- МІНШЧЫНА, Рэгiёны

Восеньскае аздараўленне – на выдатна

 

Для арганізацыі вольнага часу вучняў у школе традыцыйна працуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем.

Відавочна, што цяперашняя эпідсітуацыя ўнесла свае карэктывы: невялікія атрады, штодзённае вымярэнне тэмпературы цела, максімальнае дыстанцыяванне (пачынаючы з харчавання ў сталовай і заканчваючы забаўляльнымі мерапрыемствамі), павышаная ўвага захаванню правіл асабістай гігіеныі інш.Тым не менш, арганізацыя адпачынку дзяцей падчас канікул не губляе актуальнасці, і менавіты школьныя лагеры вырашаюць гэтае пытанне. Работа ў іх плануецца з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, а праграма лагераў заўсёды насычана рознымі спартыўна-пазнавальнымі развіваючымі мерапрыемствамі і гульнямі, якія спрыяюць актыўнаму адпачынку выхаванцаў, а галоўнае, фарміруюць творчыя здольнасці дзяцей.

За 6 дзён восеньскай змены 1460 дзяцей Мінскага раёна аздаравіліся ў лагерах з дзённым знаходжаннем на базе 30 устаноў адукацыі.

Творчым развіццём навучэнцаў актыўна займаўся лагер “Планета дзяцінства” Заслаўскай сярэдняй школы № 2 імя М.К.Пуцейка, даўшы дзецям навыкі журналістыкі, жывапісу, тэатральнага мастацтва і кіно. Педагогі IQ-лагера Clever Camp ясляў-сада – пачатковай школы Ждановічаў дапамаглі дзецям развіць прасторавае мысленне, логіку, павялічыць хуткасць чытання. Акцэнт на развіццё навыкаў здаровага ладу жыцця выбраў для сябе аздараўленчы лагер “Сонейка”, які працаваў на базе дзіцячага сада – сярэдняй школы аграгарадка Чачкава. Бараўлянская, Міханавіцкія, Шчамысліцкая, Самахвалавіцкая і Прылуцкая сярэднія школы арганізавалі свае змены такім чынам, што кожны дзень быў прысвечаны вызначанаму кірунку развіцця асобы дзіцяці: спорт, творчасць, інтэлект, бяспека, патрыятычнае выхаванне. Лагер Professioncamp Бараўлянскай сярэдняй школы № 3 выбраў прыярытэтным кірункам прафарыентацыйную работу з выхаванцамі, даўшы ім магчымасць пазнаёміцца з максімальнай колькасцю разнастайных прафесій, а ў некаторых нават і паспрабаваць свае сілы.

Спадзяемся, што дні, праведзеныя ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем, надоўга запомняцца школьнікам і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.

Вольга ХАРЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Бараўлянскай сярэдняй школы № 2
Мінскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий