- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Кошык дапамогі ад цімураўцаў

 

Напярэдадні канікул у Клайшанскай базавай школе стартавала акцыя “Кошык дапамогі”. На пасяджэнні школьнага актыву цімураўцы абмеркавалі і зацвердзілі план мерапрыемстваў, прызначылі адказных, размеркавалі даручэнні.

Канікулы даюць выдатную магчымасць выказаць глыбокую павагу і сказаць цёплыя словы падзякі ўсім пажылым людзям за іх добрасумленную працу, за іх велізарны жыццёвы вопыт, дабрыню, мудрасць. Цімураўцы нашай школы ведаюць, што пажылыя людзі павінны адчуць, што вакол жывуць тыя, хто па закліку душы і сэрца здольны падзяліць іх праблемы і клопаты, падарыць ім надзею.

31 кастрычніка навучэнцы 8-га класа нашай школы арганізавалі працоўны дэсант. Яны аказалі адрасную дапамогу адзінокаму пенсіянеру С.С.Бальцэвічу, які жыве ў вёсцы Клайшы. Дзядуля вельмі ўзрадаваўся дапамозе піянераў. Ён паказаў фронт работы, а нашы хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю яе выканалі. Станіслаў Станіслававіч падзякаваў і запрасіў, каб прыходзілі часцей.

А вось піянеры отрада “Факел” не абыйшлі сваёй увагай былога кухара нашай школы Галіну Іванаўну Кулік, якая ўжо больш за 15 гадоў знаходзіцца на пенсіі. Жанчына вельмі любіць вязаць. А вязаных сувеніраў у яе столькі, што вочы разбягаюцца. Гэта і пухнатыя коцікі, і маленькія сабачкі. Гаспадыня дома вельмі прыветліва прыняла піянераў, саромеючыся даць ім працу па гаспадарцы. Але ўсё ж дзяўчаты прыбраліся ў двары, падмялі апалае сухое лісце, хлопчыкі вынеслі адцвіўшыя кветкі. За невялікую працу Галіна Іванаўна пачаставала рабят гасцінцамі, якія прыгатавала сама. Цімураўцы абяцалі прыйсці да яе і ў наступны раз.

А самым цікавым быў збор яблыкаў у пенсіянеркі М.Э.Турэвіч. Сёлета ў садах вырас рэкордны ўраджай. Праца ў цімураўцаў праходзіла весела, дзеці былі поўныя запалу і аптымізму і пастаўленую задачу выканалі добрасумленна. А іх працавітасці і адказнаму стаўленню да справы можа пазайздросціць нават дарослы.

Прывучаць чалавека рабіць дабро трэба як мага раней, з самага дзяцінства. Мы не ведаем, кім стануць у будучыні выпускнікі нашай школы, але ўпэўненыя ў адным: яны заўсёды будуць рабіць дабро, таму што растуць неабыякавымі людзьмі. Гэтаму спрыяе цімураўскі рух дзяцей нашай школы. У цімураўскай працы хлопчыкі і дзяўчынкі аказваюць пасільную дапамогу пажылым людзям, ветэранам працы. У сваёй працы вучні імкнуцца разглядзець чужую бяду, умела і хутка прыйсці на дапамогу. А пажылыя людзі гэтаму вельмі рады.

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий