- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Педагагічны вопыт кармянскіх выхавальнікаў

 

У яслях-садзе 5 Кармы праведзены цыкл мерапрыемстваў Панарама педагагічнага вопыту з мэтай абмену вопытам педагагогаў па выхаванні ў дзяцей сацыяльнамаральных якасцей асобы ў працэсе далучэння іх да працоўнай дзейнасці і азнаямлення з працай дарослых.

 

Адкрытыя заняткі праводзілі выхавальнікі дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

У другой малодшай групе выхавальнік дашкольнай адукацыі Н.В.Тамашкова правяла занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” на тэму “Свавольнік Капітошка завітаў да дзяцей у госці”. Занятак праводзіўся з выкарыстаннем сюрпрызнага моманту – у госці да дзяцей прыйшоў Капітошка са сваімі сябрамі кропелькамі. Гуляючы з казачным героем, хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з уласцівасцямі вады, даведаліся, што вада можа ліцца, а можа распырсквацца, што цяжкія прадметы тонуць у вадзе, а лёгкія застаюцца на паверхні. У гульнявой сітуацыі “Лічылачка-купалачка” даведаліся, што вада рухаецца і можа капаць.

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі А.А.Краўчанка паказала адкрыты занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для выхаванцаў сярэдняй групы. Да дзяцей у госці прыйшоў Дамавічок Кузя. У яго новая кватэра, але мэблі яшчэ няма. Кузя папрасіў дзяцей дапамагчы яму выбраць патрэбную мэблю. Усе разам адправіліся ў мэблевы магазін. Дзеці распавялі Кузю, якая мэбля ёсць у магазіне, з якіх частак яна складаецца, для чаго служыць, паказалі, якая патрэбна для спальні, кухні і гасцінай.

З падліковых палачак выхаванцы сканструявалі мэблю ў падарунак для Дамавёнка Кузі, а каб канапа і крэсла даўжэй служылі, вырашылі праблемную сітуацыю “Што трэба рабіць, каб не запэцкаць мяккую мэблю?” і падабралі пакрывалы ў дыдактычнай гульні “Новае пакрывала для канапы”.

 

Дзеці распавялі Кузю, што мэбля можа ламацца, калі яе выкарыстоўваюць не па прызначэнні. Адрамантаваць жа мэблю могуць не толькі таты, а і чалавек па прафесіі сталяр. Ад выхавальніка малыя даведаліся, якія прылады патрэбны для гэтага прафесіяналу. Дашкаляты паказалі Дамавёнку, як трэба даглядаць за мэбляй, каб яна праслужыла нам вельмі доўга, яны ўсе разам праціралі пыл са сталоў, стульчыкаў, палічак у групе.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі С.М.Піліпчук прапанавала выхаванцам сярэдняга дашкольнага ўзросту адправіцца ў падарожжа “У свет пакаёвых раслін”. У працэсе арганізаванай сумеснай працоўнай дзейнасці дзеці замацавалі назвы пакаёвых раслін, даведаліся, што для іх росту патрэбны зямля, вада і паветра. З задавальненнем выконвалі даручэнні па догляду за раслінамі, вучыліся вызначаць неабходнасць паліву па стане глебы, апырскваць, праціраць лісце, рыхліць глебу.

У старэйшай групе выхавальнік дашкольнай адукацыі С.М.Грышчанка на занятку па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” разам з выхаванцамі адправілася ў “Падарожжа ў горад прафесій”. У форме гульні дзеці вырашылі праблемную сітуацыю: у жыхароў горада злы чараўнік забраў прафесіі. У ходзе разнастайных гульнявых практыкаванняў дзеці замацоўвалі ўяўленні пра прафесіі кухар, лекар, настаўнік, выхавальнік, міліцыянер, ратавальнік, вайсковец, цырульнік, прадавец, фатограф, будаўнік, маляр, сталяр і інш., удасканальвалі ўяўленні пра прылады і месцы працы, вынікі працы людзей розных прафесій. Абмяркоўвалі, якія прафесіі людзей звязаны з выкарыстаннем ручной і разумовай працы.

 

Таксама дзеці прынялі ўдзел у практычнай дзейнасці па рамонце дзіцячых кніг, яны аказвалі дапамогу гульнявому бібліятэкару.

Пры падвядзенні вынікаў выхаванцы падзяліліся сваімі марамі пра тое, кім яны хочуць быць, калі стануць дарослымі.

Знаёмства дзяцей з працай, прафесіямі дарослых з’яўляецца неад’емнай часткай фарміравання асобы, станаўлення ўяўленняў пра грамадства і свет прафесійнай дзейнасці дарослых.

Вольга ХАМЯНКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 5 Кармы

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий