- Метадычка, Музыка

Урокі жывой музыкі

 

Задача-максімум – выклікаць любоў дзяцей да музыкі. Задача-мінімум – зацікавіць іх музыкай. Для каго гэта проста прыгожае выслоўе савецкага кампазітара і педагога Д.Б.Кабалеўскага, для мяне, настаўніка музыкі, гэта жыццёвае крэда.

Урок за урокам, крок за крокам вось ужо 24 гады я стараюся абудзіць цікавасць навучэнцаў да музычнагамастацтва. Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій, далучэнне да твораў высокага музычнага мастацтва, правядзенне нетрадыцыйных відаў урока дапамагаюць у вырашэнні гэтай складанай задачы. І мне хочацца расказаць пра незвычайныя ўрокі жывой музыкі, якія выклікаюць асаблівую цікавасць у вучняў нашай установы адукацыі.

Слуханне музыкі як від дзейнасці ў абавязковым парадку ўваходзіць у змест кожнага ўрока. Але, пагадзіцеся, што не ва ўсіх навучэнцаў пачатковай школы развіта правільная слухацкая культура. Дзеці ёсць дзеці, ім складана ўседзець на месцы хоць бы пару хвілін. Зусім іншая справа, калі музыка гучыць ужывую: акцэнтуецца ўвага, мяняюцца эмоцыі, развіваецца фантазія, дадаецца глядзельнае ўспрыманне. Такія ўрокі асабліва запамінаюцца навучэнцамі, таму мне як настаўніку лягчэй дасягнуць пастаўленых мэт і задач.

Гэта стала магчыма дзякуючы супрацоўніцтву нашай установы адукацыі з Лідскай дзіцячай музычнай школай мастацтваў. Кожны год мы з задавальненнем чакаем музыкаў у госці. У гэты раз на ўрок музыкі ў 4-мкласе па тэме “Музычнае падарожжа па Еўропе” былі запрошаны вучні па класе баяна Руслана Маеўская і Ксенія Марцукевіч (выкладчык А.У.Трубеева). Яны з вялікім майстэрствам выканалі творы класікаў, сучасных кампазітараў і апрацоўкі народных песень. Музыка шчыра кранула і ўразіла дзяцей, пра што яны ахвотна і з задавальненнем дзяліліся пасля канцэрта адно з адным, з бацькамі, з педагогамі школы. Мне ж было цікава назіраць за імі, бачыць, як загараліся іх вочы, як мяняліся эмоцыі.

Важным момантам было заканчэнне нашай сустрэчы, калі ў вучняў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з інструментам бліжэй, самім паспрабаваць сябе ў ролі баяніста. Дарэчы, трэба адзначыць, што некаторыя з іх выказалі сур’ёзную цікавасць да заняткаў у музычнай школе. І, хто ведае, можа гэта быў момант зараджэння новай зоркі?

Урокі жывой музыкі сталі добрай традыцыяй у нашай школе. Яны выклікаюць не толькі цікавасць у вучняў, але і шчырую любоў да музыкі.

Таццяна КОЗЕЛ,
настаўнік музыкі
сярэдняй школы № 17 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий