- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сямейная пятніца ў Наваполацку

 

У Наваполацку адным з цэнтраў арганізацыі вольнага часу навучэнцаў даўно стаў Палац дзяцей і моладзі. Круглы год сюды прыходзяць дзеці рознага ўзросту, а таксама іх бацькі, каб не толькі рэалізаваць сябе ў творчым кірунку, але і разам плённа і цікава правесці час.

   

У сёлетнія восеньскія канікулы, нягледзячы на карэктывы, якія ўнесла эпідэміялагічная сітуацыя, мы, як заўсёды, выдатна арганізавалі вольны час школьнікаў.

Так, на працягу тыдня на свежым паветры праводзіліся выхаваўчыя турысцка-спартыўныя мерапрыемствы. Юныя інтелектуалы сустракаліся анлайн. Творчыя майстэрні працавалі з малымі групамі навучэнцаў. А яркім фінальным акордам канікулярнага тыдня стала свята “Сямейная пятніца”.

Месцам правядзення мерапрыемства былі абраныя дваровыя пляцоўкі горада, стадыёны, паркі адпачынку. У рамках праекта прайшлі забаўляльныя праграмы “Чароўная краіна сям’Я”, “Разам мы адна сям’я”, якія аб’ядналі жыхароў мікрараёнаў горада, а бацькі разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў розных гульнях.

Для маці, якія гадуюць самых маленькіх жыхароў Наваполацка, прайшла цікавая сустрэча ў турысцкім гарадку, што размясціўся ў парку адпачынку. Звычайныя заданні ў гульнявой форме на веданне правіл бяспекі на прыродзе, у дамах, кватэрах сталі не лішнім напамінам усім удзельнікам пра уважлівасць і асцярожнасць. Таксама маладыя бацькі атрымалі “ключы ад сакрэтных матэрыялаў” па арганізацыі і правядзенні актыўнага і незвычайнага турысцкага адпачынку.

Футбольных фанатаў запрасілі на стадыён. Тут адбыліся сяброўскія сустрэчы сярод дзяцей і дарослых “Мама, тата, я – футбольная сям’я”. Кожная каманда сур’ёзна аднеслася да гульні, упарта адстойвала свае вароты. У выніку перамогу атрымала дружба, а бонусам для ўдзельнікаў сустрэчы сталі зарад здароўя, бадзёрасці і добры настрой.

Яшчэ адной з незвычайных сустрэч кіравала педагог аддзела тэхнічнай творчасці Святлана Кубачова. На стадыёне яна разам са сваімі навучэнцамі арганізавала прэзентацыю беспілотных лятальных апаратаў “Сямейны STEM-парк”. Юныя тэхнікі прадэманстравалі свае апараты, расказалі, як іх ствараюць і затым удзельнічаюць у спаборніцтвах. Госці змаглі не толькі ўбачыць палёты, але і самі паспрабаваць сябе ў ролі пілотаў.

 

Безумоўна, не маглі арганізатары мерапрыемства не звярнуць увагу на тэму бяспекі на дарогах. Разам з прадстаўнікамі Дзяржаўнай аўтаінспекцыі па Наваполацку арганізавалі для дзяцей і бацькоўпіяр-акцыю “Яркая мода – бяспека пешахода”. Інтэрактыўная пляцоўка разгарнулася непасрэдна ля Палаца дзяцей і моладзі. Пазнавальныя гульнявыя заданні, модны паказ “Флікер-клас”, тэматычныя танцавальныя флэшмобы, карысныя парады ад спецыялістаў былі асноўнымі складнікамі сустрэчы.

Станоўчыя эмоцыі, адчуванне дружалюбнасці і падтрымкі, карысныя веды і новыя сябры – гэта далёка не поўны спіс таго здабытку, з якім кожны ўдзельнік “Сямейнай пятніцы” вярнуўся дададому.

Святлана АСТАШКІНА,
намеснік дырэктара
Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий