- Дашкольная адукацыя. Iдэi, Метадычка

З вопыту падрыхтоўкі музычна-фізкультурнах забаў у дзіцячым садзе.

 

Ганна АЎХІМЕНЯ,
кіраўнік фізічнага выхавання
Вялікабераставіцкага ясляў-сада
Бераставіцкага раёна

 

Жыццё дашкольнікаў у дзіцячым садзе немагчыма ўявіць без вясёлых забаў, шумных свят і спаборніцтваў. Адны развіваюць кемлівасць, другія – уяўленне і творчасць, але аб’ядноўвае іх агульнае – выхаванне ў дзіцяці патрэбы ў руху і эмацыянальным успрыняцці жыцця.

Музычна-фізкультурная забавы, якія праводзяцца ў Вялікабераставіцкім дзіцячым садку, утрымліваюць у сабе гульні, танцы, музычныя карагоды, вершы і песні, цікавыя сюрпрызныя моманты – усё гэта вельмі падабаецца дзецям.

Тэматычныя восеньскія забавы патрабуюць пэўнага афармлення і антуражу. У першую чаргу мы афармляем залу, дзе будзе праходзіць мерапрыемства. Гэта могуць быць як выразаныя з паперы, так і сабраныя дзецьмі на прагулках лісточкі, таксама малюнкі, розныя ўпрыгожванні з прыродных матэрыялаў. З дзецьмі старэйшага ўзросту абмяркоўваюцца тэмы забаў, вырабляюцца падарункі гледачам і элементы касцюмаў. Усё гэта іграе важную ролю ў падтрыманні радаснага настрою, стварэнні станоўчых эмоцый.

Распрацоўваючы сцэнарыі забаў, мы творча падыходзім да выбару тэмы і формы правядзення. Вялікую ўвагу надаем касцюмам герояў. Гэта дапамагае за некалькі хвілін настроіць дзяцей, прыцягнуць іх увагу, здзівіць. З цікавасцю яны разглядаюць яркую, прыгожую Восень і капрызную Хмарку.

Распрацоўваючы праграму музычна-фізкультурнай забавы, мы ўлічваем наступныя моманты:

  • змест праграмы ўзгадняецца з пройдзеным вучэбным матэрыялам;
  • выкарыстоўваюцца гульні і практыкаванні, розныя па змесце і рухальнай характарыстыцы;
  • правілы дазіроўкі: фізічная нагрузка паступова ўзрастае, а ў апошнім заданні зніжаецца;
  • пасля эстафет плануюцца загадкі, вершы, гульні малой рухомасці, гульні-карагоды, якія забяспечваюць змену дзейнасці, але не зніжаюць эмацыянальны пад’ём;
  • абавязковае музычнае суправаджэнне;
  • стварэнне гульнёвых сітуацый, у якіх дзіця павінна самастойна прыняць рашэнне;
  • фарміраванне станоўчых эмоцый, у тым ліку шляхам уключэння гасцей-герояў.

Фізічныя нагрузкі – лепшы спосаб фарміравання раскаванасці і прыгажосці рухаў. Умераная нагрузка павышае самаадчуванне і падымае настрой.

Значнае месца ў праграме музычна-фізкультурных забаў для старэйшых выхаванцаў займаюць гульні, эстафеты. Яны дазваляюць дзецям дакладна адчуць прысутнасць адно аднаго, вучаць лічыцца з гульнёвымі паводзінамі партнёраў і ўзаемадзейнічаць з імі. У эстафетах мы абавязкова выкарыстоўваем “цацкі”, якія дала нам сама прырода: каштаны, шышкі, арэхі, лісточкі, можа быць і розная агародніна, садавіна (гульні “Лістапад”, “Лісточкі і вецер”, “Восеньскі букет”, эстафеты “Хто больш збярэ?”, “Пасадзі і збяры бульбу”,“Зварым суп і кампот” і інш.)

 Прадумваем музычнае суправаджэнне, у якім   выкарыстоўваем запісы любімых песень з дзіцячых мультфільмаў, папулярную, народную або класічную музыку. На падобных мерапрыемствах важна звярнуцца да мастацкага слова. З выхавальнікамі адбіраем патрэбныя вершы, песні, загадкі. Частку развучваюць дзеці, частку – вядучы, а таксама  персанажы, запрошаныя на свята.

Кульмінацыяй любога свята з’яўляецца сюрпрызны момант: нечаканае з’яўленне персанажа. Вельмі радуе дзяцей і заўседы да месца кошык з “восеньскімі” пачастункамі – яблыкамі або грушамі.

У нашым дзіцячым садзе стала добрай традыцыяй здымаць восеньскія забавы на фота- і відэакамеры. Пасля свята дзеці і дарослыя з цікавасцю разглядаюць фотаздымкі і відэаматэрыялы, захоўваюць іх у сваіх сямейных альбомах.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий