“Літаратурны эрудыт”. Інтэлектуальна-пазнавальная гульня па творчасці Уладзіміра Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду.”

- 16:25Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

(да 90-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча)

 

Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці

 

 

Мэта: садзейнічаць пашырэнню ведаў вучняў пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, развіццю творчага патэнцыялу вучняў, выхаванню ў іх цікавасці да асобы пісьменніка і яго твораў, павагі да беларускага народа, беларускай культуры і мовы, пачуцця нацыянальнай годнасці.

Абсталяванне: прэзентацыя, выстава кніг з творамі пісьменніка, ілюстрацыі да казак, “таямнічая скрыня”, крыжаванка, крыптаграма, буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Удзельнікі: дзве зборныя каманды вучняў 5–11 класаў, гледачы.

 

План гульні

І Уступнае слова настаўніка
ІІ Прагляд прэзентацыі
ІІІ Конкурсы:
       1 Прывітанне каманд.
       2 Размінка.
       3 “Найлепшы знаўца казак У.Караткевіча”.
       4 Конкурс капітанаў (“Таямнічая скрыня”).
       5 Літаратурная галаваломка.
       6 “Пазнай казку” (для гледачоў).
       7 Літаратурная віктарына.
       8 Рэклама (буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”).
       9 Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”.
IV Падвядзенне вынікаў гульні
V Заключнае слова настаўніка

 

Ход гульні

Уступнае слова настаўніка. 26 лістапада 2020 годаўся беларуская грамадскасць будзе адзначаць 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры; першага беларускага пісьменніка, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Асаблівая заслуга У.Караткевіча – у стварэнні гістарычнай прозы, у якой пісьменнік здолеў паказаць усім беларусам, што ў іх ёсць свая гісторыя.

Кожны, хто ведаў Уладзіміра Караткевіча, адчуваў, што жыццё пісьменніка і яго творчасць – непадзельнае цэлае. Сіла яго жыццёвай энергіі зараджала людзей аптымізмам, незвычайная эрудзіраванасць і прыродная высакароднасць заўсёды вабілі да яго, душа пісьменніка была адкрыта для ўсіх.

Найбліжэйшы сябар і саўдзельнік шматлікіх прыгод Рыгор Барадулін пісаў пра У.Караткевіча: “Ён быў для мяне ўзорам высокага інтэлекту і адукаванасці, веды ў яго былі невераемныя! Караткевіч быў недасягальнай велічынёй для мяне. Мне падабаўся ягоны размах”.

Прагляд прэзентацыі “Быў. Ёсць. Буду.”

Конкурсы. Настаўнік распавядае пра ўмовы гульні:

        1 У праграме прадугледжаны конкурсы як для камандаў, так і для гледачоў.
       2 Калі каманда не можа даць адказ на пытанне, яно перадаецца камандзе-суперніцы. Калі ж і яна не можа даць адказ, пытанне адрасуецца гледачам. За правільны адказ глядач атрымлівае жэтон.
       3 Асобныя конкурсы прадугледжаны спецыяльна для гледачоў. Па іх выніках вызначаецца глядач,які атрымае ўзнагароду.

На сцэну запрашаюцца каманды. Настаўнік (вядучы) называе ўдзельнікаў гульні. Прадстаўленне журы.

Першы конкурс “Прывітанне” – ацэньваецца ў 3 балы. Журы каментуе першы конкурс, падводзіць вынікі.

Настаўнік:         Наступны конкурс – “Размінка”. Ён дапаможа выявіць, наколькі каманды падрыхтаваныя да гульні. За кожны правільны адказ каманда атрымае 1 бал. Па ілюстрацыях вы павінны назваць казкі У.Караткевіча.

Камандам паказваюць па 3 ілюстрацыі:

   
             “Лебядзіны скіт”                         “Вужыная каралева”

            
        “Чортаў скарб”                                “Ноч”

   

      “Старая казка”                        “Верабей, сава і птушыны суд”


Журы абвяшчае вынікі другога конкурсу.

Настаўнік: Наступны конкурс “Найлепшы знаўца казак”. У.Караткевіч быў не толькі паэтам, пісьменнікам і драматургам, але і выдатным казачнікам. У сваіх казках ён быццам запрашае нас здзейсніць захапляючае падарожжа па нейкім цудоўным казачным свеце. А зараз паглядзім, як уважліва вы чыталі казкі У.Караткевіча.

Успомніце, з якіх твораў узяты дадзеныя ўрыўкі:

1) “У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй сонца і трошкі далей месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі… Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць адна хата…” (“Чортаў скарб”)

2) “…Страшэнна цяжка, у голадзе і холадзе, жылі тыя дзікія людзі. Частыя былі неўраджаі, таму запасаў аніякіх не было і быць не магло. А ўродзіць некалькі гадоў запар – з’явяцца ворагі…” (“Нямоглы бацька”)

3) “…Паплакалі бацькі, ды рабіць нечага. Тое, што маці кветку ад яго, вужа, узяла – гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала і клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопні, а зрабі…” (“Вужыная каралева”)

4) “…Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма…” (“Кацёл з каменьчыкамі”)

5) “…У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды…” (“Верабей, сава і птушыны суд”)

6) “На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі…”  (“Жабкі і чарапаха”)

         Настаўнік звяртаецца да журы. Журы абвяшчае вынікі конкурсу.

Настаўнік: Цяпер вельмі адказны момант у нашай гульні – конкурс капітанаў. Мы праверым іх на кемлівасць. Здаўна вядома: лепшы сродак выхавання і праверкі кемлівасці – загадка. Такое выпрабаванне падрыхтавалі і мы для нашых капітанаў.

Абвяшчаецца конкурс “Таямнічая скрыня”. Капітаны падыходзяць да вядучага. Ён паведамляе, што можна атрымаць 3 балы пры ўмове правільнага адказу.

Настаўнік: Конкурс “Таямнічая скрыня”. У “таямнічай скрыні” ляжаць прадметы, звязаныя з творамі У.Караткевіча. Іх трэба адгадаць па апісанні і назваць твор пісьменніка.

       1 Суквецце некаторых раслін, у якім кветкі размяшчаюцца ўздоўж канца сцябла. (Каласок – раман “Каласы пад сярпом тваім”).
        2 Высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку. (Гліняны збаночак – казка”Чортаў скарб”).
       3 Жалезная дугападобная пласціна, якая засцерагае некаторых жывёл ад пашкоджання, а таксама для таго, каб пазбегнуць слізгацення. (Падкова – аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).
       4 Галінка вечназялёнага дрэва сямейства хваёвых. (Галінка яліны – аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).

Журы абвяшчае вынікі конкурсу капітанаў.

Настаўнік: Наступны конкурс – “Літаратурная галаваломка”.

Вядучы паведамляе, што камандам раздаюцца карткі з літаратурнай галаваломкай. Пакуль каманды рашаюць яе, праводзіцца конкурс “Пазнай казку” ( для гледачоў).

Літаратурная галаваломка

       1 Галоўны герой дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.
       2 Жанр твора Уладзіміра Караткевіча ”Зямля пад белымі крыламі”.
       3 Горад, у якім нарадзіўся У.Караткевіч.
       4 Праграма на Беларускім тэлебачанні, прысвечаная гісторыі і культуры беларускай зямлі, якую вёў У.Караткевіч.
       5 Род дзейнасці У.Караткевіча пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
       6 Кампазітар, музыка якога гучыць у гістарычным фільме “Чорны замак Альшанскі”.
       7 Кінастудыя,на якой быў зняты гістарычны фільм “Чорны замак Альшанскі”.
       8 Жанр твора У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.
       9 Апавяданне У.Караткевіча, у якім узнята тэма абуджэння беларусаў і імкненне іх да праўды і асветы.
       10 Аповесць-паэма Уладзіміра Караткевіча.

Адказы: 1 Косміч. 2 Нарыс. 3 Орша. 4 “Спадчына”. 5 Настаўнік. 6 Картэс. 7 “Беларусьфільм”. 8 Аповесць. 9 “Кніганошы”. 10 “Чазенія”.

 

Настаўнік: Конкурс “Пазнай казку” для гледачоў.

Героям якіх казак належаць гэтыя словы:

1) – Глядзі, бацька твой ужо вось-вось пачне кароткай касою ў місцы касіць. (Гнату, казка “Нямоглы бацька”)

2) – Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў – той хай такім і будзе, слабы – хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану. (Яліне, казка “Вужыная каралева”)

3) – Камні. Муж у войску – можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці – не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці. (Мар’і, казка “Кацёл з каменьчыкамі”)

4) – Свеціць месячык з гары
    На глыбокія віры.
    На шчытах у чарапах
    Сіняе святло гарыць. (Чарапасе, казка “Жабкі і чарапаха”)

5) – Сонейка-Сонейка, выйдзі, цябе брацік кліча. Птушкі, звяркі, мушкі, разбудзіце Сонейка! (Аленцы, казка “Вясна ўвосень”)

Журы абвяшчае вынікі конкурсу.

Настаўнік: Працягваем гульню. Наступны конкурс “Літаратурная віктарына”.

       1) Як называўся першы зборнік вершаў У.Караткевіча, які выйшаў у 1958 годзе? (“Матчына душа”)
       2) У 2002 годзе ў горадзе Орша адкрылі музей У.Караткевічу. Што раней размяшчалася ў гэтым будынку? (Радзільны дом, у якім нарадзіўся пісьменнік)
       3) Назавіце апавяданне, у якім У. Караткевіч паказаў сябе як пісьменнік-анімаліст (“Былі ўмяне мядзведзі”).
       4) У якой казцы У.Караткевіча распавядаецца пра тыя часы “калі яшчэ не было бульбы” і людзі варылі каменне? (“Кацёл з каменчыкамі”)
       5) Якая з казак У.Караткевіча падобна на казку С.Маршака “Дванаццаць месяцаў”? (“Вясна ўвосень”)
       6) Хто з герояў казкі “Нямоглы бацька” сімвалізуе дабро, а хто – зло? (Пятро – Гнат)
       7) Назавіце творы У.Караткевіча, напісаныя на гістарычную тэму? (Аповесці “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”)
       8) Назавіце нарыс У.Караткевіча, у якім ён распавёў пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду? (“Зямля пад белымі крыламі”)
       9) Які надпіс змешчаны на помніку Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску? (“Быў. Ёсць. Буду”)
       10) У якой кінастужцы паводле ўласнага сцэнарыя зняўся У.Караткевіч? (“Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка”)
       11) Каму У.Караткевіч прысвяціў раман “Чорны замак Альшанскі”, які пачынаецца словамі: “В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю”? (Сваёй жонцы Валянціне).
       12) Пра які паэтычны зборнік У.Караткевіча Адам Мальдзіс сказаў наступнае: “…ён нікога не пакідае раўнадушным. Таму што гэта – споведзь. Таму што гэта – завяшчанне…”? (Пасмяротнызборнік “Быў. Ёсць. Буду”)

Журы абвяшчае вынікі конкурсу.

Настаўнік: Па-мастацку падрабязна распавёў У.Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе “Зямля пад белымі крыламі”.Тут ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 года, Люблінская унія 1569 года. У гэтым нарысе пісьменнік звяртаецца да будучага чытача са своеасаблівым наказам. Што гэта за наказ вы даведаецеся, калі расшыфруеце крыптаграму.

У той час як каманды разгадваюць крыптаграму, паказваецца рэклама-буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”

       1 Месяц, у якім нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. 1  4  11  9  13  24  13  17
       2 Рэжысёр, які зняў гістарычны фільм  “Чорны замак Альшанскі”.
24  9  13  20  10  19
       3 Нарыс, які быў напісаны У.Караткевічам пад уражаннем паездкі ў родныя мясціны Янкі Купалы. 12  14  15  23  18  19  13
       4 Прозвішча літаратуразнаўцы, даследчыка творчасці У.Караткевіча, пад рэдакцыяй якога ў 2011 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” пачало 25-томнае выданне твораў  У.Караткевіча. 12  6  25  13  3  6  21
       5 Верш У.Караткевіча, які ўзнік пад уплывам паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”. 6  13  20  8  19  13

 Адказ. Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”

1) 1  4  11  9   13  24  13  17
    Л   і    с  т   а    п    а    д

2)  24   9  13  20  10  19
      П   т  а   ш    у    к

3) 12  14  15  23  18  19  13
    “В    я    з   ы    н    к    а”

4) 12  6  25  13  3  6  21
     В   е   р    а   б   е  й

5) 16  13  20  8  19  13
   “М   а    ш   э   к   а”

Журы абвяшчае вынікі гульні,называе каманду-пераможцу, а таксама самых актыўных гледачоў.Узнагароджванне камандаў і гледачоў.

Настаўнік: Дзякуем камандам за гульню, журы – за напружаную працу. Спадзяемся, што наша інтэлектуальна-пазнавальная гульня па творчасці У.Караткевіча атрымалася цікавай і карыснай. Вы яшчэ раз маглі пераканацца, што, кожнаму, хто хоча ўсвядоміць сябе беларусам, трэба звяртацца да спадчыны, да гісторыі свайго народа. Найвялікшы скарб нашага краю – людзі, якія жывуць тут. У.Караткевіч заклікаў усіх нас любіць “зямлю пад белымі крыламі”, сваю маці-Беларусь.

 

Прэзентацыі да інтэлектуальна-пазнавальнай гульні

Уладзімір Караткевіч

Дзікае паляванне караля Стаха

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий