- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Лістапад – месяц эканоміі электраэнергіі ў Вераб’евічах

 

У 2008 годзе па ініцыятыве ўдзельнікаў Міжнароднага школьнага праекта па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі SPARE 11 лістапада абвешчана Днём энергазберажэння, які атрымаў статус міжнароднага. У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Рэспубліка Беларусь падтрымала і далучылася да святкавання гэтага дня. У 2020 годзе Рэспубліка Беларусь адзначае Міжнародны дзень энергазберажэння ў дванаццаты раз.

У гэты дзень ва ўстанове адукацыі прайшоў шэраг мерапрыемстваў. Так, для навучэнцаў 8–9 класаў настаўнікі правялі ўрок “Энергазберажэнне”, а вучні 6–7 класаў прынялі ўдзел у анкетаванні “Як мы эканомім электраэнергію дома”. Цікава, што навучэнцы 8-га класа папярэдне сумесна з бацькамі склалі “Энергетычны пашпарт” свайго дома, а на навучальным занятку па фізіцы разлічылі сумарнае спажыванне электраэнергіі за суткі, вызначылі масу выкарыстанага паліву і аб’ём вылучанага пры гэтым вуглякіслага газу.

Пачаткоўцы і дашкольнікі таксама далучыліся да дня энергазберажэння: працавалі над малюнкамі, разгадвалі крыжаванкі, рэбусы па энергазберажэнні, у бібліятэцы для іх была аформлена тэматычная выстава “Беражы энергію! Захавай планету!”, а выхаванцы рознаўзроставай групы дзіцячага сада адправіліся падарожнічаць па краіне “Беражлівія”.

 

Усе мерапрыемствы былі накіраваныя на прыцягненне ўвагі да праблем выкарыстання энергіі, эканоміі энергарэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыцягненне школьнікаў і іх бацькоў у карысную дзейнасць па энерга- і рэсурсазберажэнні. Вынікам жа работы гэтага дня стала тое, што мы абвясцілі лістапад месяцам эканоміі электраэнергіі ў Вераб’евічах. З 11 лістапада стартуе акцыя #Давай _разам _з _намі.

Надзея ДРАНІЦА,
настаўнік фізікі і матэматыкі
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий