- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Фарміраванне рухальнай культуры ў сельскай школе

 

Педагогі і бацькі Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы прынялі ўдзел ў рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”.  Задачы інавацыйнага праекта можна лічыць рэалізаванымі.

Інавацыйная работа па рэалізацыі праекта праводзілася ва ўстанове адукацыі з верасня 2017 па май 2020 года пад кіраўніцтвам навуковага кансультанта Паўла Уладзіміравіча Сняжыцкага, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры фізічнага выхавання і спорту Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

У інавацыйным праекце ўдзельнічалі 41 навучэнец, 15 бацькоў і 9 педагогаў, якія былі аб’яднаныя ў творчую групу. Педагогі прынялі ўдзел у раённых і абласных семінарах па інавацыйным праекце ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага, Свіслацкага і Мастоўскага раёнаў, у ГДАУ.

У адпаведнасці з распрацаванай мадэллю фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы ва ўстанове адукацыі функцыянавалі новаўтварэнні ў выглядзе чатырох цэнтраў: “Аналітык”, “Інформ”, “Школа+”, “Спакой”.

Былі праведзены метадычныя тыдні “Панарама інавацыйнага вопыту: дасягненні, праблемы, перспектывы”, “Ініцыятыва і творчасць у працы педагога-інаватара”. Педагогі дзяліліся з навучэнцамі, бацькамі і калегамі вопытам работы па фарміраванні рухальнай культуры, дэманстравалі найбольш эфектыўныя формы работы з бацькамі па прыцягненні іх да здаровага ладу жыцця, разгледзелі магчымыя формы і метады работы па развіцці рухальнай актыўнасці. Прайшла ярмарка выхаваўчых ідэй, у ходзе якой педагогі-інаватары падзяліліся ідэямі, думкамі, тэарэтычнымі знаходкамі з класнымі кіраўнікамі.

Распрацаваны і выпушчаны буклеты, лістоўкі, памяткі на тэму фарміравання здаровага ладу жыцця. Метадычная скарбонка школы папоўнілася літаратурай па тэме “Фарміраванне рухальнай культуры і здароўя”. Створаны бібліяграфічны спіс па тэме ў электронным варыянце, стэнд “Здаровы лад жыцця”. На сайце ўстановы адукацыі дзейнічае старонка “Інавацыйная дзейнасць”.

Наладжана работа па арганізацыі сустрэч, спартыўных мерапрыемстваў з суб’ектамі адукацыйнай прасторы: КСУП “Варанецкі”, Бераставіцкім РАНС, пагранічнай заставай “Сямёнаўка”, Канюхоўскім ФАПам і інш.

Забяспечана ўкараненне методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў сельскіх жыхароў, у тым ліку школьнікаў, у секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі “Рух”, выкарыстанне педагагічнай тэхналогіі фарміравання рухальнай культуры чалавека, прымянення ў працы педагогаў-інаватараў індывідуальнай дыягнастычнай карты для вызначэння ўзроўню рухальнай культуры і распрацоўкі індывідуальнага рухальнага рэжыму, апытальна-дыягнастычнай карты па вывучэнні перадумоў фарміравання рухальнай культуры.

Цэнтр “Школа+” праводзіў пробы і вымярэнні марфалагічных паказчыкаў, рухальныя тэсты для вызначэння ўзроўню функцыянальнага стану і ўзроўню рухальнага асяроддзя. У практыцы работы выкарыстоўвалася методыка індывідуалізацыі рухальных рэжымаў школьнікаў у секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі. У секцыі “Рух” займаліся 15 навучэнцаў. Працягнулі працу дзве групы: эксперыментальная і кантрольная, у кожную з іх уваходзілі 12 чалавек. На працягу 2018/2019 навучальнага года ў секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі ажыццяўлялася апрабацыя, а ў 2019/2020 –укаранялася методыка індывідуалізацыі рухальных рэжымаў школьнікаў на падставе выкарыстання карт індывідуальнага рухальнага рэжыму.

Вялася работа па ўдасканаленні методыкі ацэнкі індывідуальнай рухальнай працаздольнасці па пробе Руф’е. На ўроках фізічнай культуры і здароўя ўжываліся індывідуальныя, франтальныя формы працы, выкарыстоўваўся станцыйны метад, што спрыяла развіццю розных рухальных навыкаў. Праведзеныя па выніках года замеры ў эксперыментальнай групе дазволілі зрабіць выснову, што ў суб’ектаў адукацыйнай прасторы павысіўся ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, рухальнай актыўнасці, сталі актыўна развівацца такія фізічныя якасці, як сіла і спрыт.

Класныя кіраўнікі актыўна ўкаранялі ў практыку сучасныя методыкі і сродкі па фарміраванні культуры здароўя ў дзяцей, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя метады выхавання: інфармацыйны час “Веларух у Беларусі: як развіваецца актыўны від адпачынку ў краіне”, экалагічны паход у лес “Жыві, лес!”, конкурс відэаролікаў “Здаровыя дзеці – у здаровай сям’і”, інтэрактыўны занятак “Чыстае дыханне”, інформ-дайджэст “Горкія плады салодкага жыцця”, конкурс відэапрэзентацый “Зрабі правільны выбар”, спартыўна-біялагічнае свята, трэнінгавы занятак “Здароўе сёння – поспех заўтра” і інш.

Праводзіліся спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы: фізкультурныя паўзы, рухомыя перамены, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, футболе, конкурсы малюнкаў і плакатаў “Я галасую за ЗЛЖ”, спартыўныя турніры “Ні дня без руху”, “Вясёлыя старты”, спартландыі “Здаровы я – здаровая краіна” і інш.

 

У выніку ўкаранення за перыяд з 2017 па 2020 года трымана паляпшэнне наступных паказчыкаў суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы: павялічыліся веды і паняцці пра рухальную культуру і здаровы лад жыцця, веды пра ўплыў рухальнай актыўнасці на агульны стан арганізма; школьнікі, бацькі і педагогі актыўна заняліся ўдасканаленнем уласнага фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнагаздароўя; зменшылася колькасць пропускаў па хваробе; павялічылася колькасць навучэнцаў, якія маюць асноўную групу па фізкультуры.

Інавацыйны праект таксама спрыяў павышэнню выніковасці ўдзелу зборных каманд школы ў раённых і абласных спаборніцтвах, у якіх прымалі ўдзел Павел Буры, Вікторыя Паўлава, Дзяніс Садыхаў, Данііл Прымак, Ягор Болбат, Мікіта Раманчук, Максім Паўлаў, Дар’я Васільчанка, Максім Салома.

Эфектыўнасць методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў пацвярджаецца выніковасцю ўдзелу ў раённай спартакіядзе школьнікаў (2017 год – 3-е месца, 2018 год – 1-е месца, 2019 год – 1-е месца), а таксама выніковасцю ўдзелу педагогаў у раённай спартакіядзе работнікаў адукацыі (2018 год – 2-е месца, 2019 год – 1-е месца).

Такім чынам, задачы інавацыйнага праекта можна лічыць рэалізаванымі. Вынікі заключнага кантролю сведчаць пра актуальнасць гэтага праекта для сістэмы адукацыі. Далейшая дзейнасць педагогаў-інаватараў накіравана на падрыхтоўку метадычных рэкамендацый па выкарыстанні вынікаў у масавай практыцы.

Наталля ШМАРОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Канюхоўскага ясляў-сада– сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий