Аздараўленне і анлайн-навучанне – гэта магчыма

- 21:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Анлайн-лагер Smaile Camp – гэта не значыць, што ўсе канікулы за камп’ютарам. Гэта і рухальныя размінкі, і фізічныя практыкаванні афлайн, і “інспектаванне” пакоя, хаты, кватэры, двара для падрыхтоўкі да заданняў анлайн. Мы не супраць традыцыйнага аздараўлення і навучання, аднак каварная эпідэмічная сітуацыя “замуравала” звыклую сістэму.

Дзіцячы лагер Smaile Camp на базе раённага цэнтра па рабоце з адоранымі навучэнцамі гімназіі № 1 Зэльвы спецыялізаваўся на развіцці матываваных навучэнцаў. Тыдзень восеньскіх канікул удаўся. Заданні для вучняў дапамагалі развіць творчыя здольнасці, крэатыў, пашырыць веды па англійскай, рускай і беларускай мовах.

У атрадзе англійскай мовы Englishland былі навучэнцы 4-га класа, у анлайн-атрадзе рускай мовы “Грамата” –пяцікласнікі, у атрадзе беларускай мовы –шасцікласнікі. Лагер прыняў 27 школьнікаў з гімназіі № 1 Зэльвы, Дзярэчынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы і Каралінскай сярэдняй школы № 3.

Перад пачаткам работы з удзельнікамі абумовілі правілы культурных віртуальных зносін, пісьменнасці і павагі ў чатах і анлайн-сустрэчах. Лагерны дзень стартаваў у 10:00 у агульнай групе ў вайберы. Навучэнцаў чакалі рухальная відэаразмінка і цікавыя заданні па ўбачаным. Затым усё пераходзілі ў Zoom, дзе віталі адно аднаго і адпраўляліся на платформы сваіх атрадаў для далейшай работы. Многія дзеці навучыліся працаваць у новых сэрвісах, што і карысна, і выдатна. Развіццё, уменне арыентавацца ў інструментах мэсэнджара і анлайн-платформ развівае інфармацыйную культуру школьнікаў.

У атрада Englishland ў вайбер-групе праходзіла ранішняя моўная размінка. Навучэнцы адгадвалі прадмет па апісанні, знаходзілі ў сябе дома, адпраўлялі яго фота з подпісам. Пасля яны размаўлялі на відэасустрэчы ў Zoom. Абмяркоўвалі знаёмства, прадстаўленне сябе (маўленчая сітуацыя – зарэгістравацца на сайце Friendsonline.com, знайсці сябра), пошук сябра, апісанне сям’і і сяброў, дыялог “У кафэ”. Педагог хацеў развіць дыялагічнаемаўленне на аснове рэальных жыццёвых сітуацый. У гульнявой форме навучэнцы замацоўвалі вывучаныя лексіка-граматычныя структуры: множны лік назоўніка, прыналежны склон, указальныя займеннікі. Матэрыял для самастойнага паўтарэння і замацавання школьнікі маглі знайсці ў віртуальным кабінеце англійскай мовы, а дадаткова патрэніравацца– на сайце resh.edu.ru. Каб дзеці не стамляліся ад доўгага сядзення за камп’ютарам, праходзілі дынамічныя фізкультхвілінкі.

Заняткі ў анлайн-атрадзе “Грамата” праходзілі ў Zoom. Заданні вучні атрымлівалі ў вайберы, праз яго дэманстравалі і вынікі сваёй работы. Асаблівую ўвагу надавалі арфаграфіі і правілам віртуальных зносін. Дадатковыя творчыя заданні для самастойнага выканання можна было знайсці на платформе “Лингвоэкспресс”. Большасць заданняў прапаноўвалася ў гульнявой форме, каб дзецям не стала сумна: лінгвістычны футбол, вітамінавая дыктоўка, лінгва-гульня“Крыжыкі-нулікі”,анлайн-тэсты, конкурс “Бурыме”. Дзеці вырашалі шарады, загадкі, агучвалі лингвамемы патэматыцы асноўных раздзелаў лінгвістыкі.

Атрад беларускай мовы працаваў у групе “УКантакце”. Кожны дзень пачынаўся з прадметнай фотаразмінкі. Трэба было выканаць розныя заданні з апорай на рэчы сваёй кватэры ці дома, выкарыстоўваючы архіўную лексіку і неалагізмы. Відэапаведамленні і гутаркі развівалі лексічны запас і дазвалялі больш свабодна размаўляць па-беларуску. Гэты атрад стаў самым актыўным, яго выхаванцы рэгулярна наведвалі заняткі.

У канцы змены актыўныя і творчыя ўдзельнікі атрымалі дыпломы, вызначыўся лідар лагера. Электронныя дыпломы адправілі ўсім удзельнікам змены.

Нягледзячы на тое, што гэта новы і нязвыклы фармат заняткаў, дзеці адгукаюцца пра яго добра. Яны цікавяцца, ці будуць падчас вучобы такія заняткі, калі адбудзецца наступная змена. Мы плануем адкрыць новую змену на зімовых канікулах.

Таццяна НАЙДАР,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 1 Зэльвы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий