- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Па правілах мы едзем на сваім веласіпедзе

 

У яслях-садзе № 10 Мазыра праводзіцца вялікая работа па азнаямленні выхаванцаў з правіламі паводзін на дарогах і бяспечнай язды на веласіпедзе.

Пачынаючы дзейнасць у гэтым кірунку, мы вызначылі для сябе такія адукацыйныя задачы, як фарміраванне ў дзяцей ўяўленняў пра правілы дарожнага руху і пра значнасць правільных бяспечных паводзін для захавання свайго жыцця і здароўя, развіццё ўмення паслядоўна выконваць тэхнічныя элементы пры катанні на веласіпедзе і выхоўванне паважлівага стаўлення да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

 

Дзеля дасягнення станоўчага выніку ў рабоце педагогі выкарыстоўваюць розныя формы і метады: праводзяць з дзецьмі гутаркі “Дашкольнікам пра правілы бяспекі”, арганізуюць сустрэчы з прадстаўнікамі ДАІ, паказваюць павучальныя мультфільмы, ствараюць праблемныя сітуацыі, арганізуюць мэтавыя прагулкі “Па дарозе ў дзіцячы сад” і конкурсы “Лепшы пешаход”, ладзяць выставы творчых работ выхаванцаў па гэтай тэматыцы, праводзяць забавы “Зялёная вуліца”, разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі вырабляюць дыдактычныя гульні “Дарожныя знакі” і інш.

Каб замацаваць веды па правілах дарожнага руху, два разы на тыдзень выхавальнікі праводзяць практычныя заняткі – катанне на веласіпедах. Для гэтага ва ўстанове аформлена пляцоўка па правілах дарожнага руху. На асфальце нанесеная разметка: пешаходны пераход, дарога з двухбаковым рухам, скрыжаванне, устаноўлены знакі дарожнага руху.

У гульнявой форме педагогі вучаць дзяцей самастойна катацца на двухколавым веласіпедзе па прамой, па крузе, змейкай, выконваць павароты направа і налева, праязджаць вароты, рабіць паскарэнне, тармазіць. Напрыклад, у гульні “Бяспека на вуліцы” частка дзяцей выконвае ролю пешаходаў, якія пераходзяць дарогу па пешаходным пераходзе, а веласіпедысты ў гэты час павінны спыніцца, каб не ствараць перашкоды для руху пешаходаў. Правілы гульні могуць мяняцца: калі на дарозе стаіць знак “Веласіпедная дарожка”, то пешаходы не павінны ствараць перашкодаў для руху веласіпедыстаў, гэта значыць, неабходна саступаць ім дарогу.

Такім чынам, дашкаляты на практыцы замацоўваюць уменні праехаць па вузкай дарожцы, адзначанай на асфальце, ездзіць па дарозе з няроўнасцямі, хутка і дакладна рэагаваць на сігналы святлафора або рэгуліроўшчыка і інш. Педагогі нагадваюць выхаванцам пра набыццё, а самае галоўнае пра выкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час года як веласіпедыстам, так і пешаходам.

Варта адзначыць, што неацэнную дапамогу нам аказваюць бацькі. Яны дапамагаюць рабіць атрыбуты, удзельнічаюць у сумесных забавах, а самае галоўнае, на сваім асабістым прыкладзе паказваюць сваім дзецям, як правільна паводзіць сябе на вуліцы, інакш мэтанакіраваная праца губляе сэнс.

Мы ўпэўненыя, што правілы дарожнага руху, засвоеныя з дзяцінства, пасля становяцца нормай паводзін, а іх выкананне – патрэбай чалавека.

Людміла МАРАЗЕВІЧ,
загадчык ясляў-сада № 10 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий