- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Тыдзень роднай мовы

 

Шасцікласніца пільна глядзіць у вочы і пытае: “А вы заўсёды размаўляеце на роднай мове?” “Стараюся,” – спакойна адказваю, а ў душы радасць і невыказанае задавальненне ад таго, што дзіця беларускую мову лічыць роднай. Відавочна, сённяшнія дзеці, як і павінна быць, не падобныя на сваіх папярэднікаў, нават мінулагодніх вучняў. Таму зноў і зноў узнікае пытанне: а ты, настаўнік, паспяваеш кожны год “абнаўляцца”,  каб працаваць дастойна з наступным класам? І настаўнік зноў жыве ў пошуку. Многае напрацаванае становіцца традыцыйным, як, напрыклад, прадметныя тыдні ў школе.

 

Сёлета тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай установе праходзіў пад дэвізам: “Ды вернецца народу продкаў мова”. Такія маштабныя для школы мерапрыемствы дапамагаюць вырашаць многія адукацыйныя, развіваючыя, выхаваўчыя задачы. Сёння камп’ютар, планшэт, смартфон адабралі ў дзяцей жаданне чытаць, абмяркоўваць прачытанае, задумвацца над учынкамі літаратурных герояў. Змяняецца свет захапленяў, пачуццяў, не на карысць саміх дзяцей. Адпаведна, слоўнікавы запас вучняў зніжаецца, губляецца матывацыя да вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Як актуалізаваць пазітыўныя адносіны да роднай мовы, нацыянальнай культуры – тых асноў, спасцігаючы якія, фарміруецца асоба чалавека, здатнага любіць сваю Радзіму, народ, сям’ю? Выйсце бачыцца ў належнай арганізацыі не толькі вучэбнай, а і пазакласнай дзейнасці па прадметах.

Праграма тыдня была распрацавана ў выглядзе спаборніцтва паміж класамі, таму адразу для вучняў быў прапанаваны “Ліст уліку рэзультатыўнасці”. Пасля кожнага дня вучні маглі сачыць за вынікамі сваёй дзейнасці.

Арганізаваная да адкрыцця тыдня выстава флаераў “Беларускія паэты пра беларускую мову” стала дэманстрацыяй творчай актыўнасці вучняў, якія рабілі лістоўкі-рэкламы. Конкурс “Працуем перакладчыкамі” быў арганізаваны сярод вучняў 5–11 класаў. Заданні былі падрыхтаваны з улікам узросту дзяцей кожнай вучнёўскай групы. Словы, якія перакладалі вучні, былі ўзяты з раней вывучаных твораў. Напрыклад, сямікласнікам трэба было перакласці падборку слоў з паэмы “Курган” Янкі Купалы і з апавядання “Незагойная рана” Васіля Быкава. Найбольш складанымі для вучняў сталі словы: “пиршество, чибис, гравий”. У заданнях для кожнага класа знайшліся словы, якія найбольш зацікавілі дзяцей або не паддаліся перакладу, таму яшчэ доўга ў наступныя дні ішло абмеркаванне працы над прапанаваным заданнем. Такі від дзейнасці, як пераклад, садзейнічае развіццю чытацкага інтарэсу, паглыбленню атрыманых ведаў, раскрыццю індывідуальных схільнасцей кожнага вучня, развіццю самастойнасці, творчай актыўнасці.

 

Пяцікласнікам вельмі спадабалася інтэрактыўная гульня “Кола загадак”. Вучні прызналіся, што зрабілі для сябе шмат адкрыццяў пра расліны, не будуць больш блытаць агародніну з садавінай.

Вельмі хвалюючым і адказным, як высветліся пазней, стаў трэці дзень тыдня. Дэвіз дня –“Родная мова, матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова”. На гэты дзень была запланавана акцыя “Татальны дыктант”. Вучні былі размежаваны на ўзроставыя групы і працавалі над дыктантам “Родны кут” (паводле Б.Сачанкі). Словы тэксту нагадвалі вучням пра іх малую радзіму, тыя вёсачкі, адкуль яны кожную раніцу прыязджаюць на заняткі ў школу. Адказнасць кожнага вучня павялічылася, бо хацелася атрымаць найбольшы бал, каб клас стаў пераможцам.

Спадабаўся і запомніўся вучням чацвёрты дзень тыдня, дэвіз якога – “Гучаць у кожным слове і продкі нашы, і вякі”. Інтэлектуальная гульня “Лепшыя знаўцы беларускай літаратуры” захапіла сваім спаборніцкім падыходам да вырашэння даволі важных жыццёвых праблем, знойдзеных у вядомых, раней вывучаных мастацкіх творах.

Напрыклад, адно з заданняў. Вучні слухаюць сцэнічнае прачытанне ўрыўка: “Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі” (Ян Баршчэўскі “Вужыная карона”). Заданне: прапануй, што б ты зрабіў на месцы гэтага героя. Здаецца, усё проста. Але вось твой аднакласнік прапанаваў зусім іншае выйсце. Хваляванне, узрушанасць, нязгода, дапамога сяброў, сумненне… Шэраг пачуццяў, няхай падчас супярэчлівых, але як без пошуку ісціны.

       

Не пакінулі вучняў абыякавымі і іншыя дні тыдня, калі праводзілася віктарына “Моўныя скарбы роднага краю”, выстава-партрэт да 100-годдзя з дня нараджэння А.Макаёнка, турнір “Падарожжа па роднай мове”, акцыя “Роднай мове прысвячаю”, традыцыйныя адкрыццё і закрыццё тыдня, узнагарода пераможцаў.

Задуманае, спланаванае адбылося: кожны вучань быў задзейнічаны, кожны для сябе штосьці адкрыў, зразумеў, адчуў. Абмеркаванне некаторых заданняў яшчэ доўжыцца ў вучнёўскім асяродку. І не з адных дзіцячых вуснаў прагучала пытанне: “А ў нас яшчэ будзе тыдзень беларускай мовы і літаратуры?”

Святлана КАРЖУЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Саўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Горацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

2+

Добавить комментарий