- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вучні смаргонскай школы № 1 ведаюць правілы энергазберажэння

 

 Міжнародны дзень энергазберажэння – гэта добрая нагода для ўсіх нас задумацца пра спосабы эканоміі энергіі дома і на працоўным месцы. Гэтай тэме былі прысвечаны розныя мерапрыемствы ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні: хвілінкі па энергазберажэнні, праца энергапатруля, паказ слайд-фільмаў, класныя і інфармацыйныя гадзіны.

Урок-майстэрня “Што я павінен ведаць пра энергазберажэнне” прайшоў у 8 “А” класе. Група “Інтэлектуалы” патлумачыла аднакласнікам, якія бываюць віды энергіі і што такое энергазберажэнне. Удзельнікі групы “Аналітыкі” распавялі пра спосабы энергазберажэння, а “Даследнікі” паведамілі, колькі грошай можна эканоміць, калі выконваць правілы энергазберажэння.

Вынікам урока-практыкума ў 5 “Б” класе стаў плакат “Як зберагчы энергію: карысныя парады”. Навучэнцы сёмых класаў распрацавалі памяткі “Правілы энергазберажэння”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з 1–4 класаў аформілі выставу “Эканомім энергію”. Праведзеныя мерапрыемствы паказалі, што вучням добра знаёмыя правілы энергазберажэння, засталося толькі прымяняць іх на практыцы.

12 лістапада ў школе прайшоў конкурс “Паляўнічыя на батарэйкі”, прысвечаны дню энергазберажэння. Навучэнцы прыносілі выкарыстаныя батарэйкі і складвалі іх у спецыяльныя кантэйнеры. Рэкардсменамі па зборы адпрацаваных батарэек сталі вучні 1 “А” класа, якія сабралі 1030 батарэек.

У час правядзення мерапрыемства вучні даведаліся, што можна выконваць простыя правілы, каб батарэйкі не шкодзілі прыродзе і чалавеку: як альтэрнатыву гальванічным элементам лепш выкарыстоўваць звычайную электрычную сетку, акумулятарныя батарэі больш эфектыўныя, аддаваць перавагу трэба элементам з надпісам “Без ртуці і кадмію”, нельга разбіраць гальванічныя элементы.

Прыцягненне ўвагі да пытанняў энергазберажэння садзейнічае папулярызацыі энерга- і рэсурсазберагальнага ладу жыцця вучняў і іх сем’яў.

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий