Канікулы весела і бяспечна

- 16:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

З просьбай адкрыць лагер з дзённым знаходжаннем у школу звярнуліся бацькі вучняў. І лагер “Восеньскі калейдаскоп” Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы гасцінна адчыніў дзверы для пяці дзяўчынак і пяці хлопчыкаў 6–10 гадоў.

Усё ў лагеры было прадумана для дзяцей: маляўніча аформленыя класныя пакоі, у сталовай чакалі смачныя сняданкі, абеды і падвячорак, штодня планаваліся святы, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, эстафеты, гутаркі па ахове жыцця і здароўя дзяцей. Уся выхаваўчая праца накіравана на забаву і аздараўленне дзяцей.

31 кастрычніка ў лагеры адбылося свята “Прывітанне, лагер!”. Кожная каманда прыдумала сабе назву, дэвіз. І закіпела жыццё …

Першы дзень працы лагера, як паказала анкетаванне, пакінуў у дзяцей самыя добрыя ўражанні. Бо яны не проста знаёміліся, прыдумлялі цікавыя назвы і дэвізы, а рабілі гэта ў творчай, гульнявой форме. Гульня-эстафета “Як выдатна, што ўсе мы тут сёння сабраліся” дазволіла кожнаму праявіць свае творчыя здольнасці, фантазію, дапамагла пасябраваць і згуртавацца. Дзеці з азартам выконвалі ўсе конкурсныя заданні: шукалі на тэрыторыі лагера літары, каб скласці слова, адказвалі на займальныя пытанні, танцавалі, разыгрывалі тэатр-экспромт, гулялі. А скончылася мерапрыемства вясёлым танцавальным флэшмобам. Заводзілі ўсіх вясёлыя і творчыя важатыя. Абыякавых на пляцоўцы не было. У першы дзень быўправедзены інструктаж па правілах бяспечных паводзін у грамадскіх месцах і транспарце, правілах дарожнага руху, паводзін каля вадаёмаў, у час спартыўных і масавых мерапрыемстваў.

Вясёлы, актыўны адпачынак – гэта залог паспяховых канікул. Але, безумоўна, і бацькі, і педагогі жадаюць, каб адпачынак быў яшчэ і бяспечным. Другі дзень знаходжання ў лагеры быў абвешчаны днём бяспекі. Тым больш сімвалічна гэта было, бо змена ў лагеры супала з тыднем па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. У сувязі з гэтым з дзецьмі былі праведзены прафілактычныя гутаркі, інструктажы. А каб усе правілы запомніліся надоўга, прадстаўлены яны былі любімымі мультыплікацыйнымі героямі. У гэты ж дзень у лагеры прайшла вучэбная эвакуацыя. Акрамя таго, карысным і творчым быў практыкум “Паважай правілы дарожнага руху”, які праходзіў на абсталяванай пляцоўцы з мадэляваннем дарожнай сітуацыі і выкарыстаннем дарожных знакаў.

Штодня для рабят праводзілася зарадка і рухомыя гульні на свежым паветры. Нашы дзеці прынялі актыўны ўдзел у спартландыі “У здаровым целе – здаровы дух”, а спартыўны квест “Фізкульт! Ура!” не толькі спрыяў умацаванню здароўя, але развіваў спрыт, знаходлівасць, шпаркасць, кемлівасць і згуртоўваў хлопчыкаў і дзяўчынак. Надоўга застанецца ў памяці і спартыўны кругазварот, у якім дзеці паказалі веданне розных відаў спорту.

Дзеці праявілі сябе не толькі ў спорце, але і ў творчасці: малявалі, спявалі, танцавалі. Гэтаму садзейнічаў і практычны занятак, на якім выхаванцы працавалі ў тэхніцы “Манатыпіі” і малявалі асенні букет для матулі. Сяброўства, салідарнасць, згуртаванасць праявілі ўдзельнікі лагера і ў гульні-падарожжы “Сакрэты здароўя”. Перамогу атрымала каманда “Шчаслівы выпадак”.

Старанна рыхтаваліся дзеці да такога мерапрыемства, як завочнае падарожжа “Ніколі не забудзем: унукі і праўнукі пра вайну”, якое было прысвечана 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, дзе школьнікі падзяліліся ўспамінамі сваіх дзядуль і прадзядуль пра тыя цяжкія часы.

Спадабаўся ўсім марафон-фэст “Кірмаш талентаў”, дзе мы зразумелі, што ў нашай школе вельмі шмат яркіх і таленавітых дзяцей, якія падчас навучальнага працэсу,магчыма, не раскрываюцца, а падчас лагернай змены стараліся паказаць сябе, і гэта ў іх атрымалася .

На ўрачыстай лінейцы былі падведзены вынікі. Усім удзельнікам лагера “Восеньскі калейдаскоп” былі ўручаны прызы. Вядома ж, гатовага рэцэпту весёлых і карысных канікул не існуе. Але настаўнікі нашай школы перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Дарослыя імкнуцца, кааб дзецям было весела, і кааб кожны дзень быў для іх незабыўны.

Таццяна СЯЎКО,
дырэктар аздараўленчага лагера
Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий