- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Маленькія даследчыкі, ці Як дашкаляты паперу выраблялі

 

Дзіця нараджаецца даследчыкам. Што такое? чаму? навошта? –такія пытанні ад дзяцей штодня чуюць дарослыя. Чым старэйшым становіцца дзіця, тым больш яно хоча разабрацца ў навакольным свеце, зразумець тое, што яму цікава. Прага да новых уражанняў, цікаўнасць, пастаяннае імкненне назіраць і эксперыментаваць закладзена ў ім прыродай.

       

Так, адна з групп ясляў-сада №  6 Светлагорска на нейкі час ператварылася ў сапраўдную навукова-даследчую лабараторыю. А ўсё пачалося з выказвання аднаго з выхаванцаў. “Я вырасту і буду, як тата, вырабляць паперу”, – заявіў ён аднойчы раніцай. І адразу пасыпаліся пытанні ад сяброў: як? з чаго? навошта? Творчы і ініцыятыўны выхавальнік Алена Грыбанава тут жа падхапіла ідэю і прапанавала дзецям не чакаць доўгія гады сталення, а паспрабаваць вырабіць самім паперу зараз.

Дзеці ў дзіцячым садзе вельмі любяць маляваць, размалёўваць, выразаць, майстраваць вырабы з паперы, але ў той жа час вельмі нядбайна ставяцца да яе. У групе штодня назапашваецца вялікая колькасць папяровых адходаў, якія папросту выкідваюцца. Было прапанавана паспрабаваць ва ўмовах дзіцячага садка выкарыстоўваць гэтыя адходы для другаснага атрымання паперы. І праца закіпела. Выхаванцы даведаліся, якія ёсць спосабы атрымання паперы, навошта трэба берагчы лес, што такое макулатура і, самае галоўнае, як з яе можна зрабіць паперу.

       

Працэс вырабу заняў не адзін дзень, і гэта яшчэ больш падагравала цікавасць дзяцей і жаданне дамагчыся запланаванага выніку.

У першы дзень трэба было разарваць паперу на дробныя кавалачкі і, змясціўшы іх у таз, заліць цёплай водой і пакінуць на ноч. На наступны дзень вымачаную паперу размалолі ў блендары і атрымалі пульпу. Засталася справа за малым: выкласці пульпу роўным пластом, адціснуць качалкай лішнюю ваду і высушыць. На ўсё гэта спатрэбіліся яшчэ адны суткі. Атрымалася рукатворная папера, якая, вядома ж, непадобная на паперу машыннай выдзелкі, і з пункту гледжання тэхнічных стандартаў яна горш: больш тоўстая, меньш гладкая і трывалая. Але яна абсалютна эксклюзіўная, двух аднолькавых лістоў не атрымалася, што дазволіла працэсу вырабу паперы ператварыцца з рамяства ў мастацтва.

А заўтра малых чакае новы дзень і новыя адкрыцці.

– Самае патрэбнае і карыснае для дзяцей – гэта пазнанне рэчаў, над якімі яны задумваюцца, – упэўнена Алена Васільеўна. – Я хачу бачыць сваіх выхаванцаў дапытлівымі, гаваркімі, здольнымі, самастойнымі, творчымі асобамі. Дзіця-дашкольнік актыўна імкнецца даведацца пра навакольны свет як мага больш. Дапамагчы яму ў гэтым, накіраваць і развіць яго пазнавальны інтарэс і актыўнасць – адна з задач маёй працы ў дзіцячым садзе.

Алена ШУСТ,
загадчык ясляў-сада 6 Светлагорска

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий