- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Экскурсія ў музей Адама Міцкевіча

 

Адам Міцкевіч – польскі паэт, які ўнёс вялікі ўклад у гісторыю літаратуры беларускага народа. Музей творцы ў Навагрудку з’яўляецца адным са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі. Выхаванцы Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната 21 лістапада наведаліся сюды з экскурсіяй.

 

Гэты музей – у мінулым дом бацькоў Адама Міцкевіча. Тут доўгі час жыў і сам паэт. Упершыню музей быў адкрыты для наведвальнікаў у 1938 годзе. Вядома ж, з прычыны розных падзей, войнаў, рэвалюцый, музей часта рэстаўраваўся, папаўняўся рознымі цікавымі экспанатамі. Апошняя рэстаўрацыя была праведзена ў 1991 годзе па гістарычным арыгінале XIX стагоддзя, таму дом-музей максімальна набліжаны да свайго першапачатковага выгляду.

         

Экскурсію, якая змяшчае ў сабе наведванне пяці пакояў, для выхаванцаў правёў дырэктар музея Мікалай Гайба. Першы пакой, які мы наведалі,–дзіцячая паэта. Тут Мікалай Паўлавіч распавёў нам пра дзяцінства паэта, пра яго навучанне ў Навагрудскай школе, пра вайну 1812 года, падчас якой Адаму Міцкевічу было 13 гадоў. Дзеці ўбачылі арыгінальныя падручнікі таго часу, па якіх навучаўся будучы паэт. Наступны пакой – кабінет бацькі Адама Міцкевіча – ствараўся па ўспамінах малодшага брата паэта, таму больш набліжаны да сапраўднага.

Самым вялікім пакоем музея з’яўляецца гасцёўня. Тутнам распавядалі пра першыя творы паэта, яго навучанне ва ўніверсітэце, першае каханне, і ўвесь аповед суправаджаўся партрэтамі, кнігамі, якія былі выдадзеныя яшчэ ў часы паэта, рукапіснымі матэрыяламі. Многія рэчы, напрыклад, гадзіннік, камінная засланка, столік і крэсла – арыгінальныя і патрапілі з Вільні, дзе пражываў паэт.

 

Перайшоўшы ў наступны пакой, мы пазнаёміліся з гісторыяй знаходжання паэта ў Расіі, даведаліся пра знаёмства Міцкевіча з Пушкіным, Жукоўскім і іншымі літаратарамі, з яго будучай жонкай Марыяй Шыманоўскай. А апошні пакой распавядаў пра знаходжанне паэта ў эміграцыі. Не выпадкова тут усё аформлена ў шэрых танах, што паказвае ўсю настальгію і смутак паэта на чужыне, бо апошнія 26 гадоў жыцця Міцкевіч жыў за мяжой, пераязджаючы з адной краіны ў другую.

Дзецям вельмі спадабалася экскурсія ў музей і цікавы аповед яго дырэктара. З сабой яны панеслі шмат ўражанняў і гісторый, з якімі дзяліліся з астатнімі выхаванцамі.

Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік
Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий