Вандроўка па малой радзіме: Дворышча

- 19:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Лідскі край багаты на прыгожыя мясціны. Шмат захавала наша малая радзіма і славутасцей: цэрквы і касцёлы, старажытныя селішчы і сядзібы, помнікі і мемарыялы часоў Вялікай Айчынай вайны, аб’екты прыроды і арыгінальныя скульптурныя формы. Усяго ў спіс помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 47 аб’ектаў.

Падчас Года малой радзімы вучні сярэдняй школы № 11 Ліды здзейснілі ўжо не адну вандроўку па родным краі і змаглі пазнаёміцца з шэрагам славутасцей Лідскага раёна, а сваімі ўражаннямі не раз дзяліліся з чытачамі на старонках раённай газеты. На гэты раз маршрут школьнікаў быў пракладзены ў аграгарадок Дворышча.

Яшчэ на пад’ездзе да свайго пункта назначэння ўсіх вандроўнікаў уразілі бярозы, якія прыгожа размясціліся ўздоўж трасы. Сваёй урачыстасцю і прыгажосцю яны быццам бы вярнулі нас на некалькі стагоддзяў назад і нагадалі падарожжа па Кацярынінскім тракце. Так, бярозы хоць і не вельмі старыя, ды і наўрад сама імператрыца Кацярына II падарожнічала па гэтай дарозе, але ж сама атмасфера і традыцыя высаджваць уздоўж дарогі бярозы пайшла менавіта з тых часоў. І гэтае ўражанне аказалася нездарма.

У мінулым Дворышча – мястэчка, якое раскінулася на маляўнічых берагах ракі Жыжма. Літаральна пры ўездзе ў населены пункт з першых метраў нас сустрэла гісторыя. Яе сляды засталіся паўсюды: на месцы былой капліцы, былога панскага палаца і там, дзе і сёння часткова захаваліся будынкі старадаўняга фальварка (вадзянога млына, крухмальнага завода, карчмы, лядоўні).

 

Сапраўдным падарункам для вучняў лідскай сярэдняй школы № 11 стала сустрэча з чалавекам, які большую частку свайго жыцця не проста пражыў у Дворышчах, а ўнёс вялікі ўклад ў развіццё як гэтага населенага пункта Лідскага раёна, так і ўсяго сельгаспрадпрыемства. Віктар Іванавіч Кудла – у мінулым кіраўнік эксперыментальнай базы “Ніва”, сёння больш вядомы як лідскі краязнавец, мастак, фермер. Менавіта з яго вуснаў вандроўнікі і даведаліся пра гісторыю мястэчка Дворышча: адкуль пайшла назва, каму належыў гэты населены пункт, калі ўзгадваецца ўпершыню ў пісьмовых крыніцах. Як заўважыў Віктар Іванавіч, у лістападзе гэтага года дварышчанцы адзначаць 500-годзе з дня першага ўпамінання мястэчка. Сядзіба XIX стагоддзя, на жаль, не захавалася. Яна цалкам згарэла ў час Першай сусветнай вайны. Але захаваліся фрагменты будынкаў, сцены якіх былі сведкамі гістарычных падзей розных часоў. Нягледзячы на свой немалы ўзрост, аб’екты сядзібнага комплексу не з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Больш за ўсё, як мы ўбачылі, пашчасціла вадзяному млыну. Яго аднаўленнем ужо амаль 10 гадоў займаецца турыстычная фірма, якая заснавала ў будынку музей з функцыяй сядзібы і рознымі забаўкамі.

Не менш цікавым аб’ектам для наведвання школьнікаў стала дзіцяча-юнацкая конна-спартыўная школа (цяпер – аддзяленне коннага спорту Лідскай комплекснай ДЮСШ № 4). Як мы даведаліся, гэта таксама асаблівы гонар нашай малой радзімы. З таго часу, як у 1987 годзе па ініцыятыве і пры актыўным удзеле кіраўніцтва былога сельгаспрадпрыемства “Ніва” у Дворышчы была адкрыта секцыяконнага спорту, тут было падрыхтавана 5 майстроў спорту па канкуры (пераадоленні перашкод), 8 кандыдатаў у майстры спорту, 13 спартсменаў першага разраду. Але ж самым незвычайным для дзяўчат і хлопцаў падчас наведвання конна-спартыўнай школы стала прагулка верхам на конях.

У цэнтры аграгарадка, каля школы, мы падышлі да скульптурнай кампазіцыі, якая прысвечана землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчынай вайны. Помнік выглядае велічна і грандыёзна: з барэльефнымі выявамі абліччаў двух воінаў, партызана, дзвюх жанчын і дзіцяці. Хвілінай маўчання мы ўшанавалі памяць загінуўшых за мірнае неба над галавой.

Яшчэ адной славутасцю Дворышча з’яўляецца этнаграфічны пакой “Спадчына” пры сельскай бібліятэцы. Там у выглядзе экспанатаў засяродзілася ўся гісторыя побыту дварышчанскага краю.

Раім ўсім хоць раз зазірнуць ў Дворышча: сучасная прыгажосць і старажытная частка мястэчка зачаруюць і прывабяць вас ў гэты аграгарадок.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий