- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Экскурсія па роднай Смаргоні

 

У мінулыя выхадныя ў рамках “Культурнай суботы” вучні 6-7 класаў сярэдняй школы № 1 Смаргоні адправіліся на экскурсію па родным горадзе.

“Ну чаго мы не ведаем у сваім горадзе?!” – скептычна заяўлялі некаторыя. Але варта было толькі пачаць, як хлопцы і дзяўчаты зразумелі, як шмат яны яшчэ не ведаюць пра сваю родную Смаргонь.

Экскурсію праводзіў вопытны педагог, настаўнік гісторыі, кандыдат педагагічных навук, першы загадчык школьным музеем “Наш гонар” Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны. Пачаў ён з гістарычнай даведкі пра найстарэйшую школу Смаргоні – першую, якая адзначыла свой 68-ы дзень нараджэння 16 лістапада.

Далей было знаёмства з гісторыяй касцёла Святога Міхала Архангела, візітнай карткі горада, пабудаванага ў XVI стагоддзі як кальвінскі збор. За сваю шматвяковую гісторыю касцёл зведаў шматлікія змены і разбурэнні.

У гарадскім парку дзеці пабывалі каля ўсталяванага да Дня беларускай пісьменнасці помніка знакамітаму беларускаму пісьменніку Францішку Багушэвічу. Апошнія гады жыцця Багушэвіч правёў у вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна, дзе і памёр у красавіку 1900 года, а пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.

На экскурсіі вучні цікавіліся паходжаннем назваў многіх вуліц Смаргоні, якім далі імёны нашых землякоў, што сваёй працай, службай і творчасцю праславілі Смаргонь. Гэта вуліцы Пятра Балыша, Аляксандра Дзяругі, Віктара Роўды. А пабываўшы каля дошкі гонару “Гонар і слава Смаргоншчыны”, сямікласнікі пазнаёміліся з героямі дня сённяшняга, прафесійная дзейнасць якіх высока ацэнена жыхарамі і адміністрацыяй горада.

Падчас экскурсіі вучні атрымалі шмат новай і цікавай інфармацыі пра родны горад. І гэта яшчэ не ўсё, бо Смаргонь – горад з багатай гісторыяй.

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий