- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Знаёмства з беларускай народнай творчасцю праз квест-гульню

 

“Падарожжа ў мінулае беларускай народнай творчасці”. Пад такой назвай была арганізавана квест-гульня ў старшай групе № 1 ясляў-сада № 12 Навагрудка. Менавіта ў такіх гульнях развіваюцца інтэлектуальныя здольнасці і творчая ініцыятыва дашкольнікаў.

Гульня праходзіла ў два этапы. На першым “З сучаснага – у мінулае” з дзецьмі было праведзена шмат займальных заняткаў па ўсіх адукацыйных абласцях. Дзеці падарожнічалі ў мінулае адзення, пазнаёміліся з беларускім нацыянальным касцюмам, упрыгожвалі вопратку, ручнікі, сурвэткі беларускім арнаментам.

Асабліва займальным для хлопчыкаў і дзяўчынак быў другі этап гульні: “Падарожжа па старонках народных промыслаў” з выкарыстаннем электроннай прэзентацыі. Выхавальнікі групы пазнаёмілі выхаванцаў з рамёсламі беларускага народа – ткацтвам, ганчарнай і кавальскай справай, саломапляценнем, вышыўкай, працай з дрэвам. Вынікам гульні было наведванне выхаванцамі міні-музея, створанага ў групе. Дзеці з цікавасцю разглядалі лялькі з саломы і лёну, гліняны посуд і цацкі, свістулькі з гліны, скрыначкі з бяросты і саломы, вырабы з дрэва: цацкі, сувеніры, лыжкі. А з якім захапленнем і цікавасцю яны ляпілі цацкі з гліны! Хлопчыкі і дзяўчынкі старанна змочвалі, раскатвалі гліну. Кожнае дзіця падбірала сабе вобраз і радавалася свайму поспеху і злепленай глінянай цаццы.

 

Народная творчасць – крыніца чысціні і вечнасці. Яна дабратворна ўплывае на дзяцей, развівае іх творчасць, узбройвае ведамі, нясе дзецям прыгажосць. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве абагульнены эстэтычныя ідэалы, традыцыі і звычаі народа. Спасцігаючы гэта мастацтва, дзеці ў даступнай форме засвойваюць норавы і звычаі свайго народа, далучаюцца да роднай культуры. Менавіта дашкольны ўзрост найбольш спрыяльны для пачаткуфарміравання ў дзяцей патрыятызму.

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий