – пачалася з прагляду пазнавальнага фільма “Як да нас прыйшло кіно?”. Нікога не пакінула раўнадушным віктарына па старонках казак і фільмаў “Там, на невиданных дорожках…”. І, канечне, нішто не захапляе так, як стварэнне ўласных пастановак. Вучні паспрабавалі інсцэніраваць казку “Рэпка”. Вось тут ужо сапраўды было раздолле для творчасці! Кожны знайшоў ролю для сябе. А гледачамі выступілі выхавальнікі і настаўнікі школы.

Пятая “нота” пад назвай “На шляху да здароўя і бяспекі” запомнілася правядзеннем флэшмоба “Мы за здаровы лад жыцця” і круглым сталом “Кібербулінг. Што гэта?”. Навучэнцы прагледзелі відэаролікі з аповедам іх равеснікаў, як яны сутыкнуліся з траўляй у інтэрнэце, якія формы мае такая траўля і, самае галоўнае, як ёй супрацьстаяць.

Шостая “нота” – “ Казачная восень” – завяршылася інтэлектуальным марафонам “Разумнікі і разумніцы” і падвядзеннем вынікаў. 

Ну а апошняя, сёмая “нота” – нота асэнсавання зробленай работы.

Кожны наведвальнік аздараўленчага лагера змог знайсці занятак на свой густ, паспрабаваць свае сілы ў спартыўных мерапрыемствах, якія праходзілі штодня, разнастайных віктарынах і конкурсах, працоўных і дабрачынных акцыях. Вось так і стварылася асенняя рапсодыя, мелодыя восені. І ў кожнага яна атрымалася непаўторнай і сваёй.

Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
выхавальнік лагера “Асенняя рапсодыя”
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий