- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У раскладзе ўрокі прадпрымальніцтва

 

Школьная бізнес-кампанія “ШАНС” працуе ў Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

Арыентацыя на новыя мэты і адукацыйныя вынікі ў старэйшых класах – гэта адказ на новыя патрабаванні, якія прад’яўляе грамадства да сацыяльнага статусу кожнага чалавека. Найбольш важныя сярод гэтых патрабаванняў – быць самастойным, умець адказаць за сябе, за паспяховасць выбару, мець грамадзянскую пазіцыю, умець вучыцца, авалодваць новымі прафесіямі.

Кажучы пра магчымасці, якія можна выкарыстоўваць для дасягнення пастаўленых мэт, а таксама для самарэалізацыі школьнікаў, можна прывесці ў прыклад працу нашай школьнай бізнес-кампаніі “ШАНС” (Школьная Арцель Новых Самаўдасканаленняў), якая створана па ініцыятыве дырэктара нашай установы адукацыі Т.У.Мілаш. Актуальнасць распачатай работы падкрэсліваецца тым, штоў цяперашні час праблемным пытаннем на вёсцы застаецца забеспячэнне занятасці вучняў у вольны ад вучобы час, магчымасць зарабіць і ўдасканаліць свае навыкі ў якой-небудзь дзейнасці.

Арганізацыя школьнай швейнай майстэрні “ШАНС” у сучасных сацыяльна-эканамічных умовах дапамагае вучням зарыентавацца ў сферы бізнесу, убачыць і развіць дзелавыя якасці будучага менеджэра, маркетолага, прадпрымальніка, кіраўніка, выхаваць у сабе неабходныя якасці для будучай, неабавязкова прадпрымальніцкай, дзейнасці і, па магчымасці, зарабіць. Школьная майстэрня шые недарагія тавары народнага спажывання, якіх недастаткова ў продажы і рэалізоўвае іх на гандлёвай пляцоўцы ў нашай мясцовасці.

Кухня – адно з месцаў у доме, дзе гаспадыня праводзіць шмат часу, і вядома ж, усім хочацца бачыць прыгажосць, чысціню і ўтульнасць гэтага кутка дома. А што можа быць лепш, чым дабавіць яркія дэталі, невялікія акцэнты, якія прынясуць зачараванне. У гэтым дапамагаюць нашы кухонныя камплекты, якія распрацаваныя і пашытыя ў прыгожай лапікавай тэхніцы “пэчворк”, у якіх гарманічна падабраныя ўсе колеры, а таксама гэта добры падарунак любой дзяўчыне ці жанчыне на свята.

Спажыўцы – прадстаўнікі розных узроставых груп. Вырабленыя тавары прадаюцца, бо яны не даражэй вытворчых, эстэтычна прывабныя, распрацаваныя індывідуальна і, самае галоўнае, заўсёды неабходныя ў гаспадарцы. Тавары не дарагія, бо намаганнямі дырэктара школы знойдзены спонсары, нашы выпускнікі, якія забяспечваюць майстэрню “ШАНС” тканінай.

Важным момантам з’яўляецца тое, што тавары вырабляюць дзеці, і гэты факт служыць лепшай рэкламай. Школьная бізнес-кампанія, асабліва ў сельскай мясцовасці, – гэта вучэбна-дзелавая гульня, у працэсе якой удзельнікі атрымліваюць базавыя асновы прадпрымальніцтва і рэалізуюць іх на прыкладзе кіравання гульнявым прадпрыемствам, якое ствараецца на абмежаваны тэрмін. “ШАНС”– эфектыўны інструмент атрымання эканамічных ведаў праз практыку, выхавання ў вучняў пачуцця адказнасці за сваё жыццё і кар’еру; ён дапамагае ў здзяйсненні ўсвядомленага выбару прафесіі. Занятасць навучэнцаў у гэтай сферы дазваляе запоўніць іх вольны час, удасканаліць швейныя навыкі, трохі падзарабіць на кішэнныя выдаткі.

Навучанне прадпрымальніцтву ў сельскай школе не ставіць перад сабой мэты ўсеагульнага ператварэння школьнікаў у прадпрымальнікаў. Гэта немагчыма, ды і не трэба, паколькі не кожны чалавек можа займацца гэтым відам дзейнасці, але разуменне школьнікамі мэт і прынцыпаў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, асаблівасцей прымянення іх на практыцы дазваляе выхаваць творчую, ініцыятыўную і адказную моладзь.

Алена ФЕДАСЮК,
настаўнік абслуговай працы
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий